«Баваўняная дзяўчынка» — кніга для дзяцей пра цяпло і холад адносінаў

У Мінску адбылася афіцыйная прэзентацыя дзіцячай кнігі Дар’і Вашкевіч «Баваўняная дзяўчынка». Нагадаем, летась казка «Баваўняная дзяўчынка» заняла другое месца ў літаратурным конкурсе «Экслібрыс» імя Янкі Маўра.



Прэзентацыя дзіцячай кнігі адбылася ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы Мінска. Як і належыць у арганізацыі мерапрыемства для дзяцей, аўтарка не чытала нудных лекцый, а зладзіла творчыя заняткі: хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі, з якіх матэрыялаў рэчы, што вакол нас, ды рабілі паштоўкі.


“Кніга Дар’і Вашкевіч «Баваўняная дзяўчынка» — пра і для дзяўчатак і хлопчыкаў ад двух да ста дзевятнаццаці гадоў. Яе можна чытаць удзень і ўначы, нашча ці толькі што пад’еўшы бабулінага супчыку, лежачы пад коўдраю або ўскараскаўшыся на яблыню. Галоўнае пры гэтым — кагосьці любіць. А астатняе — дэталі”, — гаворыцца ў анатацыі да выдання.

Дар’я Вашкевіч падкрэсліла, што, як пішаш для дзяцей, то найперш  трэба быць шчырым і ні ў якім разе не прыніжаць іх узровень ды спрашчаць твор, маўляў, малыя і нічога не зразумеюць.

— Дзеці разумеюць усё, і можа нават больш за дарослых, — запэўнівае пісьменніца.


Ілюстрацыі для кнігі стварыла мастачка Алена Медзякова. Алена расказала, што яна «жыла» з героямі кнігі на працягу двух тыдняў, за гэты час і былі створаныя ілюстрацыі, што паказваюць характар герояў казкі.

— Яшчэ да выхаду кнігі  я паказвала ілюстрацыі дзецям. Цікава, што яны ўгадвалі хто станоўчы, а хто адмоўны герой. Персанажы, выкананыя ў халодных колерах, усе называлі адмоўнымі, такімі ж яны былі і паводле маёй задумы, — распавяла мастачка. 

Кніга  «Баваўняная дзяўчынка» выйшла ў серыі  «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Фота аўтара

Каментаваць