Беларускі авангард 1980-х

На Вадохрышча мяне заінтрыгаваў натоўп публікі ля ўвахода ў «Галерэю Ў». 19 студзеня тут адбывалася прэзентацыя «Х-паці ў стылі 80-х».



На Вадохрышча мяне заінтрыгаваў натоўп публікі ля ўвахода ў «Галерэю Ў». 19 студзеня тут адбывалася прэзентацыя «Х-паці ў стылі 80-х».

Гулліва-брутальная праграма яе прадугледжвала выступ ветэранаў беларускага авангарду і перадавікоў сац-арт-вытворчасці 1980-х, аўтограф-сесію з імі. А таксама выставу пладова-ягадных вінаў з калекцыі Ягора Сурскага, фуршэт у імправізаваным буфеце з канапкамі з салам, салёнымі гуркамі і іншымі прысмакамі ў слоіках ад рэжысёра імпрэзы Артура Клінава, які катэгарычна патрабаваў мець пры сабе гранёную шклянку. А яшчэ жывую музыку ў выкананні Зміцера Бартосіка і Андрэя Плясанава ды дыскатэку з дзіджэем Міколам Марксістам.

Прэзентацыя ладзілася з нагоды выдання мастацкага альбома «Беларускі авангард 1980-х». Выдадзены накладам у 250 асобнікаў і аб’ёмам у 150 старонак, на добрай глянцавай паперы, альбом утрымлівае больш за сотню рарытэтных аматарскіх фотакартак, якія збольшага абмалёўваюць зрэз неафіцыйнага мастацкага жыцця таго часу.

З’яўленне альбома — падзея доўгачаканая і не шараговая не толькі ў мясцовым культурніцкім асяродку. Тым больш, што гэты альбом ужо чацвёрты з 32-х запланаваных. У праекце, запачаткаваным у 2009 годзе мастаком і галоўным рэдактарам альманаха актуальнага беларускага мастацтва «pARTisan» Артурам Клінавым, ужо пабачылі свет альбомы: «Дванаццаць» (Артур Клінаў), «Ё Цэслер» (Уладзімір Цэслер), і «План уцёкаў» (Руслан Вашкевіч). У новым жа альбоме — блізу 150 твораў 35 мастакоў нонканфармістаў, якія ў 1980 гады гуртаваліся на падставе эстэтычнай (ці антыэстэтычнай) блізкасці, проста сяброўства ў такіх творчых суполках ды аб’яднаннях, як «Форма» (А. Бялоў, В. Пятроў-Хруцкі, В. Мартынчык, Т. Копша, У. Лапо...), «Галіна» (У. Акулаў, А. Ржэвуцкі, А. Тарановіч, М. Анемпадзістаў), «Плюраліз» (Л. Русава, А. Жданаў, І. Кашкурэвіч), «БЛО» (В. Чарнабрысаў, А. Клінаў, В. Песін, І. Барадуліна, А. Пілат ) і іншых.

Урачыста-афіцыйная частка прэзентацыі ўзняла шэраг відавочных і актуальных пытанняў. Так, да прыкладу, калекцыянер спадар Ксеневіч узняў гаворку пра неабходнасць (і мажлівасць) стварэння музея альтэрнатыўнага мастацтва. Добра вядомая і шматгранная асоба А. Плясанаў распавёў, як у яго калекцыі з’явіліся першыя творы незалежных мастакоў-пагодкаў. Мастацтвазнаўца сп. Л. Фінкільштэйн засяродзіла ўвагу прысутных на неабходнасці дакладнасці вызначэнняў: авангард або андэграўнд ці альтэрнатыўнае мастацтва?

Авангард (франц. аvant — «перадавы» і garde — «атрад») — агульная назва эксперыментальных плыняў, школаў, канцэпцыяў, ідэяў, творчых падыходаў асобных мастакоў ХХ стагоддзя ў іх імкненні да мастацкага стварэння «чыстых» сутнасцяў, «абсалюту». Андэграўнд (ад англ. Underground — «падпольны») належны да сукупнасці творчых напрамкаў у сучасным мастацтве, якія супрацьстаўляюцца маскультуры і не падтрымліваюць класічны шлях, не маюць першапачаткова свядома абранай камерцыйнай або ўжытковай мэты.

З працытаваных слоўнікавых тлумачэнняў вынікае, што, не зважаючы на свой запраграмаваны нігілізм, нонканфармісцкае мастацтва, мастацтва беларускага андэграўнду 1980-х гадоў (бо дэфініцыя «авангард» наднацыянальная), па большасці наследуе і распрацоўвае кірункі пачатку ХХ стагоддзя.

У адвечным двубоі за прыярытэт між зместам з формай, у часы крыяння постіндустрыяльнага грамадства, большая пашана да формы не азначае паразу рэалістычных выяваў адухоўленага зместу, а сведчыць хіба аб часовым першынстве цывілізацыйнай парадыгмы.

Хай ласкава даруе аўтар уступнага артыкула і ўкладальнік хронікі мастацкага жыцця мастацтвазнаўца Вольга Архіпава за тое, што, асмеліўся трошкі ўдакладніць яе слушную думку наконт таго, што «глабальныя грамадска-палітычныя ўзрушэнні таго перыяду (80-х гадоў — С.Г.)… прывялі да змен гістарычнай парадыгмы». Але слушна і тое, што гэтым трансфармацыям сацыяльным і «лёсавызначальным» працэсам папярэднічаюць адпаведныя рэвалюцыйныя трансфармацыі мастацтва, культуры ўвогуле.

