Багач-2016: багата сонца, музыкі і скокаў!

У другі раз Беларускі дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сумесна з РМГА Студэнцкае этнаграфічнае таварыства правёў у Вязынцы традыцыйнае фальклорнае святата Багач.


У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю, запальванню свечкі-Багача ў талерцы з жытам, якую потым ставілі на покуці, каб захаваць да наступнага года. Нашыя продкі верылі, што Багач захавае дабрабыт іх сямей, дасць ураджайнасць іх нівам, жывёлам, умацуе лад у сем’ях.



Распачаў свята, як і ў мінулым годзе агульны спеўны калектыў, які складаўся з фальклорных гуртоў «Рутвіца», «Гарынь», «Мярэжа», «Дайнова», «Калыханка», «Старое Сяло». Перад тым, як запалала свечка-Багач, дзяўчаты выканалі шэраг жніўных, дажыначных і восеньскіх спеваў, якія нашыя продкі выконвалі пад час святкавання Багача, у тым ліку і вядомая слухачам дажыначная, велічальная песня «Арэхава чаша»…


Пасля спеўнай часткі Багача гаспадар святкавання, ролю якога выконваў Зміцер Літвініў — уладальнік аграсядзібы і актыўны ўдзельнік фальклорнага руху — прапанаваў ахвотным насыпаць зерне, каб Багач спрыяў усім, хто гэта зрабіў у штодзённых гаспадарчых справах, а таксама ў вучобе і каханні. Таму многія наведвальнікі свята, асабліва дзеткі, па жменьцы сспыпалі Багача, які праз некаторы час запаліў Літвінаў. Ну а памочніцы гаспадара — гаспадыні свята на радасць прысутным частавалі ўсіх духмяным мядком з хлебам!


Тым часам цэнтр святкавання перамясціўся на дзіцячую пляцоўку, дзе малыя маглі пакачацца ў сене, зрабіць вянкі з восеньскага лісця, пагушкацца на саламяным козліку (што вельмі ім спадабалася, бо такога ў горадзе няма!), а таксама гулялі ў рухомыя гульні разам з юнымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі фолк-гурта «Калыханка» з Міханавіч. Дзецям падабаліся такія гульні, як «Як у нашага Трыфана сем дачок», «Верабей» і іншыя.


Дарослыя ж — госці і танцоры з гурта «Сіта» — пад мелодыі аб’яднанай танцавальнай капэлі (як пажартаваў яе ўдзельнік, дудар Яўген Барышнікаў, «зборнай па неалімпійскім відам спорту») запрасілі ахвочых у кола на галоўнай пляцоўцы свята да скокаў. Гучалі розныя мелодыі, ад «А, базар» да «Лявоніхі» і «Круціцца-верціцца», рытмы якіх прымушалі ўзняцца з месцаў не толькі падрыхтаваных танцоўраў, але і тых, хто ўпершыню трапіў на святкванне Багача ў Літаратурны музей Янкі Купалы.


На заканчэнне танцавальнай праграмы Багача своеасаблівы перформанс зладзіў акардэаніст Крукоўскі. Музыка, каб лепш было чуваць, па лесвіцы ўзлез на дрэва і на ім зайграў некалькі танцавальных мелодый, пад якія было прыемна танчыць і незвычайна слухаць, бо музыка лілася, так бы мовіць, з нябёсаў!


У мінулым годзе свята сапсаваў дробны дождж, але ў гэтым годзе сонечнае надвор’е паспрыяла таму, што Багач стаў больш масавым, шмат якія яго госці скарысталі гэтую нагоду для адпачынку ўсёй сям’ёй. Спадзяюся, што Багач дадасць ім не толькі добрага настрою на наступны працоўны тыдзень, але і нагадае пра спеўную і музычную традыцыю нашага народа, пра скарбы, якія трэба ведаць і захоўваць.



Абмеркаванне:

  • Вольга
  • 2016-10-19 23:43:03
Цудоўнае свята атрымалася! Віншую ўдзельнікаў і арганізатараў!
Аднак ёсць заўвага, не для друку! выпраўце, калі ласка, памылку "зборнай па неалімпійСКІХ відАХ спорту". Гэта істотна!

Каментаваць