Вышэй за пяты паверх

Уладальнікам пятага золата для Беларусі стаў фрыстайліст 29-гадовы Антон Кушнір — адзіны беларус, які дабраўся да суперфіналу. Антон выйграў у срэбнага прызёра —  амерыканца Дывіда Морыса — больш за 24 балы.



Залатое сальта Антона Кушніра. Фота Reuters via TUT.BY


Сцяганосец беларускай зборнай і чэмпіён Ванкувера-2010 Аляксей Грышын, на жаль, двойчы упаў падчас кваліфікацыі. Дзмітрый Осіпаў кваліфікаваўся ў фінал, але спыніўся за паўкроку ад прэстыжнай васьмёркі наймацнейшых. А прызёр Нагана-1998 і Турына-2006 Дзмітрый Дашчынскі заняў восьмае месца.

У апошнім скачку, які вызначаў хто з чацвёркі лепшых зойме месца на п'едэстале, Антон Кушнір бліскуча выканаў самы складаны ў фрыстайле палёт — патройнае сальта з пяццю вінтамі, і атрымаў ад суддзяў рэкордную для сусветнага фрыстайлу адзнаку ў гэтым сезоне — 134.50 баллаў.

Жонка Антона, якая прыляцела з дзіцем на спаборніцтвы падтрымаць мужа, раскажа потым у інтэрв'ю: "Ён не можа заняць месца ніжэй, таму што сын на яго глядзіць. А любому мужчыну хочацца быць для сына прыкладам. Мне чамусьці здавалася, што Антон думае менавіта так".

Будучы алімпійскі чэмпіён у дзяцінстве баяўся вышыні. Наўрад ці ён тады мог сабе ўявіць, што будзе рэгулярна круціць піруэты ў паветры на вышыні шасціпавярховага дома. Антон родам з Украіны, дзе і пачынаў займацца спортам у Роўна — тым жа горадзе, у якім вырасла яго калега па камандзе Ала Цупер, якая сенсацыйна стала алімпійскай чэмпіёнкай некалькі дзён таму. Калі Антону споўнілася 18 гадоў, ён, гэтак жа як і Ала, прыняў рашэнне змяніць грамадзянства з-за адсутнасці спартыўных перспектыў на радзіме.

Спартыўная біяграфія Антона Кушніра ў Беларусі поўная драматызму. Ён адчуў на сабе як спартсменаў тут носяць на руках пасля гучных перамог, а пасля раптам забываюць, калі яму патрэбна дапамога. У 2010 годзе Кушнір па выніках сезону выйграў Кубак свету па фрыстайле, што дазволіла яму атрымліваць салідную па беларускіх мерках прэзідэнцкую стыпендыю — тры тысячы долараў у месяц. Для параўнання — гэта менш, чым атрымлівалі ў той час большасць гульцоў у чэмпіянатах Беларусі па футболе і хакею.

Аднак, пасля атрыманай неўзабаве цяжкай траўмы і двух аперацый на калене, якія яму нават не жадала аплачваць нават страхавая кампанія, яму раптам “зрэзалі” зарплату да 8 мільёнаў рублёў. У нейкі момант і гэтыя грошы маглі паменшыць у чатыры разы, матывуючы гэта тым, што памер фінансавай дапамогі залежыць зараз толькі ад вынікаў чэмпіянатаў свету. На шасце, пасля публікацый у прэсе, у Міністэрстве спорту перадумалі гэта рабіць. Мінулым летам у сувязі з дрэнным фінансавым становішчам, калі значную частку заробленых грошай з'ядаў крэдыт на кватэру, Антон нават задумваўся аб сыходзе з прафесійнага спорту. І толькі падтрымка жонкі і трэнера дазволіла яму зноў узяцца за працу і не паўтараць больш тых памылак, якія, у прыватнасці, не дазволілі яму прабіцца ў фінал Алімпіяды чатыры гады таму.

Зараз Антон Кушнір, як і біятланістка Дар'я Домрачава, нацыянальны герой. Як, зрэшты, і трэнер Мікалай Казека, дзякуючы шматгадовай працы і энтузіязму якога, беларускія фрыстайлісты прывозяць медалі з пяці Алімпіяд запар.

Да канца 2014 яшчэ 10 месяцаў, а ў Беларусі, верагодна, ужо ёсць зразумеласть, каму па яго выніках будуць уручаны традыцыйныя ўзнагароды "Спартсмен года", "Спартсменка года" і "Трэнер года".

Пяць залатых алімпійскіх медалёў — гэта ў пяць разоў больш, чым за ўсе папярэднія зімовыя алімпіяды, разам узятыя. У такой поспех на Гульнях ня верылі нават самыя вар'яцкія аптымісты.

Каментаваць