«Беларусы не асімілююцца... Мы ўжо лічылі, што ведаем Украіну». У МГУ адкрылі Цэнтр беларускай мовы

У Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава адкрылі Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і культуры. Яго ўзначаліла Ала Шэшкен, прафесарка кафедры славянскай філалогіі, паведамляе Радыё Свабода.

Ала Шэшкен нарадзілася ў Лепелі, на Віцебшчыне. Пасля заканчэння школы ў Полацку, вучылася ўва ўніверсітэтах Ленінграду, Белграду і Масквы. У МГУ яна займаецца паўднёваславянскай культурай і выкладае беларускую літаратуру. 

— Ала Генадзьеўна, чаму ў МГУ дагэтуль няма беларускай мовы, як асноўнай. Ёсць, напрыклад, украінская. Але ж афіцыйныя Мінск і Масква — саюзнікі, паміж дзяржавамі няма мяжы. 

— У гэтым няма ніякай палітыкі. У 90-ыя гады ўсе перажывалі не найлепшыя часы, а такія рэчы дыктуюцца жыццёвай неабходнасцю. Калі ў нас з’яўляліся спецыялісты, то беларуская мова некаторы час выкладалася, але, падкрэслю, не як асноўная. Але раней і патрэбы рыхтаваць кадры ў Расіі не было.

 — А што зьмянілася? Што прымушае цяпер уводзіць лекцыі па беларускай мове, літаратуры і культуры ў расійскай ВНУ нумар адзін?

 — Цяпер іншая сітуацыя. Ёсць незалежныя дзяржавы. Трэба ажыццяўляць кантакты па лініі МЗСу, дзе пратакол вымагае прысутнасць беларускай мовы. Усё гэта будзе, гэта пытанне часу. Мы дзеля гэтага і працуем.

 — Тым не менш, па-беларуску ў Беларусі размаўляе не шмат людзей. А чыноўнікі і пагатоў надзвычай рэдка.

 — А вось падчас адкрыцця нашага цэнтру ўсе беларускія госці, і з Гарадзенскага ўніверсітэта, і беларускія дыпламаты, прамаўлялі на беларускай мове. Аляксандар Лукашанец з Акадэміі навук даслаў свой зварот па-руску, бо ён для шырокай публікі, якая магла не разумець беларускай, а гарадзенская прафэсарка Людміла Рычко паралельна прачытала яго і на беларускай мове. Нашым студэнтам было вельмі цікава.

 — А як студэнты МГУ да гэтага часу знаёміліся зь беларускай культурай?

 — У нас ёсць курс па беларускай літаратуры. Там і Сярэднявечча, і Адраджэнне, і сучасная беларуская літаратура. Мы распавядаем пра Ефрасінню Полацкую, Францішка Скарыну, Сімяона Полацкага, а таксама класікаў — Коласа, Купалу, Багдановіча. І, вядома, Адамовіча, Быкава, як пра магутнейшую асобу еўрапейскага маштабу, і Сьвятлана Алексіевіч. У нас ёсць навуковы часопіс МГУ, дзе мы друкуем і артыкулы па-беларуску. Гэта нашая прынцыповая пазіцыя.

 — Чым будзе займацца ваш цэнтар?

 — Мы будзем папулярызаваць беларускую мову, літаратуру і культуру. Плануем увесці дыстанцыйныя курсы беларускай мовы. Мы хочам, каб нашыя маладыя кадры пазнаёміліся з Беларуссю. Будуць летнікі для найлепшых студэнтаў, якія змогуць палепшыць веданне беларускай мовы ў Беларусі. Мы будзем збіраць кнігі па беларускай мове і літаратуры, каб студэнты маглі з гэтай тэмай знаёміцца. Калегі з Гродна будуць нам у гэтым спрыяць.

 — Наколькі можа быць запатрабаванай у МГУ такая ўстанова? Каму на практыцы патрэбныя такія веды? Раней жа безь іх абыходзіліся?

