Бачнае-невымоўнае ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва

Пад такой назвай 27 жніўня ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску адкрылася выстава прац 10 педагогаў кафедры фатаграфіі Мастацкага ўніверсітэта ў Познані (Польшча).



Томаш Галецкі. З серыі “Green Screen”.


Куратар выставы, фотамастак і гісторык мастацтва, прафесар Анджэй П. Флёркоўскі адзначыў, што экспазіцыя прэзентуе розныя творчыя стылі педагогаў адзінай кафедры, якая навучае мастацкай фатаграфіі ў Польшчы. Прычым, паводле ягоных слоў, гэтая кафедра адна з нямногіх, а можа і адзіная мастацкая школа ў Еўропе, якая ўжо з 1919 года навучае фатаграфіі як самастойнай галіне мастацтва.

На працягу больш за 90 гадоў развіцця ўніверсітэта гэтая галіна мастацтва знікала і з’яўлялася зноў. У другой палове 1970-х гадоў роля фатаграфіі ў праграме навучання пачала ўзрастаць, вынікам чаго стала адкрыццё спецыяльнасці “Фатаграфія” ў 1989 годзе. Папулярнасць гэтага кірунку навучання пераўзышла ўсе чаканні — каля 500 выпускнікоў універсітэту сталі бакалаўрамі і магістрамі. Гэта вынік працы ўсіх супрацоўнікаў кафедры — мастакоў, дасведчаных у сферы інавацыйных методык навучання”, — сказаў куратар выставы.

 Анджэй Флёркоўскі

Паводле ягоных слоў, звычайна фатаграфію разумеюць як медыя-сродак, што адлюстроўвае рэчаіснасць. “Зразумела, фатаграфія не з’яўляецца толькі люстэркам акаляючага свету, аднак вобраз, зняты камерай, вельмі моцна асацыіруецца з тым, што мы можам сустрэць у паўсядзённым жыцці”, — падкрэсліў прафесар.

Анна  Кэндзёра. З серыі “Silent Spring”

Ён распавёў, што экспануемыя творы адыходзяць ад звычайных стэрэатыпаў. “Так, працы Пятра Валыньскага аналізуюць правілы візуальнай камунікацыі; цыклы фатаграфій Анны Кэндзёры і Магдалены Лазарчык асноўваюцца на гульні з раскрыццём нябачнага і праз прыхоўванне фрагментаў рэчаіснасці; серыя Томаша Галецкага ўздымае пытанне даверу да сродкаў масавай інфармацыі ў сучасным свеце; “Знакі” Януша Алексы — гэта дыялог на тэму падабенстваў, адрозненняў і замены асноўных значэнняў сімвалаў. Вялікая колькасць мастакоў і ўжытых у экспазіцыі форм дае гледачам шырокую магчымасць інтэрпрэтацыі і індывідуальнага адчування мастацтва”, — сказаў Анджэй Флёркоўскі.

На думку дырэктара музея Наталлі Шаранговіч, навацыі выставы трэба хутчэй шукаць не ў форме, а ў своеасаблівым поглядзе польскіх фотамастакоў на рэчаіснасць.  

Януш Алекса. З серыі “Знакі”

 

 

Вядомы беларускі фотамастак Іван Пятровіч адзначыў, што “бясцэнная” выстава польскіх калег адлюстроўвае не толькі вялікі спектр працы з формай і колерам, але і звяртае ўвагу на эксперыменты і старадаўнюю тэхналогію дагератыпу. “Усё гэта падштурхоўвае беларускіх фотамастакоў да навучання і творчага эксперыменту”, — сказаў Іван Пятровіч. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць арганізатара выставы за мажлівасць пазнаёміцца з творчасцю польскіх фотамастакоў.

Магдалена Лазарчык. З серыі “Крэатуры”

Выстава працуе да 14 верасня.

 Пётр Валыньскі. З серыі “Зараза”

 Удзельнікі адкрыцця выставы

Фрагменты экспазіцыі

Каментаваць