«BelaMusic–2009». Добры пачатак

Адбылася падзея, якую чакалі, бадай, многія, калі не ўсе заўзяраты беларускай рок-музыкі. У «Баравой» — ёсць такая авіяцыйная база ДТСААФ пад Мінскам — 23 мая ладзіўся першы нацыянальны фестываль рок-музыкі «BelaMusic–2009». І гэты «першы блін», спечаны непадробным лідэрам, напэўна, самага беларускага фолк-рок-гурта «Палац» Алегам Хаменкам, не стаўся камяком.



Адбылася падзея, якую чакалі, бадай, многія, калі не ўсе заўзяраты беларускай рок-музыкі. У «Баравой» — ёсць такая авіяцыйная база ДТСААФ пад Мінскам — 23 мая ладзіўся першы нацыянальны фестываль рок-музыкі «BelaMusic–2009». І гэты «першы блін», спечаны непадробным лідэрам, напэўна, самага беларускага фолк-рок-гурта «Палац» Алегам Хаменкам, не стаўся камяком.

Гэта было сапраўднае свята беларускае музыкі пад адкрытым небам, цяпер, дзякуй Богу, на тэрыторыі Беларусі. З сярэдзіны 1990-х, калі ў Мінску пры канцы лета ладзіла рок-фэсты газета «Беларуская маладзёжная», што стала, на вялікі жаль, гісторыяй, такіх падзеяў, прынамсі ў сталіцы ці побач з ёй, не было.

Арганізавана ўсё было насамрэч па-еўрапейску (мне даводзілася бачыць падобныя імпрэзы ў Даніі, Германіі, Польшчы, Літве). «BelaMusic–2009» — сапраўды фестываль еўрапейскага ўзроўню, і дзякуй за гэта яго арганізатарам, у першую чаргу лідэру «Палаца» і мастацкаму кіраўніку фэсту Алегу Хаменку і адказнаму за тэхнічнае забеспячэнне Уладзіміру Шаблінскаму.

Нягледзячы на праанансаванае ўсімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ «штармавое папярэджанне», а таксама на тое, што ў дзень правядзення фестывалю над галоўным праспектам Мінска былі зняты ўсё рэкламныя расцяжкі, у Баравую прыехалі каля дзвюх тысяч аматараў беларускай музыкі, якія не пашкадавалі, што наведалі «BelaMusic». Сваімі выступамі парадавалі «Крама», «Нейра Дзюбель», «Без білета», «Палац», «Дзеці Дзяцей», «J:Mors», «Гарадскія», а таксама легендарныя ветэраны беларускае рок-сцэны Аляксандр Растопчын, Аляксей Казлоўскі і Кірыл Шывандо.

Двойчы нябёсы раскрываліся залеваю, але і гэта не напалохала тых, хто прыехаў на фестываль: практычна ніхто не пакінуў пляцоўку перад сцэнаю. А ўзнагародай з неба можна лічыць для Алега Хаменкі («Палац» пачаў свой выступ, калі ішоў моцны дождж) дзве неверагодныя па прыгажосці і яркасці вясёлкі, якія паўсталі акурат побач са сцэнай пасля сканчэння залевы.

Лідэр «Палацу» Алег Хаменка адказвае на пытанні «Новага часу».

— Чаму ўзнікла ідэя фестывалю? Падаецца, існуюць ужо і «Рок-кола», і «Басовішча», і «Рок-каранацыя»?

— Вельмі адчувальны недахоп такога «фестывалю фестываляў«, дзе маглі б сабрацца героі ўсіх музычных прэміяў, узнагарод, цырымоніяў, што праводзяцца ў Беларусі ці за яе межамі, але маюць дачыненне да нашай музыкі. Да таго ж, «Рок-кола» і «Рок-каранацыя» адбываюцца ў канцэртных залах, а «Басовішча» — па-за межамі сучаснай Беларусі. І жывая музыка на адкрытым паветры — гэта ўсё ж такі больш натуральная форма існавання актуальнай музыкі. Тут я маю на ўвазе, што, калі свята ў беларусаў было вялікім, музыкі выходзілі з палацаў ды сядзіб на вуліцу, да «натуральнага ландшафту», і там давалі волю пачуццям.

— Твае асабістыя ацэнкі: што з задуманага атрымалася і над чым яшчэ давядзецца працаваць, бо, паводле першых водгукаў і меркаванняў нават адмыслоўцаў, гэты фэст мае перспектыву стаць самым выбітным святам беларускай — альтэрнатыўнай і не толькі — музыкі?

