«Арт-крок»: ад класікі да навацый

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася штогадовая выстава «Арт-крок». Практычна ўсе карціны, а іх каля 160, гледачы пабачаць упершыню.

Экспазіцыю ладзяць сумесна бібліятэка і Міжнародная гільдыя жывапісцаў. «Выстава заўсёды выяўляе тое новае, што робіцца за год беларускімі мастакамі», — зазначыў куратар праекта, старшыня гільдыі Фёдар Ястраб. І ўяўляе, на яго думку, пэўны зрэз таго, што адбываецца ў жывапіснай майстэрні Беларусі.

У выставе, якая пачалася 23 лістапада, удзельнічаюць каля 70 мастакоў. Па жанры карціны самыя разнастайныя — ад класічнага краявіду да абсалютна наватарскіх прац. Традыцыйны жывапіс прадстаўлены, напрыклад, вядомымі мастакамі Георгіем Паплаўскім, Анатолем Бараноўскім, Васілём Сумаравым. А маладыя аўтары дэманструюць пераважна эксперыментальны пошук.

«Гэта фармальныя кампазіцыі, — адзначыў карціны апошніх Фёдар Ястраб. — Пошук колеру, пошук выяўленчых элементаў, якія б уздзейнічалі незалежна ад таго, што там напісана. Важна выявіць саму пластычную мову карціны, каб яна гаманіла з намі так, як скрыпка. І гэта вельмі добра. Таму што мы хочам паказаць усю жывапісную палітру Беларусі. І мне падаецца, што гэта нам удаецца. А ў гэтым годзе асабліва».

Творы мастакоў экспануюцца адразу ў трох галерэях бібліятэкі — «Лабірынт», «Атрыум» і «Ракурс». «Практычна ўсе яны паказваюцца ўпершыню. Можа быць, адзінкі, якія дзесьці яшчэ выстаўляліся. Звычайна для гэтай выставы мы робім новыя творы», — паведаміў мастак.

«Арт-крок», паводле яго словаў, стаў брэндавай выставай Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. І з’яўляецца своеасаблівым аглядам працы мастакоў за гадавы перыяд. «Тут мы можам выявіць увесь спектр беларускага мастацтва, яго зрухі і навацыі. І адсочваць пэўныя тэндэнцыі ў жывапісным мастацтве», — падкрэсліў Фёдар Ястраб.

Выстава будзе праходзіць да 15 студзеня 2011 года.

Каментаваць