Апакаліпсіс сёння — Віктар Пятроў у Музеі сучаснага мастацтва

Мастак андэграунда, інтуітыўна-непасрэдны экспрэсіяніст, творца, які аб’ядноўвае досведы сюррэалізму і дадаізму з фарматамі і фактурамі геаметрычнай абстракцыі, абстрактнага экспрэсіянізму.



Віктар Пятроў. Ісус Хрыстос на зімовай алеі Камсамольскага возера. 1981


Жывапісец і адначасова актыўны аўтар перформансаў, з 1998 году арганізатар і нязменны кіраўнік мінскага штогадовага Міжнароднага фестывалю перформансу “Навінкі”. Гэта ўсё пра Віктара Пятрова (нар. у 1957 г. у Мінску), чыя выстава “Зялёная сцяна старога дома 2” з 2 па 16 красавіка працуе ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47)

Беларускі андэграунд, на шчасце, з падполля даўно выйшаў: паказ твораў Пятрова за 35 гадоў мастацкай дзейнасці папярэднічае вялікай экспазіцыйнай праграме пра беларускі авангард ад пачатку ХХ стагоддзя да сучаснасці, якая разгорнецца ў залах музея і вялікага выставачнага павільёна на пр.Пераможцаў пасля 21 красавіка. Пятроў у 2012 г. ужо экспанаваў работы ў Нацыянальным мастацкім, а год перад тым прадстаўляў Беларусь разам з іншымі мастакамі на 54-й Венецыянскай біенале.

Не змянілася за гады толькі асноўная якасць яго пластычных твораў — колеравы экспрэсіянізм, нездарма гэтае вызначэнне мы  паўтарылі ва ўступе двойчы, і творчы метад: ад ідэі праз перажыванне да ўвасаблення энэргіі ў адкрытых, падкрэсленых акцэнтах чыстых фарбаў. На пытанне, чаму ён ігнаруе колеравыя пераходы і аддае перавагу лакальным плямам Віктар аднойчы адказаў:  “Калі ўзнікае вялікая канцэнтрацыя духоўных сіл — няма часу думаць пра колер. Работа, безумоўна, набывае графічныя рысы, але для выражэння ідэі гэта неабходна. Усё залежыць ад знутранага стану, таму даводзіцца звужаць палітру да двух, трох колераў”.

У зале выставы: на цэнтральнай сцяне “Самотны воін у начы” (1995) і “Бітва Якава з анёлам. Ахоўнікі сядзібы Станькава” (1991).

Сваю самастойную творчую дзейнасць па заканчэнні тэатральна-мастацкага інстытута ў 1984 годзе Пятроў, па яго словах, пачынаў у часы “духоўнага ўдушша, калі чалавек як індывідуальнасць быў у значнай ступені дыскрэдытаваны. Сваеасаблівы свет паняверкі, у якім неабходна было задумацца: у якім грамадстве мы жывем, і куды неабходнна рухацца?” Адсюль вынікалі кантэкстуальная “літаратурнасць” твораў, грунтаваная на самвыдавецкай і сучаснай замежнай літаратуры, якая  адна давала глыток свежага паветра, і фома прадстаўлення вынікаў працы, увасобленая ў рэдкія для Беларусі “кватэрныя выставы”.

З першымі павевамі перамен пачаўся выхад да незалежных артаб’яднанняў (“Форма”, 1987-1989) і на недзяржаўныя пляцоўкі, заснавальнікам адной з якіх, галерэі “6-я лінія”, мастак выступіў у 1992 годзе. І пошукі ў не тыповых для афіцыйнага мастацтва познесавецкага часу кірунках — хрысціянскіх каранёў культуры, вынікам чаго самотны Хрыстос Пятрова у працы 1981 г. выходзіў на шпацыр па зімовых прысадах ля Камсамольскага возера (1981). Яшчэ быў час захаплення дзэн-буддызмам, а потым, адным з першых у Беларусі — мастак  звярнуўся да перформансу (1988), які дагэтуль  застаецца сярод асноўных зацікаўленняў творцы побач з жывапісам. Не супярэчачы выяўленню ў апошнім, бо абодва віды мастацтва, па словах Пятрова, аб’ядноўвае “шчырасць і гранічная адкрытасць”.

Аўтар сам дае наведвальніку ключ да выставы: ”Зялёная сцяна — гэта мая назва, або метафізічная назва таго месца, дзе я жыву. Гэта тая частка зямлі, якая ўмоўна завецца цяпер Беларусь. У гэтай прасторы — плён 35-гадовай працы. І дзэн-будзісцкі “Самотны воін у начы” (1995), адчайнае аблічча адзіноты. І геаметрычныя напаўабстракцыі, дзе колер выдатна перадае адчуванне атмасферы часу і месца: “Каляровы горад” (2010 — версіі “узімку” і “ўлетку”), серыя “Формы” (1999, як бы алхімічныя элементы свету — у вадзе, пясках, нябёсах, лесе). І хрысціянскія матывы: “Бітва Якава з анёлам. Ахоўнікі сядзібы Станькава” (1991), “Пётр, Павел і Марк” (2013).

Парадаксальным чынам, перасяліўшыся ў дзяржаўныя залы, мастацтва Пятрова не страціла сваёй дамінанты: вобраза — ці адчування — адчайнага, адзінокага, дэгуманізаванага, страчанага чалавека. Тут і цяпер. У той частцы зямлі, якая завецца Беларусь. Апакаліпсіс не адсунуўся: ён зрабіўся толькі больш звычным, штозённым, да яго прыцярпеліся — і перасталі заўважаць. Таму ў пякельным апакаліпсісе Пятрова жывуць сёння ўжо нават не людзі… зайцы: “Таямнічае жыццё жывёл. Апакаліпсіс” (серыя 2014 г.) Хвароба грамадства не адступіла, яна перамагла. Пэўна, Хрыстос замёрз у пустых зімовых прысадах…

 Віктар Пятроў. “Таямнічае жыццё жывёл 2. Апакаліпсіс” (2014)

Каментаваць