 — Мы праводзілі ўнутранае сацыялагічнае апытанне. Яно даказала, што ёсць такая патрэба. Славістыка раней перажывала не найлепшыя часы. Быў нейкі крэн на Захад. Але зараз усё выроўніваецца. Расце інтарэс да славянаў. Без знаёмства з праблемамі славянаў у сучасным сьвеце стала складана існаваць. Славяне займаюць ледзь не цэнтральнае месца ў еўрапейскім палітычным дыскурсе. І калі ў гэтым не разбірацца, то атрымаецца вельмі шмат памылак і глупстваў.

 — На працягу літаральна аднаго ўчорашняга дня з Расіі прыйшло ажно тры навіны падобнага характару: стварэнне вашага цэнтру, перакладчыцкая група ў Інстытуце Горкага, аднаўленне вывучэння беларускай мовы ў Піцеры. Вы лічыце, што гэта выпадкова?

 — Я магу выказаць здагадку, што тут менш за ўсё палітыкі. Тут цікавасць да агульных культурных каранёў. 500-годдзе славянскага кнігадрукавання сёлета прагучала вельмі моцна. Культурная частка насельніцтва зьвярнула на гэта ўвагу.

 — Няўжо раней ніхто не бачыў, што ў Беларусі ёсць свая мова, культура, літаратура?

 — Беларусы вядуць сябе вельмі актыўна. Мы раней жылі ў адной дзяржаве і для старэйшага пакалення веды адзін аб другім былі натуральнымі. Маладыя ж выраслі ў іншай геапалітычнай і геаграфічнай прасторы. Мы адчуваем, што мусім даць веды пра нашых адзінакроўных славянскіх братоў. Магчыма і падзеі ва Ўкраіне падштурхнулі да таго, каб цікавіцца тым, што мы лічылі часткаю сябе. Мы лічылі, што ўсё ведаем. А яно мае сваю спэцыфіку. Яе трэба разумець і разбірацца ў ёй. А дзеля гэтага трэба яе вывучаць.

 — Гэта дзіўна яшчэ і таму, што ў самой Беларусі ёсць сур’ёзныя праблемы з вывучэннем сваёй мовы.

— Але беларуская мова павінна падтрымлівацца. У свой час беларусы зрабілі мудрэйшую рэч. Калі б і Украіна прызнала дзве дзяржаўныя мовы, і прыняла федэратыўны лад, усё было б добра. І Крым быў бы ў іх, і не было б Данбасу. Яна б цяпер квітнела і сядзела паміж двух крэслаў, і атрымлівала б з двух бакоў дывідэнды. Але гэта не мая справа, я не палітык. Палітыка Беларусі выклікае вялікую сімпатыю. А выхад беларускіх спартоўцаў з расійскім сцягам! Вы думаеце, што ў нас гэтага ніхто не заўважыў? Уся краіна бачыла і апладзіравала. Колькі славяне павінны схіляць галаву перад англасаксамі, немцамі, французамі? Трэба мець сваё я, тады і нас будуць шанаваць.

 — Ала Генадзьеўна, вы вось узгадалі пра дзьвюхмоўе. Але яно фактычна збіла хвалю адраджэння беларускай мовы і прывяло да таго, што беларускіх школаў — вобмаль. І іх колькасць толькі змяншаецца.

 — У любой з’яве ёсць рэчы, якія могуць быць вельмі пазітыўнымі, а могуць мець і негатыўныя рысы. Беларуская мова недастаткова прысутнічае ў Беларусі, у тэлевізіі, на радыё. Калі людзі размаўляюць па-беларуску, то гэта жывая гутарка, дыялекты. Добрая мова — гэта інтэлігенцыя. Але за гады незалежнасці беларусы без лішняга шуму зрабілі вельмі шмат. Гляньце, колькі выдадзена кніг па гісторыі Беларусі, колькі рэпрынтных выданняў, колькі даследаванняў па мове, гісторыі, культуры. Колькі альбомаў па архітэктуры. Гэта правільна. Так, шмат хто гаворыць па-руску, бо тэлебачанне збольшага расійскае. Але цяпер і яе стала менш.

 — Але навошта нешта рабіць павольна і нягегла, калі можна больш энэргічна?

 — Беларусы — людзі сістэмныя. За што возьмуцца, то без лішняга шуму, паціхеньку робяць. Мне падаецца, што беларуская мова паволі ўмацоўвае свае пазіцыі, а не губляе. Калі гэта патрэбна для палітычнай ці дыпламатычнай кар’еры, то гэта робіцца прэстыжным.

 — То бок можна лічыць, што стварэнне вашага цэнтру гэта адказ на рост папулярнасці беларускай мовы і рост нацыянальнай сьвядомасці?

 — Ініцыятыва зыходзіла ад гарадзенцаў. Яны з ёй прыйшлі да рэктара, а той яе горача падтрымаў. Усе падтрымалі. Так, гэта водгук на працэсы, якія важныя для Беларусі. Гэта знак павагі да нашага брацкага славянскага народу зь якім, шчыра кажучы, мы не адчуваем вялікай розніцы.

 — І вось гэты момант шмат каго бянтэжыць у Беларусі. Нават рускамоўных беларусаў. Маўляў, у Расіі нас успрымаюць як частку рускага народу, а не нацыю, за якой гісторыя Вялікага княства літоўскага, БНР, свая мова.

 — Я сама прадукт ВКЛ. Мае дзяды — літоўцы, беларусы, латышы, палякі, а адна з бабуляў — Маскалёва. Стаўленне да Беларусі і яе гісторыі залежыць ад канкрэтнага чалавека і асяроддзя. Мне такіх, што адмаўляюць існаванне Беларусі, не даводзілася сустракаць. Але такое ёсць. Таму і трэба ўсё тлумачыць. Няма сэнсу злавацца. Людзі, якія так кажуць, проста не ведаюць гісторыі. Менавіта таму трэба такія веды папулярызаваць.

 — І як бы вы ім патлумачылі, што яны ня маюць рацыі?

 — Этнас — жывы арганізм, ён развіваецца. Ёсць народы, якія зніклі. А беларусы захаваліся і ва ўмовах Рэчы Паспалітай, якая не жадала іх бачыць як ідэнтычнасць, і ва ўмовах Расійскай імперыі, якая баялася, што пад беларускай вопраткай палякі нешта задумваюць. І гэта прагучала ў 1918 годзе, змагло аформіцца ў дзяржаву. Беларусы ў такіх умовах сфармавалі свядомасць, выгадавалі таленавітых людзей, прымусілі гучаць сваю мову. Беларусы выжывуць, нікуды яны ня дзенуцца, не асімілюцца. Беларусы дзейнічаюць далікатна, паступова, і гэта слушна. На ток-шоў на нашых каналах сапраўды можна сустрэць такія рэчы, якія могуць абураць.

 — І яны абураюць. Не толькі звычайных грамадзян, але і афіцыйных чыноўнікаў.

 — І правільна, што беларусы крыўдзяцца. Але трэба тлумачыць людзям пра Беларусь. Бо ў гэтых ток-шоў удзельнікі часта спасылаюцца на расійскіх навукоўцаў XIX стагоддзя. Сапраўды, у XIX стагоддзі так думалі. Але ўяўленні пра славянскія народы, мовы, культуры развіваліся. Сёння неабавязкова спасылацца на тых навукоўцаў, хаця ў свой час яны былі аўтарытэтнымі. Стан навукі быў іншым, было іншым знаёмства з беларускай мовай. Але навука не стаіць, яна разьвіваецца.

 — Ала Генадзьеўна, скажыце, як правільна ў Расіі па-расійску казаць: Беларусь ці Белоруссія? Бо ў нас часта ўспрымаецца балюча, калі расійцы памыляюцца з назвай нашай краіны.

 — Прабачце за Беларуссію. Гэта выдатак мінулага. Правільна — Рэспубліка Беларусь. Мяне неяк запрасілі чытаць лекцыю ў Полацкі ўніверсытэт і я некалькі разоў сказала Белоруссія. Моладзь мяне асекла, ім не спадабалася, калі я так сказала. Яны выраслі ў незалежнай краіне. І гэта правільна. Калі нашыя студэнты кажуць Белоруссія, то я іх папраўляю.

 — Магчыма вам удасца навучыць казаць Беларусь і расійскіх дыпламатаў, калі яны прыйдуць у ваш цэнтар а лекцыі?

 — Калі яны прыйдуць, то мы тут іх шмат чаму навучым.

Каментаваць