Барыс Забораў: жыццёвы транзіт

Да 10 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі доўжыцца выстава парыжскай славутасці — Барыса Заборава. Выдатны, распрацаваны і выдадзены ў Вероне каталог твораў майстра, пры ўсіх станоўчых якасцях, скажае аўтарскую палітру, робіць яе больш спрошчанай у колеры. Таму лепш наведаць экспазіцыю.

Экспазіцыя



Да 10 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі доўжыцца выстава парыжскай славутасці — Барыса Заборава. Выдатны, распрацаваны і выдадзены ў Вероне каталог твораў майстра, пры ўсіх станоўчых якасцях, скажае аўтарскую палітру, робіць яе больш спрошчанай у колеры. Таму лепш наведаць экспазіцыю.

Экспазіцыя

Пралог да экспазіцыі — мадэль помніка «Кнізе і пісьменнасці», які ўсталяваны ў 2007 годзе на тэрыторыі Політэхнічнага інстытута ў Хайфе. Помнік з бронзы, вышынёй 4 метры і вагой 4 тоны. На старажытны фаліянт караскаюцца лічбы і літары розных моваў свету. Ідэя пра фундаментальную ролю пісьменнасці як сродку мыслення і носьбіта памяці ў развіцці цывілізацый відавочная.

«У нашым тэхнагенным і медыйным грамадстве, якое імкнецца да ўніфікацыі і размыванні характэрных рысаў твару, пагроза нацыянальным прыкметам кожнай з асобных культураў — праблема рэальная… Непарыўны ланцуг культуры — адзінае, што апраўдвае зямное існаванне чалавека», — дапамагае нам зразумець сябе сам Барыс Забораў.

Пазнавальны аўтарскі стыль лесіровачна-пяшчотнага, прывідна-рэалістычнага жывапісу, жывапісу тонаў, паўтонаў і нюансаў, пабудаваны па большасці на грунце «земляных» фарбаў, вабіць і гіпнатызуе. У той жа час нараджае пачуццё насцярожанасці і безабароннасці. Выразная, фізічна адчувальная канцэпцыя чалавечай самоты ў свеце (незалежна ад нацыянальных, геаграфічных, сацыяльных, гендэрна-ўзроставых паказчыкаў) надае выставе партрэтаў і кампазіцыяў моцны эмацыйны зарад, цэльнасць і глыбіню.

Рассеянае асвятленне, аптымальная прастора паміж творамі дапамагаюць унікнуць у сэнс карцін. Дабротная і прыгожая, трохі іншасветная, па-філасофску задуменная выстава інтэлектуальнага мастака Барыс Заборава наўрад ці каго пакіне абыякавым.

Мроі

Непераказальны Парыж заўжды вабіў мастакоў. Яшчэ ў міжваенныя часы, не з савецкай, а з заходняй часткі Беларусі, наведваліся туды творцы з Віленскага ўніверсітэта П. Сергіевіч і прыяцель яго, дойлід Р. Яўхімовіч, і мастак-універсал Я. Горыд, К. Чурыла. Збіраўся туды і Міхась Сеўрук. Немажлівасць трапіць у Парыж (па легендзе) прывяла да самагубства мастака Льва Дабржанскага. Туды папросту ўцяклі ўраджэнцы Беларусі, што сталі пазней прадстаўнікамі «Парыжскай школы», Х. Суцін, П. Крэмень, М. Кікоін, А. Мешчанінаў, М. Шагал.

У Парыжы прыходзіла да іх не толькі слава. Да прызнання ім трэба было пераадолець багну неўладкаванасці, бытаўшчыны. Ці захлынуцца і патануць. Нявечыліся асабістыя і прафесійныя лёсы ад сутыкнення мараў з новай, у тым ліку мастацкай рэчаіснасцю, людзей, здавалася, ужо і не такіх слабых.

На шчасце, гэта не пра Заборава — зараз мастака цалкам паспяховага і запатрабаванага, які здолеў вырвацца з «лагеру сацыялізму» яшчэ ў 1981 годзе. І скарыць Парыж.

Жыццёвы транзіт. Мінск

Нарадзіўся Барыс у Мінску 16 кастрычніка 1935 года. Яго бацька, Абрам Барысавіч Забораў, быў знаным у БССР мастаком-сацрэалістам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пасля ад’езду сына ў Ізраіль у 1977 годзе быў выкраслены з гісторыі беларускага мастацтва.

З маленства Барыс ахінуўся ў атмасферу бацькавай майстэрні і ўсмактаў казытліва-хвалюючыя пахі фарбаў і льнянога палатна. Пахі, якія ўсё жыццё непазбежна выклікаюць з прадоння памяці перажытае. Дзяцінства, абпаленае вайной, сталася для яго тым часам, які адбіўся «як стан турботы, чакання небяспекі і ліхаманкавай дзейнасці». Гэты прысмак дзяцінства стаў «трывалым адчуваннем жыцця» будучага мастака.

