Барды захапілі Beer&Wine (фота, відэа)

У бары Beer and Wine 30 студзеня прайшоў першы ў Мінску канцэрт Стася Сілкі з альбомам «Песьні для глуханямых». Маладога наваполацкага музыку прыйшлі падтрымаць дуэт  «Хмарка на траве» і Алесь Дзянісаў.



Уладальнік гран-пры «Бардаўскай восені» дуэт «Хмарка на траве» скарыў сваёй шчырасцю  часам пазітыўнай, часам з налётам лёгкага суму. Кранае штосьці глыбока ўсярэдзіне, штосьці глыбока з дзяцінства, штосьці з «віна з дзьмухаўцоў».

Удзельнік гуртоў «Dzieciuki», «Людзі на балоце», «Кальян» Алесь Дзянісаў не абмяжоўваецца якімсьці адным напрамкам у творчасці. Публіка на канцэрце з аднолькавым энтузіязмам патрабавала песню "Партызаны" з рэпуртуару "Людзей на балоце" і кавер на Захара Мая "Танкі", перапеты "Дзецюкамі".

У Дзецюков хутка выходзіць новы альбом, які будзе гістарычным па агульным канцэпце. На 4 лютага да дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі запланаваны выпуск сінгла «Тадэвуш Касцюшка». А на 12 сакавіка ў іх запланаваны сумесны канцэрт з гуртом Brutto ў Беластоке.

На канцэрце Алесь Дзянісаў традыцыйна выконваў як свае песні, так і вершы розных паэтаў, напрыклад, Караткевіча, накладзеных на сваю музыку.   

І, нарэшце, герой гэтай імпрэзы  Стась Сілка, які ўпершыню выступаў у Мінску. Кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін пра яго кажа:

"Вартыя павагі спробы маладых выканаўцаў пісаць па-беларуску, нават калі гэта крыва перакладзена з расейскай, выпакутавана са слоўнікам, нацягнута і адзінкавая, прыблізна і каньюнктурна ад  таго, што дужа хочацца выступіць на якім-небудзь паважаным фэсце ці паўдзельнічаць у конкурсе. Але гэта не пра Сілку. Ягонае беларускае слова  пражытае, прадуманае і цалкам натуральнае. Ён, зразумела, не вялікі паэт. Ён якраз тэкставік, яго словы выдатна кладуцца пад простыя акорды і трапляюць у самую душу. І маладых людзей, якія з такі дэлікатнасцю і павагаю працуюць са Словам у музыцы, трэба яшчэ дабра пашукаць".

 

Сам Сілка да сваёй творчасці ставіцца з уяўнай іроніяй  гэта было добра бачна на канцэрце. Але з такой жа відавочнай цеплынёй і падзякай ён ставіцца і да людзей, якія яго слухаюць. Вельмі адчувальна, што Стась Сілка пачынаў сваю творчасць з кватэрнікаў, бо калі ён грае, то стварае тую самую нязмушаную атмасферу, якая пануе падчас выступу ў коле сяброў на кухне.

 

Каментаваць