Арабская Джэйн Остын: жаночы досвед узбунтаванага Егіпта

У верасні 2010 года часопіс «The Foreign Policy» апублікаваў рэйтынг найгоршых дыктатараў свету. «Хіба бываюць найлепшыя?» — здзівіліся беларускія блогеры, але рэйтынг сумленна перадрукавалі. Чытаючы яго, я знаходзілася ў ЗША, у кампаніі 40 пісьменнікаў з розных куткоў планеты. Я супаставіла спіс нашай групы са спісам дыктатараў і выявіла, што ў атрыманым такім чынам рэйтынгу прыгнечаных творцаў знаходжуся на апошнім — чацвёртым месцы (Аляксандр Лукашэнка, нумар 22).



У верасні 2010 года часопіс «The Foreign Policy» апублікаваў рэйтынг найгоршых дыктатараў свету. «Хіба бываюць найлепшыя?» — здзівіліся беларускія блогеры, але рэйтынг сумленна перадрукавалі. Чытаючы яго, я знаходзілася ў ЗША, у кампаніі 40 пісьменнікаў з розных куткоў планеты. Я супаставіла спіс нашай групы са спісам дыктатараў і выявіла, што ў атрыманым такім чынам рэйтынгу прыгнечаных творцаў знаходжуся на апошнім — чацвёртым месцы (Аляксандр Лукашэнка, нумар 22).

На трэцім месцы размясцілася абаяльная Бэвэрлі Пэрэц-Рэга з Венесуэлы (Уга Чавес — нумар 17 у дыктатарскім спісе). У дзень нашага знаёмства, пачуўшы ад мяне змоўніцкае: «Я з Беларусі», — Бэвэрлі па-змоўніцку ж рассмяялася і прамовіла: «Аміга!» — са стомленай іроніяй, уласцівай многім тутэйшым аматарам пагаварыць пра нашага «ўсенароднаабранага». Першае месца (Махмуд Ахмадзінеджад, нумар 8), належала кінасцэнарыстцы Фарангіз Сіягпур з Ірану. Перад паездкай у ЗША 27-гадовая дзяўчына прадала машыну і іншую каштоўную маёмасць. Яна са здзіўленнем адрэагавала на маё пытанне, ці збіраецца яна вяртацца на радзіму.

А вось на другім месцы атабарылася гераіня майго артыкула — трыццацігадовая Гада Абдэлааль, пісьменніца з Егіпта. Да свайго сораму, толькі пазнаёміўшыся з ёй, я даведалася, што сёння найстаражытнейшая дзяржава Ніла — адна з сумнавядомых у свеце дыктатур, а 82-гадовы Хосні Мубарак занесены ў ганебны спіс дыктатараў пад нумарам 15.

«Фэйсбучная змагарка»


Менавіта так, з іроніяй, акрэслівае Гада свой удзел у Егіпецкай рэвалюцыі. На яе акаўнт у сацыяльнай сетцы падпісана прыкладна 5 тысяч карыстальнікаў. Магло быць болей, але сістэма не вытрымлівае. Мяне Гада падпісала «па блаце», як асабістую знаёмую яшчэ ў верасні. І цяпер, у студзені 2011-га, мая стужка навінаў рэгулярна стракаціць вяззю яе заклікаў, абвестак, меркаванняў. Я і ўявіць сабе не магла, што ўсё абернецца менавіта так, і ў дні, калі гэтай вязі не будзе з’яўляцца ў інтэрнэце, я з хваляваннем пачну глядзець прамую трансляцыю тэлеканала «Аль-Джазіра»...

Сярод усіх пісьменніц, якія пасябравалі міжсобку цягам праграмы (і жыхарак недэмакратычных краінаў, і прадстаўніц дэмакратычнага свету), Гада — самая вялікая зорка. Прычым як у нашай групе ў ЗША, так і дома, у Егіпце. У Амерыцы яна, да жаху некаторых амерыканцаў, прынцыпова насіла хіджаб, хоць законы ісламу ў яе краіне дазваляюць не рабіць гэтага («Гэта мой персанальны выбар!») і актыўна ўдзельнічала ва ўсіх публічных дыскусіях на тэму «Іслам у сучасным свеце», у кульмінацыі якіх гарэзліва выскоквала з-за стала ці трыбуны, паказваючы амерыканцам свае джынсы («Усе дзяўчыны ў Егіпце так ходзяць!»). Паездка літаратараў на галоўнае радэа штату Аява ператварылася ў прыгодніцкі фільм пад назвай «Правядзі на ранча дзяўчыну ў хіджабе». Як на тое, радэа прызначылі на балючую для народа Амерыкі дату 11 верасня, увесь тыдзень напярэдадні па галоўных каналах краіны ішлі дэбаты, паліць ці не паліць Каран, і менэджэры літаратурнай праграмы некалькі разоў настойліва параілі Гадзе не ехаць («Мы не зможам абараніць цябе»). Але гордая егіпцянка сказала, што мае права, бо для яе, замежніцы, радэа — экзотыка, і тады група пачала прыдумваць, чым іншым, апроч хусткі, закрыць яе валасы (аргенцінка: «Я знайшла табе кепку! Будзеш, як фермер!!!»).

На радзіме Гада тры дні на тыдзень працуе фармацэўтам у адной з аптэк маленькага гарадка ў дэльце Ніла (дзве гадзіны ад Каіра), а астатні час бавіць напісаннем калонак для газет ды часопісаў, раздаваннем інтэрв’ю і сустрэчамі з літагентамі, выдаўцамі і прадзюсарамі. Гада — літаратарка, якая адкрыла свой талент з дапамогай блогінга. Яна — новы феномен маладога Егіпта, кажа пра яе заходняя прэса. Прыклад таго, як інтэрнэт перавярнуў жыццё ў 80-мільённай краіне.

Што да асабістага жыцця, то Гада — тыповая маладая жанчына ў ісламскім свеце. Сем гадоў таму памерла яе маці, і цяпер яна — гаспадыня дома, даглядае бацьку і брата. Не замужам.

«Хачу замуж!»

У выпадку Гады такое шчырае жаданне ўсіх нас незамужніх — не проста крык душы, а творчая канцэпцыя і амаль палітычны лозунг. Такую назву мае яе раман, які выйшаў друкам у 2008 годзе. Раман быў складзены з запісаў яе блогу, які на дадзены момант чытае паўмільёна карыстальнікаў арабскага сегменту інтэрнэта. Каб дабіць нас усіх танцам жывата, Гада таксама стала сцэнарысткай тэлесерыяла паводле свайго рамана. У 2010 годзе серыял «Хачу замуж!» ішоў штодня цягам месяца Рамадан (рамаданны серыял — адмысловы жанр на арабскіх тэлеканалах) і займаў першыя радкі ў тэлерэйтынгах.

З дапамогай сеціва нязгодныя з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у Егіпце, Тунісе, Йемене і ў іншых ісламскіх краінах аднадумцы атрымалі магчымасць кансалідавацца, супольна заявіць пра свае праблемы і пачаць патрабаваць іх вырашэння. Што і дазволіла аналітыкам назваць палітычныя хваляванні ў арабскім свеце «Фэйсбук-рэвалюцыяй». Адну такую праблему, на першы погляд, зусім далёкую ад палітыкі, у 2005 годзе ўзняла і Гада Абдэлааль.

Любімая справа егіпецкіх дзяўчат — змяшэнне стыляў.
Гада Абдэлааль у Чайна-таўне Сан-Францыска

 


«Кажыце свае бісмілахі»

Так яна пачала свой першы запіс у інтэрнэт-дзённіку. У перакладзе з егіпецкага на беларускі моладзевы слэнг гэта магло б гучаць як: «Давайце сюды рышпекты». Ці, хутчэй, «З Богам, народ!» Бласлаўленнем «бісмілах» («У імя Алаха») мусульмане пачынаюць важную для іх справу. Схаваўшыся пад англамоўным нікам Bride (Нявеста), Гада ўзялася ў сатырычнай форме апісваць пыхлівых неадукаваных жаніхоў, якіх прыводзілі ў яе дом свахі. «Ты апісала ўсіх дзесяць?» — сказала я, прачытаўшы англійскі пераклад кнігі. «Ха! Дзесяць! Іх было сто дзесяць! Гэта толькі самыя каларытныя выпадкі! Ты не ўяўляеш, які там сабраўся паноптыкум».

Але аб’ект сатыры ў кнізе Гады — не егіпецкія няздары мужчынскага полу, а тыя традыцыі, якія робяць дзяўчыну пасіўнай удзельніцай шлюбу. У кансерватыўных мусульманскіх асяроддзях асноўная місія жанчыны — выйсці замуж і нарадзіць дзяцей. Але незамужняя дзяўчына не можа займацца актыўным пошукам будучага мужа — гэта непрыстойна. Рытуал шлюбавання пачынаецца з таго, што сваты з жаніхом прыходзяць у гасцёўню сям’і патэнцыйнай нявесты і абсядаюць такія характэрныя ўсходнія канапы, якія можна сустрэць і ў Беларусі. Прыкладна гадзіну абедзве сям’і робяць выгляд, што проста міла гутараць. За гэты час маладыя людзі павінны прыняць рашэнне, ці ствараць ім сям’ю.

Добра, што ў Егіпце дзяўчына мае законнае права не толькі насіць джынсы, але і насуперак волі бацькоў адмовіць жаніху, калі той не спадабаўся. «Вы нават на пікнік разам не пойдзеце з чалавекам, якога бачыце ўпершыню ў жыцці. Што ўжо казаць пра замуж?» — абураецца Гада. Усіх сваіх кавалераў яна з бацькоўскай гасцёўні выгнала. Тое самае, на радасць чытачам, прарабіла яе лірычная гераіня ў інтэрнэце.

