Апошні дыктатар перамог

“Апошні дыктатар Еўропы перамог на Лонданскім фестывалі незалежнага кіно — галоўным форуме для малабюджэтнага і небюджэтнага кіно ў Вялікабрытаніі.

Дакументальны фільм, заснаваны на падзеях вакол прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, знялі Мэцью Чарльз і Хуан Луіс Пасарэлі і агучыла вядомая брытанская актрыса Джаана Ламлі.



“Апошні дыктатар Еўропы перамог на Лонданскім фестывалі незалежнага кіно — галоўным форуме для малабюджэтнага і небюджэтнага кіно ў Вялікабрытаніі.

Дакументальны фільм, заснаваны на падзеях вакол прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, знялі Мэцью Чарльз і Хуан Луіс Пасарэлі і агучыла вядомая брытанская актрыса Джаана Ламлі.

Фільм складаецца з некалькіх эпізодаў, разбітых саркастычнай анімацыяй Хуана Луіса Пасарэлі з найбольш адыёзнымі цытатамі беларускага прэзідэнта. Цэнтральнае месца ў стужцы займае барацьба сваякоў кандыдатаў у прэзідэнты за іх вызваленне і паляпшэнне палітычнай абстаноўкі ў краіне.

Сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава і дачка Уладзіміра Някляева Ева да падзей снежня 2010 года не мелі аніякага дачынення да палітыкі, але жорсткае падаўленне акцыі пратэсту і масавыя арышты змянілі іх жыццё. Жанчыны выступаюць у Еўрапарламенце, сустракаюцца з еўрапейскімі палітыкамі, выступаюць у прэсе, робяць усё магчымае, каб сітуацыя ў Беларусі атрымала міжнародны рэзананс. На фоне іх асабістай драмы разгортваецца кінагісторыя беларускай палітычнай трагедыі.

Падзеі 19 снежня прадстаўлены доўгімі кадрамі збіцця мітынгоўцаў на плошчы Незалежнасці, інтэрв’ю Ірыны Халіп у прамым эфіры радыё “Эхо Москвы, нападам на Някляева на Нямізе. Аўтары фільма заяўляюць пра правакацыі падчас штурму Дома ўрада, пра збіццё і арышты кандыдатаў у прэзідэнты ў ноч выбараў. Эксклюзіўнага відэаматэрыялу, зробленага ў Беларусі, няшмат, што не здзіўляе: у Беларусь Мэцью Чарльз прыязджаў пад прыкрыццём студэнта, які вывучае рускую мову, а ўсе здымкі ажыццяўляў у выключнай сакрэтнасці.

Пра палітычны пераслед, атмасферу страху ў грамадстве, працу спецслужбаў, судовае бяспраўе і катаванні ў турмах распавядаюць Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Міхалевіч, Леанід Навіцкі. Фільм не адкрывае нічога новага дасведчанаму беларусу, аднак дзякуючы яму з сітуацыяй у Беларусі пазнаёміцца замежны глядач. У аўтараў фільма вялікія надзеі на фестывальны поспех фільма, і яны ўжо пачынаюць спраўджвацца.

Мэцью Чарльз рабіў фільм на ўласныя сродкі: бюджэт стужкі склаў 16 тысяч еўра. Гэта другі фільм Мэцью Чарльза пра Беларусь, у 2010 годзе ён зрабіў фільм для ВВС “Пастаноўка рэвалюцыі пра беларускі “Свабодны тэатр.



P. S.: Праз 5 хвілін пасля пачатку паказу фільма, які ладзілі ў Мінску 30 красавіка ўвечары прадстаўнікі «Свабоднага тэатру», у памяшканне ўварваўся спецназ міліцыі. Усіх 20 гледачоў паставілі тварам да сцяны, а потым завезлі ў РУУС Савецкага раёна. Там затрыманых апыталі, сфатаграфавалі і ўзялі ў іх адбіткі пальцаў, а праз 3 гадзіны ўсіх гледачоў адпусцілі.


Андрэй Семашкевіч
 

Каментаваць