Асцярожна, магчымае «Арэхападзенне»

Маладая паэтка Віялета Пачкоўская прадставіла ў кнігарні «логвінаЎ» свой дэбютны зборнік. Прэзентацыя кніжкі «Арэхападзенне», у якой гаворыцца, што «шчасце — гэта як два пальцы», сабрала сяброў Віялеты і кампактна ўклалася ў палову гадзіны.



Прэзентацыя Архэпадзення.Фота Зарыны Кандрацьевай


Віялета Пачкоўская, выпускніца філфака, якая піша з 17 гадоў, і перакладчыца сучаснай польскай паэзіі, некалькі разоў рабілася фіналісткай конкурсаў, арганізаваных Беларускім ПЭН-Цэнтрам. Кніга выйшла ў серыі «Пункт адліку» Саюза беларускіх пісьменнікаў, дзе збольшага выдаюцца аўтары, якія вядомыя даўно, але дагэтуль не мелі кнігі.

У маладых літаратараў не прынята казаць працяглых салодкіх прамоваў, таму пра саму кнігу амаль ніхто не выказваўся. Перакладчыца і паэтка Юлія Цімафеева назвала паэзію Пачкоўскай ціхай, «быццам перашэпт каханых перад сном».

Вершы сапраўды нагадваюць хуткаплынныя, а часам парадаксальныя думкі ўслых. Пра іх настрой гаворыць хаця б назва зборніка, у якой фатальнае біблейскае «грэхападзенне», быццам недачутае і перакручанае на жартаўлівы лад, рассыпаецца нечаканым градам арэхаў. Паэзія Віялеты — не перайманне дзіцячага, інфантыльнага мыслення, хутчэй яна глядзіць на дарослае і важнае з адлегласці, якая дазваляе ўспрымаць усё троху не па-сапраўднаму, дзіўна і з дзіцячым бясстрашшам, нібыта не верачы ў сваё сталенне. Вершы Пачкоўскай — як сцвярджэнне таго, што дарослых не бывае, а тое, што «ўсе называюць мяне поўным іменем, а некаторыя нават выкаюць», усё яшчэ здзіўляе.

Інтымная лірыка ў Віялеты таксама незвычайная. Нават на чалавека, з якім жыве поруч, яна спрабуе зірнуць з пазіцыі сябе-дзяўчынкі і рассмяяцца, што яго «вусны, як слімак на старой слівіне», а «валасы, як халодныя макароніны».

Муж Віялеты, пісьменнік Андрэй Пакроўскі, прызнаўся, што гэты верш, прысвечаны яму, штораз прабівае яго на слязу. «Хацеў бы і я напісаць такі верш», — сказаў ён. «Які б прабіваў мяне на слязу?» удакладніла Віялета. «Які б прабіваў на слязу хоць каго-небудзь», — пажартаваў Пакроўскі.

Празаік Павел Анціпаў выступіў на прэзентацыі як сябар сям’і, што часам замяняе Дзеда Мароза, у якога ўсё адно больш ніхто не верыць, для маленькага сына літаратурнай пары. На просьбу Віялеты ён прачытаў старое і прадказальнае апавяданне пра бабулю з прозвішчам Каліласка.

Сяброўка Пачкоўскай Юлія Арцёмава, калісьці віртуальна вядомая пад нікам oskoltsev, прачытала некалькі сваіх вершаў з часоў, калі «Жывы часопіс» яшчэ быў жывым.

Паэт Уладзь Лянкевіч, як высветлілася, ведае Пачкоўскую са школьных гадоў. А паколькі ягоная жонка Алена Пятровіч з’яўлялася рэдактаркай кнігі, то ён быў сярод першых чытачоў. «Файна, што ў цябе ёсць кніжка, а ў мяне няма. Калі бачыш, што ўсе, з кім ты тусаваўся ажно дзесяць гадоў таму, ужо з кніжкамі, а ты адзін — без, хочацца падцягнуцца да старшакласнікаў», — сказаў Уладзь нешта не зусім тое, што звычайна кажуць на прэзентацыях. Ён прачытаў верш пра неабходнасць насыпаць горы. І выканаў эцюд пад электрычную гітару.

На развітанне паэтка не стала даваць духоўных наказаў і ўсміхнулася: «Напэўна, я не стаўлюся да сваёй творчасці сур’ёзна, гэта больш гульня з сабой». Пажадала заставацца дзецьмі, верыць у цуды і нічога не баяцца.

budzma.org

Каментаваць