«:B:N:» прэзентавалі ў Мінску новы сінгл, а «IQ48» выступіць не здолелі

19 сакавіка вядомы бярозаўскі гурт даў свой першы ў гэтым годзе вялікі канцэрт у Мінску. Выступ прайшоў у клубе «RE:PUBLIC» і стаўся не проста чарговым вялікім канцэртам «:B:N:» у Мінску, але і прэзентацыяй новага сінглу. У гэты раз хлапцоў разаграваў малады рэп-гурт «PANaNieba», які сам не так даўно ладзіў тут вялікі канцэрт.



19 сакавіка вядомы бярозаўскі гурт даў свой першы ў гэтым годзе вялікі канцэрт у Мінску. Выступ прайшоў у клубе «RE:PUBLIC» і стаўся не проста чарговым вялікім канцэртам «:B:N:» у Мінску, але і прэзентацыяй новага сінглу. У гэты раз хлапцоў разаграваў малады рэп-гурт «PANaNieba», які сам не так даўно ладзіў тут вялікі канцэрт.

Але не абышлося і без расчараванняў. Літаральна за дзень да мерапрыемства стала вядома, што адзін з галоўных удзельнікаў, — гурт «IQ48», — не будзе прымаць удзелу ў канцэрце:

“Дарагія нашы сябры, не па нашай віне гурт «IQ48» сёння не выступіць, — паведамлялася ў заяве гурта, апублікаванай у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

Арганізатары паабяцалі вярнуць грошы за квіткі тым, хто збіраўся ісці на канцэрт менавіта дзеля «IQ48», а тым, хто ўсё ж наведае мерапрыемства — даць зніжку на будучы сольны канцэрт гурта. Праўда, не зусім зразумела, як гэта будзе рэалізавана — квіткі на ўваходзе ў наведнікаў забіралі, таму і доказаў наведвання гэтага канцэрту ў фанатаў не засталося.

Канкрэтныя прычыны такога дэмаршу старанна хаваліся. Арганізатары спасылаліся на тэхнічныя прычыны, а фанаты абураліся. Пакорпаўшыся ў Інтэрнэце, мне ўдалося знайсці адну з версій адмены выступлення «здаровых ласей»:

— Бузоўскі з Лютычам пасварыліся, — расказвае карыстальнік пад нікам «Яблычны брэндзі Calvados» на сайце tuzin.fm (Яўген Бузоўскі — гітарыст «IQ48», Алесь Лютыч — вакаліст гурта «:B:N:». — заўв. аўтара). — І не проста пасварыліся, а яшчэ і добра пабіліся. Лютычу хоць бы хны, а Бузе ён зуб выбіў і здаравенны фінік пасадзіў.



Праўда, менеджар «IQ48» Лізавета Тапчэўская гэтую інфармацыю абвяргае:

— Я не ведаю, хто гэта прыдумаў, — кажа яна. — Гэта поўнае трызненне.

Троху пазней з'явіліся намёкі на тое, што адмена выступу гурта — праца рук ідэолагаў — быццам бы «IQ48» папоўнілі негалосныя спісы забароненых музыкаў. Але пра які будучы сольны канцэрт у такім разе можа ісці гаворка?

Як ні круці, а «IQ48» у гэты вечар не выступілі: замест сумеснага канцэрта маладых рок-зорак атрымаўся супольны выступ прадстаўнікоў ледзь не супрацьлеглых музычных плыняў — рэпу і року. «PANaNieba», праўда, спявалі менш за паўгадзіны і прыйшліся да спадобы не ўсім — публіка ўсё ж такі сабралася збольшага рокерская. Хаця і аматараў беларускага рэпу хапала — прынамсі палова публікі на месцы не стаяла.



Калі на сцэну выйшлі «:B:N:», слэм пачаўся ўжо з першых песень. Найперш хлопцы выканалі ўсім знаёмыя старыя гіты, але не абышлося і без сюрпрызаў. Прагучала ўжо досыць вядомая песня «Праз туманы», якой пакуль што няма ў студыйным запісе. У след за ёй прагучалі і песні з новага сінглу: «Мой шалёны дзень», тэкст да якой напісаў Яўген Бузоўскі, і «Зрабі сябе сам!».

Прэзентаваны ў гэты дзень сінгл прачыняе заслону перад новым студыйным альбомам — ён ужо запісаны і зараз знаходзіцца на стадыі звядзення. «:B:N:» не выпускалі новага альбому на працягу ўжо 6 гадоў, і рэліз новай плыткі неаднаразова адкладаўся. Так адбылося і гэтым разам — музыкі хацелі выпусціць альбом якраз перад гэтым канцэртам і зладзіць яго прэзентацыю, але не паспелі.

Каментаваць