— Свята адбылося. Так бы мовіць, дзіця нарадзілася, і тут паўстае цэлы шэраг новых клопатаў: пялюшкі ды памперсы, як выхаваць ды адукаваць. Канешне, мы маем свае ўласныя думкі на гэты конт, аднак будзем усім удзячны за карысныя парады. Ёсць цэлы шэраг (нават процьма) недахопаў, якія для мяне відавочныя, аднак як умоўны татка гэтага дзіцяці не хацеў бы пра гэта зараз казаць. Ну і, канешне, як кожны з бацькоў хоча выхаваць і даць свайму дзіцяці самае лепшае, я хачу таго ж самага. Тут чамусьці згадалася старая прымаўка — «Дай Бог нашаму цяляці ваўка з’есці».



— Мы ўбачылі сапраўдных зорак — звыклых для аматараў беларушчыны і ўжо ўлюбёных выканаўцаў. Каго б ты сам хацеў убачыць на сцэне «BelaMusic», апроч айчынных выканаўцаў?


— У тым і сэнс, што я асабіста хацеў бы бачыць толькі айчынных… Усіх не пералічу, бо гуртоў багата, а музычнай індустрыі ўвогуле бракуе, дый нават музычнага бізнесу пакуль замала. Але калі зараз нічога не рабіць — дык нават спадзяванняў на гэты конт не будзе. Мне здаецца, што «BelaMusic» здольны звярнуць увагу на гэту праблему».

— Яшчэ не так даўно існаваў так званы «чорны спіс» выканаўцаў, якіх немагчыма было ўбачыць на розных фэстах, прынамсі, дзяржаўных. Сёння ўлюбёнцы публікі вярнуліся нават на экраны БТ. Ці насамрэч музыкам стала жыць прасцей у новых варунках?


— Прасцей? Ну, можа, гэта не тое слова. Я маю на ўвазе, што на сацыяльна актыўную частку грамадства і моладзі беларускія гурты ўплывалі ва ўсе часы найноўшай гісторыі Беларусі. А вось на тую моладзь, скажам, звычайную, пасіўную, якая за мінулыя гады прызвычаілася да музыкі замежнай, рускай ды беларускай «фанернай», што панавала і пануе ў СМІ, мы перасталі хоць неяк уплываць. Аднавіць гэты ўплыў, мне здаецца, вельмі цяжка, можа і немагчыма, аднак спрабаваць усё роўна трэба. Я ўпэўнены, неабходна. Зразумела, што нашу музыку ўспрымуць зараз не тысячы, а сотні, аднак і гэта будзе важна праз пэўны час. Таму я і мае паплечнікі, якія гэта разумеюць, маюць рацыю, калі сцвярджаюць, што нам стала значна больш складана, бо гэта дадатковая адказнасць, якую браць на сябе не вельмі хочацца. Куды прасцей працаваць на свядомых і сацыяльна актыўных сяброў, у паўпадпольным стане, і адчуваць сабе носьбітам ідэй, якія не разумее сённяшні натоўп. Але хто будзе пашыраць уплыў на звычайных, простых суайчыннікаў, за якімі няма стрыжня гонару за ўласную краіну і культуру? Канешне, гэта праца няўдзячная, а можа і бессэнсоўная. Хоць з гэтым, апошнім, сцвярджэннем я паспрабую не пагадзіцца.

***

Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі таксама лічыць, што фестываль атрымаўся. «Многія чыннікі выступалі супраць гэтага фестывалю, я не кажу ўжо пра такую банальную рэч, як зменлівае надвор’е. Самае істотнае, што гэта першы такі фестываль, і публіку трэба прывучыць і да самога факту існавання гэтага фестывалю, і да месца яго правядзення. І тое, што сабралася, як кажуць, каля трох тысяч гледачоў — гэта нармальна для першага фестывалю, — адзначыў Зміцер Падбярэзскі. — А ў будучыні арганізатарам трэба ўлічваць такія моманты, як працягласць выступлення і колькасць удзельнікаў. Я думаю, што колькасць удзельнікаў трэба скарачаць, трэба ўключаць туды больш маладыя калектывы і даваць ім выступаць не па 25–30 хвілін, а мінімум хвілін па 40, а то і па гадзіне».

На думку Зміцера Падбярэзскага, у Беларусі ёсць патэнцыял рок-музыкі, аднак вельмі важна, каб маладыя калектывы маглі сябе паказаць у такой наўпроставай фестывальнай атмасферы, тады і іх будуць ведаць, і самі яны атрымаюць стымул для развіцця.



Як глядач асаблівы рэспект хацеў бы выказаць супрацоўнікам міліцыі Мінскага раёна, якія вельмі прыязна і паважліва ставіліся да гасцей фестывалю, да моладзі, і не перашкаджалі народу весяліцца (гэта прыемнае адрозненне ад сталічных спецназаўцаў, якія пачуваюцца гаспадарамі жыцця паўсюдна, ці то на акцыях апазіцыі, ці то на канцэртах заезджых «зорак»).

Карацей, свята атрымалася, і першы блін стаўся смачнай стравай. Дай Бог, не апошні раз. У добры шлях, «BelaMusic»!

Каментаваць