«Арт-гасцёўня Высокае места»: новая галерэя ў цэнтры Мінска

Да Музея гісторыі горада Мінска 9 снежня дадалася новая выставачная пляцоўка «Арт-гасцёўня Высокае места». Паэтычную назву размешчанаму ў дзьвух узроўнях комплексу ўтульных невялікіх выставачных залаў на вуліцы Герцэна 2а, побач з Чэскай амбасадай, прапанаваў старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца: недарма мастак сам піша цікавыя вершы.



Цяпер Музей гісторыі Мінска складаецца з Ратушы, Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва (якая ў верасні пераехала з праспекта Ракасоўскага у цэнтр горада на Рэвалюцыйную, 10), Музея-майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско, Флігеля Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса і Экспазіцыі «Карэтная». Цэлы комплекс цікавых музейных устаноў.

Дэбютам «Арт гасцёўні» 9 снежня стала адкрыццё выставы «Гармонія кантрастаў» мастакоў творчага аб’яднання «Артэль» мужа і жонкі Рыгора і Наталлі Івановых. «Самая цёплая назва новай выставачнай установы падказвае: сёння мы прымаем «у гасцях» нашых сяброў, а заўтра самі прыйдзем на запрашэнне іншых мастакоў», — заўважыў Рыгор Іваноў.

І сапраўды, на вернісажы былі заўважаны і знакаміты беларускі «парыжанін» Раман Заслонаў, чыя выстава зараз дэманструецца ў Мастацкім музеі, і галоўны прадстаўнік дынастыі Аракчэевых, ілюстратар дзіцячых часопісаў і выдатны партрэтыст Аксана Аракчэева, і вядучы калекцыянер сучаснага мастацтва Андрэй Плясанаў, і не менш знакаміты мастак-фатограф (ды яшчэ паэт) Георгі Ліхтаровіч. Адным словам, адкрыццё зрабілася ажыятажным і прадстаўнічым, што можна патлумачыць, магчыма, асаблівасцю стылістыкі жывапісу Івановых. Працы Наталлі — з налётам прафесійнага «прымітывізму», казачнай вобразнасці, Рыгора — з выразным насычаным знутраным свячэннем фарбаў, аб’ядноўвае няўлоўнае адчуванне дабрыні, загадкавай прыхаванай усмешкі. Гэта вабіць публіку, стомленую сучасным дэгуманізаваным ладам жыцця, у выставачныя залы з напоўненымі цеплынёй творамі.

Андрэй Плясанаў і Георгі Ліхтаровіч

Нашыя чытачы змогуць пераканацца ў гэтым — ці не пагадзіцца з намі — наведаўшы выставу, якая будзе працаваць да 10 студзеня наступнага года.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Vitek
  • 2015-12-10 22:53:07
Во, пазнаю брата Андруху!
  • Kit
  • 2015-12-12 11:08:12
А яшчэ Андрэй Плясанаў вядомы ў Беларусі рок-музыкант, аўтар дзесяткаў выдатных песень, выдаў некалькі цудоўных альбомаў. Вяртайся Андрэй на сцэну ў якасці аўтара-выканаўцы!
  • Maffia
  • 2015-12-13 01:19:12
Мафія не дазваляе таленавітым займаць месцы, падрыхтаваныя для шэрасьці. "P.L.A.N." быў занадта таленавітым гуртом, дык і зьявіліся палымяныя змагары з талентам.

Каментаваць