Аргкамітэт Прэміі імя Ежы Гедройца абвяшчае поўны спіс намінантаў

31 траўня закончыўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца 2018. Прэтэндаваць на перамогу могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года.
Цяпер на галоўны прыз прэтэндуюць 32 кнігі, напісаныя 32 аўтарамі. Агулам сябрам журы трэба прачытаць 7388 старонак.

13 аўтараў удзельнічаюць у Прэміі імя Ежы Гедройца ўпершыню. Але гэта не толькі дэбютанты. Так, напрыклад, упершыню намінавана кніга Уладзіміра Арлова, які доўгі час быў сябрам журы Прэміі.

Найчасцей у Прэміі ўдзельнічалі: Альгерд Бахарэвіч (3 разы з 6 кнігамі), Адам Глобус (4 разы з 5 кнігамі), Аляксандр І. Бацкель і Алесь Аркуш (3 разы з 3 кнігамі).

З 19 аўтараў, якія раней ужо ўдзельнічалі ў прэміі, 8 адзначаліся сябрамі журы, г.зн. уваходзілі ў лонг- і шорт-лісты. Прызёрамі прэміі раней станавіліся (займалі другія і трэція месцы) Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус і Вінцэсь Мудроў.

Сёлета свае кнігі прадстаўляюць 12 выдавецтваў: 9 з Беларусі, 2 з Украіны, 1 з Польшчы. Больш за ўсіх кніг падало выдавецтва «Кнігазбор» — 9 кніг, следам па 5 кніг падалі выдавецтвы “Галіяфы”, “Логвінаў” і “Янушкевіч” — 4.

За ўсю гісторыю толькі выдавецтва «Логвінаў» атрымлівала Прэмію імя Ежы Гедройца двойчы. Выдавецтвы «Паперус», «Кнігазбор», «Крок» (Тэрнопаль, Украіна), «Радыё Свабода» — па адным разе.

Поўны спіс намінантаў:
  • Мікола Адам. Мястэчка. Мультымедыйнае выдавецтва Стрэльбіцкага, Кіеў.
  • Алесь Аркуш. Сядзіба. Полацкая Ляда, Полацк.
  • Уладзімір Арлоў. Танцы над горадам. Логвінаў, Мінск.
  • Анатоль Астапенка. Між светам тым і гэтым. Логвінаў, Мінск.
  • Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Логвінаў, Мінск.
  • Аляксандр І. Бацкель. Квадратурынавы маёнтак. Логвінаў, Мінск.
  • Міхась Булавацкі. Беларус у Беларусі. Смаленск, Мінск
  • Вольга Гапеева. (В)ядомыя гісторыі. Логвінаў, Мінск.
  • Валер Гапееў. Мая мілая ведзьма. Мастацкая літаратура, Мінск.
  • Адам Глобус. Сям'я. Мастацкая літаратура, Мінск.
  • Аліна Длатоўская. Ген зямлі. Кнігазбор, Мінск
  • Зміцер Дзядзенка. Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.
  • Леанід Дранько-Майсюк. Натуральны, як лінія небасхілу. Кнігазбор, Мінск
  • Валянцін Дубатоўка. Чужы. Кнігазбор, Мінск
  • Зінаіда Дудзюк. Пара высокага сонца. Альтэрнатыва, Брэст.
  • Міхась Зізюк. Планктон. Галіяфы, Мінск
  • Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. Кнігазбор, Мінск
  • Ганна Кандрацюк. Па Прыпяці па Нобель. Праграмная Рада Тыднёвіка Ніва, Беласток
  • Віктар Карамазаў. Пад крыжам. Кнігазбор, Мінск
  • Інэса Кур'ян. Бэзавы бамжак. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.
  • Зміцер Кустоўскі. Прытулак. Галіяфы, Мінск
  • Максім Кутузаў. Князь-ваўкалак. Галіяфы, Мінск
  • Ніна Лістота. Каханні. Кнігазбор, Мінск
  • Вікенцій Мароз. Перажытае-незабытае. Галіяфы, Мінск
  • Вінцэсь Мудроў. Забойца анёла. Кнігазбор, Мінск
  • Ганна Севярынец. Дзень Святога Патрыка. Рэгістр. Мінск.
  • Павел Севярынец. Беларусалім. ФОП Серадняк Т.К., Днепр. Украіна.
  • Франц Сіўко. Штрыхкоды. Галіяфы, Мінск
  • Аляксандр Тамковіч. Мазаіка жыцця. Медысонт, Мінск.
  • Анка Упала. На заснежаны востраў. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.
  • Ксенія Шталенкова. Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Выдавецтва Кнігазбор, Мінск.
  • Людміла Шчэрба. Урбан. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Валянцін Акудовіч — філосаф, эсэіст, тэарэтык літаратуры; Ала Брадзіхіна — крытык, даследчык літаратуры, выкладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны; Ганна Бутырчык — лiтаратуразнаўца, загадчык кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Пятро Васючэнка — літаратуразнаўца, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі; Сяргей Кавалёў — драматург і літаратуразнаўца, дырэктар Інстытута славянскай філалогіі Люблінскага універсітэта; Марына Казлоўская — літаратуразнаўца, перакладчыца; Ціхан Чарнякевіч — літаратуразнаўца, крытык, перакладчык, архівіст, эсэіст.

Узнагароджанне пераможцы Прэміі Гедройца 2018 папярэдне плануецца ў верасні.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 г. за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. У папярэднія гады прэмію атрымлівалі: Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Віктар Казько, Макс Шчур, Зміцер Бартосік.

Прэмія названа ў гонар ураджэнца Мінска, публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай. Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. 

Паводле pen-centre.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць