Беларускае Адраджэнне

27 лютага ў кавярні «Добрыя мыслі» адбылася афіцыйная прэзентацыя чацвёртага па ліку альбома Таццяны Беланогай.

Выканаўца — заўважны прадстаўнік сучаснай бардаўскай песні Беларусі. У большасці сваіх твораў Таццяна з’яўляецца аўтарам музыкі і словаў. Таксама яна выконвае на ўласную музыку вершы такіх выбітных паэтаў, як Максім Багдановіч, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Сыс, Данута Бічэль, Чэслаў Мілаш.



27 лютага ў кавярні «Добрыя мыслі» адбылася афіцыйная прэзентацыя чацвёртага па ліку альбома Таццяны Беланогай.

Выканаўца — заўважны прадстаўнік сучаснай бардаўскай песні Беларусі. У большасці сваіх твораў Таццяна з’яўляецца аўтарам музыкі і словаў. Таксама яна выконвае на ўласную музыку вершы такіх выбітных паэтаў, як Максім Багдановіч, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Сыс, Данута Бічэль, Чэслаў Мілаш.

Прага вандраванняў кіравала яе не толькі ў навуку і падарожжы, а і ў вывучэнне навакольнага свету і свету чалавека праз паэзію і музыку. Яе творчым павадыром зрабіўся таксама прысутны на канцэрце мэтр аўтарскай песні Алесь Камоцкі. Так нарадзілася новая — заўважу з мужчынскім эгаізмам — пяшчотная і паэтычная, але выразна моцная характарам музычная зорачка.

Новы альбом выдаўся вельмі роўны па якасці выканання і паэзіі, але, магчыма, трошкі пазбаўлены драматычных акцэнтаў, звычайна характэрных для творчасці Беланогай. Што тут скажаш — магчыма, у чалавека ўсё добра ў асабістым жыцці, і таму напал пачуццёвага надрыву часова сыходзіць? Калі так, парадуемся, бо навошта нам гэтыя блюзавыя інтанацыі: як гавораць, блюз — гэта калі добраму чалавеку кепска.

У выніку наведвальнікі канцэрта сышліся на тым, што другая частка імпрэзы, складзеная з выбраных твораў, уражвала мацней. Але ж гэта — выбранае. У новым альбоме таксама хапае кампазіцый, поўных напятага пачуцця. Як, прыкладам, «Белае воблака» — прысвячэнне Алесю Адамовічу. Ці «Каменны горад» — разважанні на блізкія Таццяне тэмы пра сэнс жыцця і, можна сказаць так, Боскай праўды ў ім. Дарэчы, выкананне аўтарскіх песень на прэзентацыйным канцэрце вельмі гарманічна дапаўняла яшчэ адна гітара і скрыпка.

Атмасфера кавярні «Добрыя мыслі» выдатна спрыяла прэзентацыі: канцэрт адбываўся на фоне мастацкай выставы Алены Старыкавай. У кавярні апошнім часам «прапісаўся» клуб бардаўскай песні БДУ, музычныя сустрэчы адбываюцца вельмі часта, раім нашым чытачам сачыць за афішай гэтай гасціннай установы. Раней Таццяна Беланогая, універсальны ў творчасці чалавек, там рабіла экспазіцыю сваіх малюнкаў, а на канцэрце прапаноўвала зробленыя з іх эстэтныя паштоўкі. Вось такі своеасаблівы «рэнесансавы ўніверсалізм» у творчасці рэпрэзентуе сабою Таццяна. Што ж, вітаем чарговае беларускае Адраджэнне.

Дадамо, што альбом «Ніткі» з 14 кампазіцыямі Таццяна запісала ў 2010 годзе. Канцэпцыя альбому, як заўважае аўтарка, — паказаць нябачныя повязі паміж людзьмі ў межах сям’і, краіны, сусвету. На дыску змяшчаюцца пераклады тэкстаў песень на польскую і англійскую мовы, кліп Настассі Маркавай «Да цябе» (2010).
 

Каментаваць