Беларусістыка праз 20 гадоў

Напрыканцы мая ў Мінску прайшоў V Міжнародны кангрэс беларусістаў. Падзея незаўважная для абывацеля, але значная для навуковых колаў Беларусі і замежжа. З аднаго боку, гэта быў кангрэс, прысвечаны беларусазнаўчым пытанням у галіне мовазнаўства, культуры, гісторыі. Апроч таго, быў праведзены справаздачна-выбарчы сход і пераабраны старшыня. З дня заснавання Міжнародную асацыяцыю беларусістаў узначальваў прафесар Адам Мальдзіс. На V кангрэсе старшынёй асацыяцыі быў абраны акадэмік Міхаіл Касцюк. Пра дасягненні і задачы беларусістыкі з імі размаўляла Вольга Хвоін.



Напрыканцы мая ў Мінску прайшоў V Міжнародны кангрэс беларусістаў. Падзея незаўважная для абывацеля, але значная для навуковых колаў Беларусі і замежжа. З аднаго боку, гэта быў кангрэс, прысвечаны беларусазнаўчым пытанням у галіне мовазнаўства, культуры, гісторыі. Апроч таго, быў праведзены справаздачна-выбарчы сход і пераабраны старшыня. З дня заснавання Міжнародную асацыяцыю беларусістаў узначальваў прафесар Адам Мальдзіс. На V кангрэсе старшынёй асацыяцыі быў абраны акадэмік Міхаіл Касцюк. Пра дасягненні і задачы беларусістыкі з імі размаўляла Вольга Хвоін.

---------------------------------------------

Міхаіл Касцюк: Прыярытэт — рэстытуцыя

— Можна сказаць, што для мяне гэты абавязак нечаканы. Былі просьбы дапамагчы ў працы асацыяцыі, вяліся размовы пра тое, каб узначаліць яе. Але я не думаў, што так атрымаецца ў выніку.

— Што было зроблена вашымі папярэднікамі?

— Натуральна, праца не зводзіцца толькі да правядзення кангрэсаў беларусістаў. Фактычна ўсе два дзесяткі гадоў, што існуе асацыяцыя, яна працавала даволі актыўна, найперш у напрамку выдавецкай дзейнасці. Выйшла прыкладна 70 выданняў, думаю, што гэта значны вынік. У навуковых колах гэта добра ацэньваецца, як у Беларусі, так і за яе межамі. Асацыяцыя падтрымлівае сталыя сувязі з навукоўцамі з іншых краін, то бок пераважае навуковы напрамак.

Найбольш актыўна працуюць нашы калегі-беларусісты ў Расіі — у Маскве і Санкт-Пецярбургу, ва Украіне. Нямала ў гэтых адносінах робяць і нашы калегі ў Польшчы. У больш далёкім замежжы можна вылучаць беларусістаў Германіі, Нарвегіі, Англіі. Актыўныя ўдзельнікі гэтага руху маюцца прыкладна ў дваццаці краінах свету. І гэта не столькі прадстаўнікі беларускай дыяспары, колькі замежнікі. Часта цікаўнасць да Беларусі абумоўленая тым, што чалавек мае тут нейкія роднасныя сувязі, яго продкі паходзілі з гэтых земляў. І гэтыя людзі шчыра зацікаўленыя ў развіцці беларускай культуры.

— Вы заступілі на новую пасаду і, канешне, мусіце мець ўяўленне пра тое, у якім кірунку будзе развівацца асацыяцыя. На што будзеце рабіць акцэнт?


— Пасля кангрэса, хаця прайшло і нямнога часу, мы правялі першае пасяджэнне беларускай часткі новаабранага камітэта. Было вызначана, што адным з прыярытэтаў дзейнасці мусіць быць рэстытуцыя — гэта значыць усё, што звязана з вяртаннем на Беларусь яе духоўных каштоўнасцяў, якія па тых ці іншых прычынах аказаліся па-за межамі краіны. Мы разумеем, што гэта няпростая справа, нешта было зроблена за час суверэнітэту Беларусі, маюцца рэестравыя спісы.

Але мы паспрабуем вызначыць найбольш важныя пункты ў гэтым рэчышчы з гледзішча дзяржавы, культуры. Каб канкрэтызаваць, хацеў бы згадаць бібліятэку Храптовічаў, яна фарміравалася прадстаўнікамі гэтага роду, а пасля была вывезеная за межы Беларусі. Значная яе частка знаходзіцца ва Украіне. Канешне, гэтая справа няпростая: трэба выходзіць на дзяржаўныя органы, мець абгрунтаванне, чаму той ці іншы прадмет варта вярнуць. Але, наколькі мне вядома, дзяржаўныя структуры Беларусі зацікаўленыя ў гэтым не менш за нас, таму мы спадзяемся на супрацоўніцтва з імі.

Мяркую, што напрамкі дзейнасці трэба пашыраць, каб за межамі Беларусі лепш прадставіць наша мастацтва і культуру ўвогуле. Канешне, на адным пасяджэнні камітэта немагчыма распрацаваць усё да драбніц. Але зразумела, што застанецца ў прыярытэтах пашырэнне сувязяў з актыўнымі людзьмі, якія ўваходзяць у Міжнародную асацыяцыю беларусістаў. Натуральна, мы зацікаўленыя, каб яны прапагандавалі беларускую культуру. З майго пункту гледзішча, нашу асацыяцыю можна разглядаць як форму народнай дыпламатыі за мяжой, але важна, каб гэты рух прысутнічаў і тут, каб пашыраліся шэрагі беларусістаў у абласных цэнтрах.

— Ці спрыяльныя ўмовы для вашай дзейнасці ў Беларусі?

