Bel-La-Italia — шэдэўры італьянскай музыкі ў філармоніі

5 снежня ў Вялікай залі Белдзяржфілармоніі адбудзецца эксклюзіўны канцэрт — Bel-La-Italia — шэдэўраў італьянскай музыкі розных эпох.

Аляксей Фралоў (фота аўтара)

Падзея прымеркавана да 25-годдзя ўсталявання беларуска-італьянскіх дыпламатычных адносін. Зайграе сімфанічны аркестр “Capella Aсcademia” (лепшыя маладыя выпускнікі і студэнты Акадэміі музыкі), заспяваюць — лаўрэаты розных прэстыжных міжнародных конкурсаў Таццяна Гаўрылава (сапрана), Наталля Акініна (меца-сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар), Ілля Сільчукоў (барытон), разам з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам  заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай.

Музычны каментар правядзе Святлена Немагай, музыказнаўца, арганіст, аўтар акадэмічнай манаграфіі пра Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар праекту і дырыжор — Аляксей Фралоў, фагатыст і кіраўнік камернага ансамбля “Вытокі”. Аляксей — патомны музыка, сын знакамітага Валерыя Фралова, габаіста, заснавальніка ансамбля старадаўняй музыкі “Кантабіле” і бас-гітарыста ў “Лявонах” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Аляксей доўгі час граў у ансамблі “Класік-авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава, потым у Дзяржаўным сімфанічным аркестры Сірыі (да вайны), зараз — ва ўласным праекце трыа “Вытокі”.

Варта зазначыць, што Святлена Немагай і Аляксей Фралоў як музыказнаўцы-архівісты расшукалі ў сховішчах Літвы і Польшчы багата нотаў камернай і сімфанічнай музыкі Беларусі, пераважна ХІХ стагоддзя, якую паступова ўводзяць у музычны ўжытак.


Але заўтра ў Філармоніі загучыць музыка італьянская, якая — глядзіце афішу. Наведаць падзею варта яшчэ таму, што на Аляксей Фралова “мае віды” адзін замежны сімфанічны аркестр, і калі гледачы змогуць зноў спаткацца з таленавітым музыкам, даследчыкам і дырыжорам — пакуль не вядома.


Каментаваць