Аўтары «Лепшага альбома 2017» уз’яднаюцца на адзін канцэрт

7 чэрвеня ў клубе «Бруге» адбудзецца вялікі сольны канцэрт гурта Tonqixod — прыз за перамогу ў намінацыях «Лепшы альбом года» і «Лепшы беларускамоўны альбом» на ўзнагародах Experty.by.

У чэрвені 2017 музыкі арт-рокавага трыа Уладзіміра Лянкевіча (вакал, гітара, тэксты), Максіма Субача (вакал, клавішныя) і Андрэя Аляксеенкі (бубны) выдалі свой другі альбом «Колер, якога няма». Яго вельмі добра сустрэлі прыхільнікі і крытыкі, але ўжо ў кастрычніку 2017 гурт нечакана абвясціў пра прыпыненне дзейнасці. З таго часу на старонках калектыва ў сацсетках вісеў статус: «У стане паўраспаду».


У красавіку 2018 іх альбом стаў галоўным пераможцам узнагарод Experty.by па галасах беларускіх і замежных музычных журналістаў, а разам з дыпломамі атрымаў і практычныя прызы: рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад Finlandia (за «Лепшы альбом года») і фонда «Вяртанне» (за «Лепшы беларускамоўны альбом»). І гэта прывяло да ўз’яднання — як мінімум на адзін канцэрт.


— Дзякуй усім музычным журналістам, якія за нас галасавалі, — кажуць музыкі Tonqixod. — У беларускіх шыротах не сабрацца, калі табе падносяць усё на сподачку — грэх. Апытанне на старонках гурта ў сацсетках гэта пацвердзіла. Таму канцэрту быць. Мы ставім шах і мат у гэтай партыі, а ці будуць наступныя — пабачым.




Чытайце таксама: 
Абвешчаны імёны ўладальнікаў узнагарод ад Experty.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць