:B:N: «Крок за крокам» да сваіх слухачоў

Цяпер у Беларусі запісаць і выдаць поўнафарматны альбом, зрабіць яму рэкламу і годна прэзентаваць стала вялікай праблемай. Тут адбіваецца і недахоп фінансаў, і цень «чорных спісаў», і малая колькасць выдаючых лэйблаў. Таму, пры вялікай колькасці разнастайных выканаўцаў і гуртоў, лічба выдадзеных аўтарскіх дыскаў не адпавядае агульным творчым магчымасцям прадстаўнікоў айчыннай рок-сцэны і выканаўцаў іншых музычных напрамкаў.
 



Граюць Алесь Лютыч і Алесь Зайцаў


З-за гэтых праблем музыканты імкнуцца адразу стрэліць «на ўсе сто» — сабраць на свой чарговы дыск самае лепшае як у кампазіцыйным плане, так і з пункту гледжання тэкстаў, якасці гучання калектыву. Пакуль адбываецца «натуральны адбор» the best-твораў, выбар аптымальнага варыянта запісу, праходзіць даволі шмат часу, і ёсць вялікая верагоднасць, што слухачы могуць адвыкнуць ад песень і музычных інавацый таго ці іншага выканаўцы. Але гэта не пра гурт «:B:N:» і іх новы альбом «Крок за крокам», на рэалізацыю якога музыканты аддалі каля шасці гадоў свайго творчага жыцця. Што ж за гэты час адбылося з камандай з Бярозы: ці памятаюць слухачы сваіх куміраў, ці да спадобы ім новыя хіты, новыя стылістычныя пошукі выканаўцаў? На гэтыя пытанні належала даць адказ гурту «:B:N:» менавіта на прэзентацыі дыска «Крок за крокам», якая не так даўно адбылася ў клубе «RE: PUBLIC».

Пра тое, як будзе разгортвацца канцэртная праграма той ці іншай рок-каманды, можна здагадацца па складу публікі, якая ідзе на іх канцэрт. Што тычыцца «:B:N:», то іх фан-база — нацыянальна арыентаваная моладзь, якая верыць у ідэалы вольнасці, дэмакратыі і незалежнасці краіны. Да таго ж, гэтыя хлопцы і дзяўчаты добра разбіраюцца ў найноўшых тэндэнцыях у рок-музыцы і, у прыватнасці, беларускага рок-руху. Дадайце і тое, што слухачы на памяць ведаюць словы і мелодыі песень сваіх куміраў — і вы будзеце мець партрэт сучаснага прыхільніка беларускай рок-музыкі. Хоць трэба адзначыць, што на такія канцэрты з розных выпадкаў і прычын рэкрутуюцца і рок-неафіты. Яны пакуль мала ўяўляюць стан і тэндэнцыі ў айчынным андэграўндным асяроддзі, але выказваюць да яго цікаўнасць. І такія канцэрты даюць ім падставу зрабіць свой выбар: ці то заставацца па-ранейшаму на ўзбочыне агульнабеларускага рок-руху, ці стаць яго сапраўдным прыхільнікам.

І вось вядучы канцэрта Аляксандр Памідораў, пад традыцыйны лозунг «бээанаўскай» тарсіды «Жыве рок-н-рол!», якія стаў яе дэвізам, абвяшчае, што на сцэну клуба запрашаюцца госці з Бярозы — гурт «:B:N:» з іх новым альбомам «Крок за крокам». Зыходзячы са складу публікі, якая ў гэты дзень зайшла ў клуб «RE: PUBLIC», музыканты і абралі плэй-ліст канцэрта: акцэнт быў зроблены на старыя, правераныя хіты «:B:N:», якія выконваліся разам з новым песнямі альбома «Крок за крокам». Пачатак канцэртнай праграме паклалі такія песні, як «Гарады», «Усё ад лені», «Спіралі», «Толькі я», а потым сэт быў працягнуты навінкамі — кампазіцыямі «Мой шалёны дзень», «Мы ідзем разам», якія паказалі слухачам напрамак далейшага развіцця калектыву. У многім ён застаўся нязменным: тут і рок-н-рольная хітовасць мелодый, гітарны драйв і рытм, эмацыянальная насычанасць і празрыстая зразумеласць тэкстаў. Хоць у музычных навінках гурта адчувалася схільнасць да большай рознабаковасці ў аранжыроўках і стылістычных пошуках музыкантаў. У гэтым сэнсе можна адзначыць наступныя кампазіцыі новага альбома, якія гучалі на прэзентацыі: «Зрабі сябе сам», «Крок за крокам», філасофскі «Сэнс» і шмат іншых твораў.



