Беларускім дзецям навучанне па-беларуску

29 красавіка Сакратарыят Таварыства беларускай мовы прыняў зварот да ўсіх неабыякавых людзей, у якім заклікае да працы па рэальным пашырэнні ўжывання беларускай мовы. Прапануем яго нашым чытачам.

Пачынаючы з 1959 года на Беларусі мэтанакіравана зачыняліся беларускамоўныя ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў, нават беларускую літаратуру ў сталічных школах часам выкладалі па-руску. Сітуацыя пачала мяняцца да лепшага толькі ў перыяд з 1990 па 1995 гады, калі большасць першакласнікаў у краіне пачала навучацца па-беларуску.

Аднак пасля рэферэндуму 1996 года і адпаведных зменаў у Канстытуцыі і Законе аб мовах сістэма бесперапыннай беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі прыйшла ў заняпад. Зараз у краіне амаль адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі, а колькасць вучняў, што навучаецца на мове тытульнай нацыі, скарацілася да 18%. Раней гарадскія дзеці вучыліся роднай мове на вёсцы ў сваіх бабуль і дзядоў. Аднак цяпер вёска вымірае, а ў горадзе далёка не кожны дзед ці бабуля валодае мовай продкаў.

Таму ТБМ прапануе стварыць Усебеларускі бацькоўскі камітэт трох узроўняў з мэтай забеспячэння навучання сваіх дзяцей па-беларуску. Спачатку маладыя бацькі аб’ядноўваюцца з мэтай выхавання сваіх дзяцей па-беларуску ў дзіцячых садках, потым — для навучання ў школе, а калі дзеці дойдуць да 10–11 класа, паўстане неабходнасць адкрыцця беларускамоўных плыняў і груп у ВНУ. 8 красавіка быў створаны Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт з бацькоў Фрунзенскага раёна горада. Зараз да іх далучаюцца бацькі з іншых раёнаў.

Мы заклікаем стварыць такія камітэты ў іншых гарадах, а потым аб’яднаць іх у адзіную структуру з адпаведным узроўнем каардынацыі і банкам звестак.

Ахвотныя далучыцца могуць скантактавацца з Сакратарыятам ТБМ па электроннай пошце siadziba@gmail.com, па тэлефоне (017) 284–85–11 (у буднія дні з 17 да 19 гадзін).

Заклікаем усіх ахвотных да агульнай працы па рэальным пашырэнні ўжывання беларускай мовы.

Каментаваць