«Бітва на дудах»: folk v/s medieval

Зіма — не самы прадуктыўны сезон для айчынных дудароў. Кожны выканаўца шкадуе свой нятанны інструмент, які баіцца значных тэмпературных перападаў. Мо таму беларускія прыхільнікі дуды шукаюць новыя формы працы, якія б былі прыцягальнымі для слухачоў нават у марознае надвор’е. Адна з такіх форм — зімовыя сустрэчы выканаўцаў і слухачоў у рамках «Дударскага клуба».

(На здымку: Алесь Жура і Зміцер Шыманскі)



Зіма — не самы прадуктыўны сезон для айчынных дудароў. Кожны выканаўца шкадуе свой нятанны інструмент, які баіцца значных тэмпературных перападаў. Мо таму беларускія прыхільнікі дуды шукаюць новыя формы працы, якія б былі прыцягальнымі для слухачоў нават у марознае надвор’е. Адна з такіх форм — зімовыя сустрэчы выканаўцаў і слухачоў у рамках «Дударскага клуба».

(На здымку: Алесь Жура і Зміцер Шыманскі)


Нагадаю, «Дударскі клуб» пачынаўся як сустрэчы музыкантаў і прыхільнікаў дударскіх мелодый у адным са сталічных садоў каля цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі. Але там пачалося будаўніцтва мікрараёна, і дудароў папрасілі пашукаць іншыя месцы для свайго музіцыравання і танцаў. Пазней былі сустрэчы дудароў у клубах «Катакомбы» і «Бастыён», у іншых месцах, ад якіх па розных прычынах давялося адмовіцца. І вось цяпер пакручасты лёс айчыннага музыканта прывёў выканаўцаў на дудзе ў сталічны клуб «Сфера», куды арганізатары «Дударскага клуба» запрасілі ўсіх ахвочых на такое арыгінальнае музычнае шоў, як «Бітва на дудах», ці «Дударскі батл»!

Ідэя «Бітвы на дудах» палягала ў тым, каб з дапамогай журы слухачоў высветліць, музыканты якіх напрамкаў — этнічнага ці медыевальнага — найбольш спрактыкаваныя для грання ўжывую, чые мелодыі слухачамі будуць найбольш запатрабаваныя для скокаў. Першымі ажывілі клубную атмасферу маладыя выканаўцы. «Медыевальны» напрамак своеасабліва на дудэльзаку прадставіў Яўген Бейня, які разам з бубначом гурта «Testamentum Terrae» Віталём «Астравітам» Касаўцом натхнёна граў знакамітыя еўрапейскія і беларускія сярэднявечныя кампазіцыі. Асабліва спадабалася слухачам у выкананні Яўгена папулярная мелодыя «Маразуля». Эстафета канцэрту-бітвы была перададзена «этнічнаму» дудару Антону Гліністаму, які ў народнай традыцыі сваімі скокамі з дудой на танцполе заахвочваў моладзь да большай разняволенасці і актыўнасці — напрыклад, з дапамогай жвавай і развясёлай «Лявоніхі»! А дапамагаў Антону ў гэты час адзін з арганізатараў «Дударскай бітвы», бубнач і дудар Яўген Барышнікаў.

Зміцеру Сасноўскаму — лідару гурта «Стары Ольса» — пад сілу мелодыі як сярэднявечнага, так і фальклорнага напрамку. Але ў гэты вечар яму выпала быць апалагетам медыевальна-сярэднявечнага. У яго выкананні прагучалі шэраг сусветна знакамітых твораў: «Тотэнтанц», «Турдэон» і італьянская «Сальтарэла». Зміцеру супрацьстаяў таленавіты выканаўца Аляксей Лесавік, які адстойваў народныя карані дударскай традыцыі нашай Беларусі. Слухачы шчырымі апладысментамі ўспрынялі яго версіі фальклорных «Грачанікаў», іншых беларускіх танцавальных мелодый — «Лысага», «Ойры»...

Але ў гэты вечар не толькі дудары былі ў цэнтры ўвагі шматлікай моладзевай аўдыторыі. Арганізатары прадугледзелі шэраг нумароў, якія расквяцілі і ўпрыгожылі праграму «Бітвы дудароў», а таксама далі магчымасць хлопцам і дзяўчатам адпачыць. Наведвальнікаў клуба «Сфера» чакалі танцавальныя нумары ў стылі фламенка, а таксама фальклорныя спевы ў выкананні гурта «Квецень». Яго ўдзельніцы заспявалі масленічныя песні, чым дадалі большай вагі дударам менавіта фальклорнага напрамку.

Гурт Квецень


Знакаміты і тытулаваны беларускі выканаўца на дудзе Алесь Жура, які цяпер жыве ў Мазыры, заўсёды з задавальненнем адгукваецца на запрашэнні сяброў і грае ў рамках «Дударскага клуба» ці «Дударскага фэсту». Гэтым разам Алесь граў на французскай дудзе — cornamuse. Да таго ж, у дуэце з удзельнікам гурта сярэднявечнай музыкі «Cornu Copia» Зміцерам Шыманскім. Заўважу, што гэтым разам усе, хто прысутнічаў на «Бітве дудароў», больш слухалі, чым танчылі. Гэта таму, што моладзь захаплялі незвычайны тэмбр экзатычнага інструмента і выканаўчае майстэрства Алеся. Дарэчы, па агульнай згодзе А. Жура выходзіў на «поле бітвы» беларускіх дудароў двойчы, каб сваёй музыкай завершыць «Дударскую бітву».

Своеасаблівую сенсацыю стварыла ўдзельніца гурта «Стары Ольса» Марыя Шарый, якая прадставіла гучанне інструмента XXI стагоддзя, які вырабіў майстра А. Сурба — «гламурную» дуду. Спецыяльна для дзяўчыны яна была пафарбавана ў кіслотна-зялёны колер, бурдоны інструмента (не без своеасаблівага гумару!) упрыгожаны стразамі, а мех зроблены з касмічнага віду матэрыялу. Тым не менш, галоўнай на сцэне «Дударскай бітвы» была адна з першых беларускіх дзяўчын-выканаўцаў на дудзе — Марыя Шарый, якую слухачы больш ведаюць як флейтыстку «Старога Ольсы». Тым больш было прыемна адкрыць яшчэ адно імя на дударскай сцэне Беларусі.

Марыя Шарый


Тлустую кропку ў фальклорнай частцы «Бітвы дудароў» выпала паставіць вядомаму беларускаму выканаўцу і майстру, лідару гурта «Testamentum Terrae» Юрасю Панкевічу. Сапраўды, Юрась славіцца сольным выкананнем народных мелодый, якія гучаць у яго інтэрпрэтацыі яскрава і віртуозна. Гэта якасць выканання вядомага дудара была ўзнагароджана гучнымі апладысментамі і ўзрадаванымі воклічамі моладзі «Брава!», якая з усё большым задавальненнем аддавала свае галасы фальклорным мелодыям.

Таму відавочна, што перавагі, якую набылі выканаўцы сярэднявечнай музыкі ў пачатку бітвы, не хапіла, каб атрымаць перамогу ў першай беларускай «Бітве дудароў». Але і аўтарытэту Юрася Панкевіча таксама неставала, каб «фальклорная» супольнасць дударскага руху святкавала сваю «вікторыю». Пасля падліку галасоў і гарачых спрэчак, арганізатары «Бітвы дудароў» абвясцілі пра баявую нічыю, у якой перамагло сяброўства тых, хто на сто адсоткаў аддае сябе адраджэнню айчыннай дударскай школы ва ўсіх яе праявах.


 

Каментаваць