Падчас выканання гэтых песень адразу стала відавочна, што з прыходам у гурт новага барабаншчыка Змітра Харатановіча рытм-секцыя (разам з басістам А. Зайцавым) гурта «:B:N:» стала больш акцэнтаванай, што вельмі станоўча для гурта, які робіць стаўку на новае прачытанне рок-н-рольных канонаў. Дарэчы, Зміцер выступіў і як перкусіяніст, калі разам з лідарам «:B:N:» Алесем Лютычам выканаў у акустычным варыянце песню з першага альбому «Не трывай».

Не было нечаканасцю і тое, што гэты хіт, як і шмат старых і новых кампазіцый, слухачы выконвалі разам з музыкантамі, нават з новага прэзентаванага альбома! Дарэчы, трэба адзначыць іх не толькі вакальную актыўнасць, але ў нейкім сэнсе і згуртаванасць. Маю на ўвазе перформанс, які зладзілі слухачы, калі па зместу песні запатрабавалася сесці на клубную падлогу. Усе як па камандзе ўкленчылі ці прыселі, але спяваць не перасталі. Дзіўнае, але радаснае відовішча! Гэтак жа і пасля, калі А. Памідораў абвясціў аматарскі конкурс на званне беларускай «rock-star». Проста трэба было выйсці на сцэну і ў мікрафон заспяваць песню «:B:N:», якая падабаецца ўдзельніку конкурсу. Слухачы шчыра дапамагалі канкурсантам, а перамагла дзяўчына, якую звалі Надзея. Прызам за яе смеласць і веданне творчасці бярозаўцаў стаў дыск з альбомам «Крок за крокам», а таксама агульнае са слухачамі і Алесем Лютычам акапэльнае выкананне хіта «:B:N:» «Моднікі».



На клубную сцэну выходзіла яшчэ адна дзяўчына — спявачка Кацярына Муратава (сярод музыкантаў вядомая як Радыстка Кэт), добра знаёмая слухачам па відэакліпу «Дажджамі» і мінулым канцэртам гурта. І гэтым разам яна вельмі прафесійна дапамагла сябрам выканаць гэтую лірычную кампазіцыю, а таксама праспявала вакальныя партыі ў песні «Нас няма» з новага альбома «:B:N:».

Частка творчасці гурта — гэта апрацоўкі беларускага фальклору ў «цяжкім» гучанні, да якога музыканты ставяцца вельмі паважліва. Але са сваім разуменнем і падыходам да аранжыровак твора. Гэтым разам бярозаўскія музыканты прадставілі на суд прыхільнікаў сваю версію беларускай народнай песні «Ружа» ў апрацоўцы У. Мулявіна. Дарэчы, гэты кавер з новага альбома быў прысвечаны памяці легендарнага кіраўніка «Песняроў». У «:B:N:» гэтая кампазіцыя атрымалася не менш лірычнай, чым у арыгінале ў Мулявіна, але з іншымі рытмічнымі акцэнтамі. Што яе зусім не сапсавала, а зрабіла больш блізкай сучаснаму слухачу. Як гэта здарылася і з кампазіцыяй паводле беларускага фальклору «Канюшня», якой завяршылі сваю ўдарную прэзентацыю музыканты гурта «:B:N:».


 

Каментаваць