«Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА)»

У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» выйшла кніга гісторыка Алега Гардзіенкі «Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА)».



У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» выйшла кніга гісторыка Алега Гардзіенкі «Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА)».

У 428-старонкавым ілюстраваным навукова-папулярным выданні распавядаецца пра адну з найбуйнейшых беларускіх грамадска-палітычных арганізацый у ЗША — Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, які дзейнічае з 1951 года па сённяшні дзень. Аўтар разглядае гісторыю арганізацыі на фоне падзеяў жыцця беларускай эміграцыі, палітычнага і царкоўнага расколу, а таксама замежнай і ўнутранай палітыкі ЗША.

Ва ўступе да манаграфіі гісторык Вітаўт Кіпель (ЗША) называе БККА «дзяржаўніцкай арганізацыяй», якая ад пачатку сваёй дзейнасці інфармавала ўрадавыя колы і шырокае грамадства Амерыкі, прадстаўнікоў дзяржаў — сябраў ААН пра каланіяльны стан псеўданезалежнай БССР, выкрывала генацыдную і русіфікатарскую палітыку савецкай улады ў Беларусі, пашырала ў вольным дэмакратычным свеце веды пра гістарычнае развіццё беларускай нацыі ў еўрапейскім кантэксце ды абгрунтоўвала, падтрымлівала імкненне беларускага народа да адраджэння беларускай дэмакратычнай дзяржавы.

Паводле слоў Кіпеля, БККА інфармаваў міжнародную грамадскасць пра вызвольнае змаганне беларускага народа, жаданне вырвацца з маскоўска-савецка-расійскай імперыі ды адрадзіць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 года.

У прадмове да даследавання Гардзіенка зазначае, што БККА ператварыўся ў «сапраўды знакавы феномен» эміграцыйнага жыцця. Паводле яго слоў, камітэт з самага пачатку імкнуўся выступаць ад імя ўсіх суайчыннікаў-выгнанцаў, а таксама аб’яднаць усіх беларусаў у ЗША незалежна ад іх палітычных, рэлігійных і іншых поглядаў.

На думку аўтара, выкарыстанне ўсяго комплексу друкаваных, рукапісных і вусных сведчанняў дазваляе аднавіць гісторыю і сучаснасць БККА ва ўсёй неадназначнасці і разнастайнасці, адкрыць новую старонку ў вядомай грамадскасці гісторыі замежнай Беларусі.

Марат Гаравы, БелаПАН

 

Каментаваць