Перыяду застойлівага міжчасоў’я, у які пачалі фармавацца контуры постіндустрыяльнага грамадства, была ўласціва прага «вольнага паветра», сапраўднай культуры, якая, не будучы адзіным вядучым чыннікам зменаў, з’яўляецца іх абавязковай папярэдніцай і перадумовай. У многім стыхійная, падсвядомая прага Волі ў тагачаснай адукаванай (прынамсі, знаёмай з польскімі часопісамі «Праект», «Штука», вугорскім «Мюверсэт»), народжанай у горадзе моладзі, з апірышчам на папярэднікаў пачатку стагоддзя, і «віцебскай школы» спрыяла актыўнаму роздуму, пошуку новых тэмаў, зместаў, формаў.

«Наэлектрызаванасць» атмасферы была прыкметнай ва ўсіх відах і ў колах афіцыйнага мастацтва. Згадаем хоць бы шматлікія суполкі, што ўзніклі ў межах афіцыйнага Саюза мастакоў — «Няміга», «Новая Акадэмія», «Пагоня» і інш.

Асабіста мне выданне «Беларускі авангард 1980-х» падаравала хвіліну лёгкай настальгіі па зніклай маладосці (не па каўбасе ў 2.20!) і імгненне бесклапотнай вандроўкі па часе, за якое я паспеў:

•    паназіраць Тыфліс разам з бязмежна цікаўным да ўсіх жыццёвых праяў Генкам Хацкевічам, абцёршы пот і пераводзячы дух на падэшве якойсьці гары, разам з Валодзем Шчаўкуном зачаравана ўглядацца ў ззяючы, вабна-алмазны капялюх вяршыні насупраць;

•    наведацца да паэта і творцы галерэі мутантаў гарэзы Лёшы Жданава, запраўленага «энергетычнай вадкасцю», у яго невялічкай бакоўцы кватэркі па Чырвонай, паставіць пад сумнеў праўдзівасць інтрыгуюча-змоўнцкай упэўненасці Чарнабрыса, што «працэс пошёл»;

•    праверыць разам з Ігарам Кашкурэвічам, ці адчыніць на іх званок уваходныя дзверы ў сваю кватэру яшчэ ўчора спікер Вярхоўнага Савет РБ;

•    на ўласнай варэльні, седзячы пад «сезанісцкім» нацюрмортам сябра, даслухаць эмацыйную прамову няўрымслівага Сяргея Лапшы (даўно як цвярозага) пра ўсеагульную неабходнасць засваення мінімалізму, пра яго ўласнае разуменне творчасці Ротка;

•    пазнаёміць Віцю Пятрова-Хруцкага і Сашу Забаўчыка з нямецкім авангардыстам Анатолем Чайкоўскім;

•    зайсці разам з Лёнікам Тарасевічам у майстэрню на Камуністычнай да Валеры Мартынчыка;

•    тусануцца на каве разам з Артурам Клінавым ва ўніверсаме «зайдзі-выйдзі»;

•    пабачыць, апрача знаёмых палотнаў, творы, якія ад нараджэння прапісаліся ў недасяжных воку замежных калекцыях…

І яшчэ, яшчэ, яшчэ… Лепшага падарунка і чакаць было не варта.

Густоўна сабраныя пад адным дахам вокладкі творы з прыватных калекцый розных краін ствараюць паўнавартасны партрэт неафіцыйнага беларускага мастацтва 1980-х, важкую частку нацыянальнага даробку. Але толькі частку. Калі «неафіцыйнае беларускае мастацтва 1980-х» уважаць за «авангард», то «Авангард Беларусі 1980-х» — больш слушнае азначэнне зместу альбома, бо сутнасна «тэхналогія» сама па сабе з’ява касмапалітычная.

Выбарка аўтараў — справа ўкладальнікаў альбома, але прыміце параду старонняга, альбом толькі б выйграў, калі б дадаліся творы: бацькі і сына Басавых, Т. Копшы, А. Родзіна, У. Шчаўкуна, творы зараз пісьменніка, грамадзяніна Швецыі З. Плакса, грамадзяніна Германіі А. Тарановіча і інш. Яны ўсе таксама прадстаўнікі альтэрнатыўнага мастацтва Беларусі, беларускага андэграўнду 1980-х. Але, безумоўна, усё гэта не самае істотнае, як і тыя нешматлікія недакладнасці, што сустракаюцца ў «хроніцы мастацкага жыцця». Нават калі гэтыя «артэфакты» абапіраюцца на дакумент — праграмку, запрашальнік і г.д.

Гэта першая праца, следам за якой мусяць з’явіцца наступныя: з пашыраным ілюстрацыйным шэрагам, які дасць мажлівасць прасачыць рух мастака, з дасканала выверанай фактаграфіяй, каментарамі, больш ёмістымі біябібліяграфічнымі даведкамі і г. д.

 

Абмеркаванне:

  • Вольга
  • 2013-03-31 22:03:28
http://belavangard.by/?p=677

Вось сайт, які быў зроблен па гэтаму альбому!

Каментаваць