Беларускае адкрыццё Амерыкі

Кніга Любові Уладыкоўскай «Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?» займае адмысловае месца сярод сучасных выданняў.



Кніга Любові Уладыкоўскай «Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?» займае адмысловае месца сярод сучасных выданняў.


Напісаная на цудоўнай беларускай мове, яна ўводзіць чытача ў кантэкст такой геаграфічна далёкай ад нас краіны, як ЗША. На фоне агрэсіўнага антыамерыканізму ў афіцыйных колах Беларусі катастрафічна бракуе навуковай і пазнаваўчай літаратуры, прысвечанай аб’ектыўным ведам пра Амерыку. Між тым, хочацца каму таго ці не, але Злучаныя Штаты Амерыкі, як слушна піша аўтар, «задаюць тон і вектар развіцця ўсяму сучаснаму свету». І, каб канчаткова не апынуцца на ўскрайку цывілізацыйнага развіцця, належыць усебакова і глыбока ведаць, што адбываецца ў свеце.


Любоў Уладыкоўская раскрывае гісторыю станаўлення амерыканскай нацыі — комплексна, міждысцыплінарна паказваючы асноўныя гістарычныя этапы фармавання адмысловага амерыканскага феномену, які выяўляецца і ў амерыканскай культуры, і ў менталітэце, і ў сістэме каштоўнасцей. Барацьба за незалежнасць з метраполіяй, крывавыя супярэчнасці паміж прамысловай Поўначчу і рабаўладальніцкім Поўднем і вызваленне ад рабства, постаці многіх амерыканскіх прэзідэнтаў, вынесеныя на старонкі кнігі, паказ іх укладу ў росквіт амерыканскай нацыі (асабліва ж Абраама Лінкальна, да якога аўтарка, як адчуваецца, мае асаблівыя сімпатыі), развіццё амерыканскай эканомікі і прадпрымальніцтва, культуры, яе проста недасягальныя сацыяльнае і міжнароднае вымярэнні — усё гэта паказана ў супастаўленні з беларускімі рэаліямі, даючы, аднак, прастору для самастойнага роздуму самім чытачам.


«Беларускае адступленне» прысвечана сучасным надзвычай актуальным пытанням цэласнасці беларускай нацыі і яе стратэгіі, заснаваных на фундаментальных нацыянальных каштоўнасцях: беларускай нацыянальнай культуры, беларускай мове, нацыянальнай ідэнтычнасці і міжкультурным дыялогу. Як справядліва піша аўтарка, «гэта тыя ідэі і прынцыпы, дзе кампрамісы не дапускаюцца і дзе няма і не можа быць ніякай адмысловай мадэлі і ніякай адмысловай стратэгіі… ёсць пазіцыі, якія не падлягаюць дыскусіі і на дэбаты пра якія даўно час накласці вета. Такой пазіцыяй выступае нацыянальная мова».


Беларуская нацыянальная культура, як доказна і аргументавана даводзіць даследчыца, з’яўляецца сапраўдным фундаментам дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, без якіх і сама дэмакратызацыя грамадства немагчымая.


Любоў Уладыкоўская пераканаўча паказала рэзкую падзеленасць, расколатасць сучаснага беларускага грамадства і прыйшла да высновы, што дакладная фармулёўка нацыянальных інтарэсаў магчымая толькі пры наяўнасці грамадскага кансенсусу па вызначальных, стратэгічных напрамках. Цалкам пагаджаюся з аўтарам, што «ў маральнай і геапалітычнай плоскасці рэалізуецца не грамадства, а нацыя. Нацыя ставіць сабе мэты, выбірае каштоўнасці, да якіх звяртаецца сама і на якія арыентуе наступныя пакаленні, бо яна мае свае святыні, свае ідэалы і свае абавязкі».


Любоў Уладыкоўская правільна акцэнтуе ўвагу чытача на неабходнасці пазбаўлення ад рабскага мыслення, сервілізму ў паводзінах, што спрэс пануюць у сучасным грамадстве, адзначае неабходнасць арыентацыі на высокія ідэалы гонару і годнасці, якія спрадвеку былі ўласцівыя беларускай, як і любой іншай, шляхце. Адарванасць сучаснага масавага беларуса ад кантэксту нацыянальных культурных традыцый, у першую чаргу мовы, хрысціянскіх каштоўнасцей і ідэалаў робіць яго безабаронным перад разбуральным засіллем масавай сурагат-культуры і амаральных стэрэатыпаў і, як вынік, прыводзіць да разбурэння так званых трох «П» — пасіянарнасці, праведнасці і прафесіяналізму.


У кнізе глыбока аналізуецца сучасны стан беларусістыкі ў ЗША і амерыканістыкі ў Беларусі, паказваюцца стэрэатыпныя ўяўленні беларусаў пра Злучаныя Штаты Амерыкі, якія не заўжды адпавядаюць рэальнасці. Аўтар мае рацыю, пішучы, што Амерыка вабіць нас не толькі як краіна са значна вышэйшым узроўнем дабрабыту, але як край свабоды і дэмакратыі, неабсяжных магчымасцей для рэалізацыі творчага патэнцыялу асобы, як зямля выдатнейшых дасягненняў чалавечай думкі і як узор гарманічнага ўзаемадапаўнення цэласнага нацыянальнага арганізму і полікультурнай разнастайнасці — своеасаблівага глабалізму ў мініяцюры.


А што з амерыканскага сацыякультурнага вопыту варта выкарыстаць нам у першую чаргу, можна даведацца, прачытаўшы ўсю кнігу, тым больш што яна напісана ў папулярнай, лёгкай форме і разлічана на шырокае кола чытачоў. Няма сумнення, што пасля ўважлівага прачытання кнігі ўзнікне жаданне наведаць гэтую далёкую і ўнікальную, адначасова блізкую і ўніверсальную краіну, якую кожны можа ўбачыць па-свойму і адкрыць наноў, тым больш, што ўсе мы, як слушна піша Любоў Уладыкоўская, нараджаемся свабоднымі…

Леанід ЛЫЧ, прафесар

Каментаваць