Напаўразбураны Мінск, куды вярнулася сям’я, у вечаровых прыцемках «станавіўся яшчэ больш трывожным і загадковым, мроіліся дагістарычныя краявіды, абрысы развалінаў на тле вечаровага неба набывалі рысунак фантастычных жывёлінаў», вярэдзілі дзіцячую душу, абуджалі пранізлівае пачуццё самоты. Але горад ажываў: поўніўся ўцекачамі, палоннымі будаўнікамі з незразумелай мовай, салдатамі перамогі.

Пасля васьмі класаў сярэдняй школы, у 1950 годзе, Барыс быў прыняты на другі курс Мінскай мастацкай вучэльні, дзе і запаў душой на Парыж, калі выкладчыца гісторыі мастацтваў, як знак вышэйшага даверу, рызыкуючы, паказвала «невідушчыя» рэпрадукцыі карцін Ван-Гога, Пісаро, Сезана.



Ленінград — Масква

Бесклапотны і, здавалася, бясконцы час юнацтва, час навучання ў Ленінградскай акадэміі мастацтваў супаў з пачаткам кароткай хрушчоўскай адлігі. Студэнцкае вуха Барыса Заборава чуйна лавіла рэха бурлівага жыцця за «жалезнай заслонай». У 1960-я гады адбылося якаснае самавызначэнне асобы, «акаляючы свет стаў больш пластычным, воля (асобы) стала якасцю характару, а не словам». Воля, памножаная на затоеную самоту, спрыяла фармаванню характару — разважліва-аналітычнага, з філасофскім складам.

Падчас крымскіх вакацыяў на мастака абрынулася каханне. Менавіта абрынулася. Не вагаючыся, паехаў следам за сваёй «з першага погляду» абранніцай. Ірына, будучая літаратарка, дачка рэпрэсаванага паэта Барыса Карнілава, вучылася на біёлага ў Маскве. Таму і пакінуў Барыс Мінск. Увосень таго ж года стаў студэнтам Маскоўскага мастацкага інстытута імя Сурыкава, які закончыў у 1961 годзе.

Расія стала для яго другой Радзімай: там вучыўся, шукаў сябе. Масква ж ужо ў 1990-я гады першай ацаніла і прызнала яго мастацкія знаходкі, яго талент. У перабудовачныя часы ён быў улучаны ў склад выставы «Рускі транзіт. Усход — Захад» спачатку як «рускі мастак-эмігрант», а пазней як проста рускі мастак. Сам жа Барыс Забораў вызначае сябе як мастака еўрапейскага — «у сэнсе не афрыканскага і не арабскага». «Габрэй па крыві, — піша ён пра сябе, — на ўсе 100 адсоткаў… Нарадзіўся і вырас у хрысціянскай культуры, беларуска-рускім краявідзе».

Мінск

З дыпломам мастака тэатра Забораў вярнуўся ў 1961 годзе ў Мінск. Увайшоў у атмасферу беларускага мастацтва. Працай сцвердзіўшыся як адмыслоўца, ён меў нейкі прыродны талент абыходзіць ідэалагічна небяспечныя «грамадска актуальныя тэмы». Неўзабаве стаў адным з самых запатрабаваных кніжных графікаў

Свабода Заборава спраўдзілася ў графічных роздумах над творамі Шэкспіра, Дастаеўскага, Пушкіна, Уальда, Андэрсэна-Нэксё. Ілюструючы Купалу і Коласа, праз нацыянальнае ўзлятаў да наднацыянальных вышынь. Паважліва ставіўся і да сучаснікаў, асабліва ж сімпатызаваў блізкаму сябру — Рыгору Барадуліну.

За мінскім часам ім было аздоблена (ад вокладкі да апошняй ілюстрацыі) больш як 200 кніжак. Многія з іх былі ўганараваныя на Міжнародных кірмашах у Лейпцыгу ў 1965, 1971, 1977 гадах, на розных міжнародных конкурсах кнігі.

Творчая стабільнасць і поўны, па савецкіх мерках, дабрабыт: уласны дах над галавой, майстэрня, вучыцца музыцы сын Кірыл, гадуецца дачушка, майстар можа выбіраць замову па гусце. Жыццёвы тонус яго бадзёрыцца «прыяцельскімі» даносамі асобных калегаў у спецслужбы. На дзіва — без рэакцыі. Мог бы стаць і «заслужаным», і «народным». Але, як у старой показцы: «Жыць лёгка, толькі дыхаць цяжка».

Жывапіс прыносіў задавальненне душы, але не «карміў». Карміла кніжная графіка, але ўсё далей адварочвала ад сябе. Спробы раздвоіцца былі дарэмнымі.