Блог атрымаў шалёную папулярнасць і падтрымку жанчын усяго арабскага свету: «Нявеста, ты пішаш праўду. У мяне — тое самае!» — такіх водгукаў у Гады тысячы. Каментуюць яе і мужчыны, якія кажуць, што падтрымліваюць сваіх сясцёр у іх нежаданні звязваць лёс з выпадковымі людзьмі.

«У Егіпце больш жанчын, чым мужчын»

Так піша Гада пра гендэрны крызіс у краіне. «Гэта бясспрэчны факт, — працягвае яна, — няхай хлуслівая дзяржаўная статыстыка сцвярджае, што нас пароўну. (...) Чаму? Я раскажу вам. Праблема ў тым, што жанчыны нараджаюць дзяцей, пакуль не з’явіцца хлопчык. Вы самі ведаеце багата сем’яў, дзе чатыры сястрычкі і брацік, пяць сястрычак і брацік, шэсць сястрычак і брацік... Жанчына цяжарыць да часу, пакуль яе муж-подзеўбень не займее сына! Што такога карыснага ў сыне? Няясна. (...) Любы, хто вучыўся ў егіпецкім універсітэце, заўважаў: дзяўчат сярод студэнтаў болей. У маім універы на аднаго хлопца прыходзілася дзве дзяўчыны».

У выніку, піша Гада, хлопцы зазнаюцца і паводзяць сябе як шэйхі. Яны лёгка атрымліваюць спадчыну і прамотваюць яе (але ж, паводле традыцыі, мусілі б утрымліваць незамужніх сясцёр), а да выбару нявесты падыходзяць з завышанымі патрабаваннямі. Безліч маладых егіпцянак сёння застаецца «старымі дзевамі». Што ёсць ганьбай. «Чатырохгадовых хлопчыкаў пытаюцца, кім яны хочуць стаць, калі вырастуць. Дзяўчат таго ж веку пытаюцца, якога б яны хацелі мужа. І калі яны вырастаюць і па розных прычынах не могуць гэтага мужа займець — ім што, спаліць сябе?»

Энергія і сарказм стылю Гады абразілі некаторых мужчын-чытачоў яе блогу: «Гэта непрыстойна. Мусульманка не мае права нават заікацца пра такія рэчы!» Калі ў пісьменніцы пытаюцца, ці не няўдачлівыя жаніхі пісалі гэтыя каментары ў інтэрнэце, яна смяецца: «Ды я б выйшла замуж за любога з іх, хто ведае слова «інтэрнэт»!»

Уся гэта дзявочая валтузня спараджае адно пытанне:

«Пры чым тут Хосні Мубарак?»


Шлюб у Егіпце — эканамічнае прадпрыемства. Жаніх не мае права сесці на канапу будучай цешчы да часу, пакуль не зможа прапанаваць абранніцы «махр» — багата абсталяваную кватэру, і «шабку» — дарагія ювелірныя ўпрыгожанні. У краіне, дзе 90% працаздольных мужчын — беспрацоўныя, закаханыя пары часта не маюць магчымасці ажаніцца. Менавіта таму пры дазволеным шматжонстве рэдкі мусульманін можа мець больш за адну сужэнку — кватэру трэба купляць кожнай! (Некаторыя цынікі менавіта гэтым тлумачаць феномен «рускіх Наташаў», якія выходзяць замуж у Егіпет: славянскія дзяўчаты папросту не ў курсе, што ім належыць «махр» і «шабка»). У гэтыя студзеньскія дні на плошчы Тахрыр не толькі бурчаць галодныя страўнікі, але і граюць гармоны. Але мая сяброўка Гада вельмі расстроеная тым, што адбываецца. Яна заклікае мітынгоўцаў: «Спыніцеся!» Пратэсты не павінныя працягвацца, бо пад пагрозай жыццё рэвалюцыянераў і дабрабыт іх сем’яў.



Колы, адпаведныя нашым Саюзам пісьменнікаў, не палічылі твор Гады за літаратуру. Яна піша егіпецкім дыялектам арабскай мовы, у той час, як літаратар павінен карыстацца чыстай, без дамешкаў мовай Карану. «І ўвогуле, у мяне не сівыя валасы і я — жанчына! Гэта непарадак!» — кпіць Гада з пажылых крытыкаў. Але яе папулярнасць ніяк не залежыць ад меркавання аксакалаў. Кніга «Хачу замуж!» вытрымала 11 перавыданняў, была перакладзеная на некалькі еўрапейскіх моваў. У Еўропе і ЗША яна ўспрымаецца не як масавае чытво, а як маніфест памяркоўнага ісламскага фемінізму. Голас жанчыны, якая хоча вырашаць свой лёс сама. На Захадзе Гаду Абдэлааль параўноўваюць з Джэйн Остын, а яе кнігу — з «Дзённікам Брыджыт Джонс» Хелен Філдынг. Хоць сама дзяўчына ніколі не чытала гэтых англійскіх пісьменніц. Што ж, здаецца, я маю для Гады падарунак на вяселле, якое абавязкова адбудзецца!..
 

Каментаваць