Барацьба за Беларусь. Прэзентацыя прац Анатоля Грыцкевіча

30 студзеня ў мінскай сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя выбраных прац доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Грыцкевіча.



Анатоль Грыцкевіч на прэзентацыі. Фрта Марата Гаравога


У 608-старонкавы ілюстраваны том, які выйшаў у серыі “Гісторыка-літаратурныя помнікі" “залатога выдання “Беларускі кнігазбор", увайшла манаграфія “Барацьба за Беларусь. 1917–1921" і даследаванні пра найбольш драматычныя і важныя  падзеі з айчыннага мінулага.


Дарэчы, два артыкулы: пра гісторыю шляхты Беларусі і выбранцаў — пехацінцаў, якія служылі ў Слуцкай крэпасці — звязаныя з продкамі Грыцкевіча, каторы паходзіць з старадаўняга беларускага шляхецкага роду.

Самае цікавае, што ў сям’і увесь час замоўчвалася, што мы — шляхта. Бацька загінуў у 1941 годзе пад Масквой разам са сваім 321-м асобным інжынерным батальёнам. Мае сваякі з вёскі, што знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад Слуцку, у 1929 годзе пайшлі ў калгас. Але дзякуючы маім продкам, захаваліся арыгінальная шляхецкая грамата з подпісам караля і адмысловая пячатка роду. Мой дзед меў 17 гектараў зямлі, на якой працавалі шэсць сыноў і тры дачкі, прычым нікога не наймалі", — адзначыў Анатоль Грыцкевіч.

Сваю працу “Барацьба за Беларусь" ён прысвяціў змаганню за краіну Польшчы і Расіі. “Прычым калі Польшча хацела захапіць Беларусь, дык Расія — Польшчу, як добры калідор у Германію, дзе вось-вось пачнецца рэвалюцыя і смяце ўсе межы", — сказаў навукоўца. Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе ягоныя даследаванні напісаныя з беларускацэнтрычных, а не з прарасійскіх пазіцый. Дарэчы, сваю доктарскую дысэртацыю спадар Анатоль вымушаны быў абараняць у Вільнюсе ў 1986 годзе. У працы, прысвечанай прыватнаўласніцкім гарадам ВКЛ, гісторык упершыню вызначыў іх колькасць і тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання і самакіравання, ролю гэтых гарадоў як вайсковай апоры і сацыяльна-эканамічнае становішчы мяшчанства.

   

Алег. Трусаў. Фота Марата Гаравога

Старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў падкрэсліў вялікую ролю свайго настаўніка ў беларускай гісторыяграфіі, у тым ліку ў навуковай падрыхтоўцы да выдання першай кнігі Міколы Ермаловіча “Гісторыя аднаго міфа, з якой пачалася найноўшая айчынная гісторыяграфія. “Менавіта Грыцкевіч яшчэ ў 1987 годзе першым ў БССР напісаў пра забароненую тэму — Слуцкі збройны чын і гэтае даследаванне выйшла асобнай брашурай ў бібліятэчцы “Голаса Радзімы". Дзякуючы грунтоўнаму даследаванню Анатоля Пятровіча, Вярхоўны Совет краіны 19 верасня 1991 года зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг як Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Урэшце, Грыцкевіч быў першым у краіне выкладчыкам ВНУ, каторы з 1975 года ўсе курсы чытаў выключна па-беларуску", — адзначыў Трусаў. 


Сустрэча з гісторыкам адбылася напярэдадні яго 84-га дня нараджэння. З чым спадара Анатоля і павіншавалі яго сябры  знаёмыя, што прыйшлі на прэзентацыю.


Рэдакцыя “Новага часу" далучаецца да гэтых віншаванняў і зычыць шаноўнаму Анатолю Пятровічу доўгіх гадоў жыцця і новых цікавых прац па гісторыі Бацькаўшчыны.
 

Каментаваць