Ад’езд

Шэсць разоў падаваў ён заявы з просьбай аб дазволе на творчую камандзіроўку і нязменна атрымліваў «адлуп». Тады папрасіўся на ПМЖ у Ізраіль. На двары тлела не першая ўжо «антысіянісцкая» кампанія. Перад ад’ездам мастак сустрэўся з тагачасным сакратаром Мінскага гаркама кампартыі (потым загадчыкам аддзела культуры ЦК КПБ) Іванам Антановічам. Саноўнік, узгадвае Барыс Забораў, «пераконваў, што калі я застануся, дык мне дадуць магчымасць спакойна працаваць… прапаноўваў публічна звярнуцца да габрэяў Беларусі з заклікам не з’язджаць».

У маі 1981 года на пероне Паўночнага вакзала ў Парыжы Забораў, відаць, адчуў сябе як ніколі самотным. Каб быць мастаком, аднаго тэхнічнага ўмельства замала. «Мастак пачынаецца з ідэі», — лічыць Забораў. Невыказна шчымлівае пачуццё, што таілася ў калодзежы душы, аформілася ў ідэю ў Францыі.

Францыю мастак лічыць трэцяй Радзімай.

У 45 гадоў яму ўсё трэба было пачынаць спачатку. Пра гэта і яшчэ шмат пра што ахвочыя маюць мажлівасць даведацца з аўтабіяграфічнай эсэістыкі Барыса Заборава «Ланцуг выпадковасцяў, альбо Лёс».

Вяртанне ў экспазіцыю

Калекцыя жывапісу, «Парыжскага перыяду» адмыслова адабраная для Мінска, складаецца з 38 палотнаў, але заўважыць у большасці твораў якія-небудзь спецыфічныя парыжскія прыкметы немажліва. Творы невыпадкова нагадваюць недапраяўлены фотанегатыў, альбо дагератып увогуле.

Блізка 1980 года Барыс Забораў напісаў сваю першую карціну на матэрыяле старой сямейнай фотакарткі, зробленай у адным з местачковых атэлье ў БССР. Гэта карціна не грэе, але падобна віру зацягвае.

Канцэпцыя Чалавека Самотнага пануе ў экспазіцыі. Яна, на мой погляд, не абумоўлена, як лічаць некаторыя беларускія аглядальнікі, тугой па Радзіме. Чалавек, па Забораву, самотны ў прынцыпе. «Калі ўглядаешся ў вочы незнаёмых табе людзей на старых фотакартках, жыццё якіх адмежавана ад нас адлегласцю часу, які яшчэ не спрэсаваны так моцна, каб згубіць сваю празрыстасць, і тоіцца яшчэ мажлівасць іх разгледзець, але ўжо не зусім ўяўна: яны нібыта выплываюць насустрач да нас са сваёй адзіноты альбо наадварот — раствараюцца ў ёй.

Татальная самота чалавека, «размытасць» прасторы, яе намаганні паглынуць чалавека (растварыць у сабе) чуецца літаральна ва ўсіх творах Барыса Заборава. Ад супольнай статычнай кампазіцыі «Сямейны партрэт» (1995 г.) — у першай зале, да такой жа статычнай кампазіцыі «Сям’я» (2003 г.).

Жывапіс Барыса Заборава, мастака шматграннага, шчыльна звязаны з пластыкай кіно, інтэлектуальна-тэатральны па сутнасці. Не толькі таму, што ён шмат працуе ў сцэнаграфіі, стварае касцюмы і антураж да спектакляў французскага тэатра «Камедзі Франсэз» (1992, 1994), маскоўскага «Et cetera» (2007). Не таму, што для ўспрымання «Дзяўчынкі з шарам» , «Інфанты» і іншых патрэбна глядацкая далучанасць да мастацкіх кодаў еўрапейскай культуры. Але і таму, што тэатральны мастак па адукацыі, Забораў, наўпрост, у адрозненне ад тэатру, «агаляе» сваіх герояў да выяўлення трансцэндэнтнай сутнасці. Больш, чым «У лазні».

Апрача партрэтаў з «безыменнымі персанажамі» і літаратурна «бессюжэтных» карцін прадстаўленыя ў экспазіцыі краявіды «Парыжскага перыяду». Але яны не маюць нічога агульнага з ахайна-дагледжанымі французскімі ландшафтамі. «Хата», «Пуня», «Гумно», «Хлеў», «Хлеў з двуколкай» і інш. — вобразы не штучныя, надумана сканструяваныя ці скапіяваныя (дакументальна-натурныя), гэта вобразы Радзімы, якія запалі ў душу.

«Думаю, што маё мастацтва ўсё афарбаванае жыццём на гэтай зямлі. Не наўпрост, не ў сюжэтным сэнсе… У сэнсе маёй свядомасці, майго выхавання, лінія, якая працягваецца ў маёй крыві. Усё звязана з Беларуссю. Фатальны для майго мастацтва матыў — беларуская хата, якую пішу па некалькі разоў на год, фундаментальны сюжэт, які сілкуе мяне. Я адчуваю, што калі працую над ім, быццам бы вяртаюся сюды», — казаў Барыс Забораў яшчэ ў 1997 годзе.

 

Каментаваць