— Стан беларускай мовы і культуры агульнавядомы. Канешне, перыядычна паўстае моўнае пытанне. Але думаю, што пэўнае паразуменне мы знаходзім і ў дзяржаўных органах, там таксама ёсць людзі, якія мову і ведаюць, і паважна да яе ставяцца. У навуковых адносінах беларуская мова распрацаваная дасканала, і па гэтых крытэрах знаходзіцца ў першых пазіцыях з шэрагу славянскіх моваў. Мова — душа культуры, гэта ўплывае і на агульны стан культуры Беларусі. Калі бываю за мяжой, то найперш калегі цікавяцца развіццём нашага грамадства з адметнасцямі карэннай нацыі. Мяркую, што гэта нават наш выйгрышны момант у міжнародных стасунках.

Думаю, не памылюся, калі скажу за ўсіх гуманітарыяў: за апошнія 20 гадоў мы насамрэч узбагаціліся ў гуманітарным плане. Напрыклад, гісторыкі вярнулі шмат імёнаў, іншая справа, што нямала ў нас і постацей, якія па тых ці іншых прычынах працавалі па-за межамі Беларусі.

— Ці былі падчас працы Кангрэсу беларусістаў нейкія складанасці?

— Заснавальнікамі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў з’яўляюцца МЗС, НАН Беларусі, Міністэрства культуры, Мінадукацыі. Першыя тры арганізацыі прынялі даволі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кангрэсу. Перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і замежных спраў, яны дэкларавалі гатоўнасць да супрацоўніцтва. Удзел Міністэрства адукацыі быў меншым, яны дапамагалі некаторымі кантактамі. Шчыра кажучы, мы спадзяваліся, што будзе большы ўдзел Міністэрства адукацыі. Яго кіруючыя работнікі ў кангрэсе не ўдзельнічалі, але што тычыцца самой сістэмы, то яна была прадстаўленая супрацоўнікамі розных універсітэтаў.

--------

Даведка:

Міхаіл Паўлавіч Касцюк — гісторык паводле адукацыі, каля дванаццаці гадоў працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі Нацыянальная Акадэміі навук Беларусі. Але ў 1999 годзе быў вызвалены з пасады з прычыны асабістага канфлікту Міхаіла Касцюка і Аляксандра
Вайтовіча, які на той час узначальваў Акадэмію навук і не ўпадабаў навуковую пазіцыю дырэктара інстытута.

-------------------------------------------------

Адам Мальдзіс:

Культура мусіць бегчы паперадзе ўсяго

Правядзенне V Міжнароднага кангрэса беларусістаў моцна падтрымалі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Акадэмія навук Беларусі. І абсалютна абмежавалася ад нас Міністэрства адукацыі, хаця яно і з’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Я не ведаю, чым гэта можна абгрунтаваць лагічна. Нашы пасяджэнні планаваліся на філфаку, але давялося ладзіць сустрэчы ў харэаграфічнай вучэльні. Частка дэлегатаў з усмешкай гэта ўспрыняла, хоць нас і гасцінна сустрэлі ў гэтай установе, але ўсё ж было нядобрае адчуванне.

Да кангрэсу выйшла некалькі выданняў. Адно з іх з дапамогай швейцарца Поля Сутэра. Ён — банкаўскі работнік, але захапіўся гісторыя беларускіх татараў. І дамогся выдання некалькіх кніг. Можна прывесці многа прыкладаў падобнай цікаўнасці да Беларусі, якая падаецца нават незвычайнай.

Думаю, што такая садружнасць навукоўцаў сапраўды патрэбная, каб прасоўваць беларускую культуру па свеце. У нас дзіўнае ўяўленне, што найперш важная эканоміка. Але калі чалавек не ўспрымае эмацыйна Беларусь, то ён не будзе надта зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Калі гаварыць шаблонам, то культура мусіць бегчы паперадзе ўсяго. Гэта ўласна і ёсць наша галоўная мэта — пашыраць прысутнасць Беларусі ў свеце, каб ведалі, што ёсць такая краіна і што дала яна многа выбітных асобаў. Зараз мы рыхтуем другое выданне пра выбітных беларусаў у памежных краінах — наша краіна заўсёды ў гэтым плане была донарам для суседзяў.

Што тычыцца рэстытуцыі, якой плануе займацца асацыяцыя, то я бачу яе і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Не заўсёды магчыма вярнуць страчаныя каштоўнасці, дык трэба, каб хаця б былі добрыя копіі, каб ладзіліся іх выставы. Але неаднойчы былі выпадкі, калі нехта з беларускіх навукоўцаў прыязджае, а да яго ставяцца насцярожана, бо хоча сваё вярнуць. Маю калегу ў Саратаве не пусцілі ў запаснікі музею, свае ж навукоўцы не выклікаюць такой алергіі. У нас пры Саўміне дзейнічае камісія, якая займаецца вяртаннем страчанай спадчыны. Лічу, што гэта вельмі добра, бо любое пытанне вырашаецца хутчэй, калі задзейнічаныя дзяржаўныя, грамадскія і навуковыя структуры.

У такіх няпростых эканамічных ды іншых абставінах захаваць асацыяцыю амаль без стратаў — добры вынік працы. Мяне вельмі парадавала, што на апошні кангрэс беларусістаў прыйшло многа моладзі, разумнай і без комплексаў. Асабіста я ўскладваю вялікія спадзяванні на новага старшыню, бо ён вельмі ўраўнаважаны, дасведчаны чалавек. Пастараемся падабраць людзей, якія будуць яму дапамагаць.

--------

Даведка

Адам Мальдзіс — доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, яе ганаровы старшыня. Аўтар шэрагу манаграфій і кніг. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі, чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі. Перакладае з польскай і балгарскай моваў.

Каментаваць