«Белфільм» стварае віртуальную шпакоўню дакументальнага кіно

24 мая з'явіўся сайт асацыяцыі «Белфільм». Суполка папулярызуе й прасоўвае сучаснае дакументальнае кіно. Заснавальнік арганізацыі Алег Дашкевіч запрасіў беларускіх аўтараў са сталіцы і рэгіёнаў да супрацоўніцтва ў жыцці — і праз сеціва. Рэжысёры Віктар Аслюк, Юры Хашчавацкі, Вольга Дашук ідэю падтрымалі.

24 мая з'явіўся сайт асацыяцыі «Белфільм». Суполка папулярызуе й прасоўвае сучаснае дакументальнае кіно. Заснавальнік арганізацыі Алег Дашкевіч запрасіў беларускіх аўтараў са сталіцы і рэгіёнаў да супрацоўніцтва ў жыцці — і праз сеціва. Рэжысёры Віктар Аслюк, Юры Хашчавацкі, Вольга Дашук ідэю падтрымалі.

 Два гады таму, у 2010 годзе, у Вільні беларускія і літоўскія кінематаграфісты стварылі асацыяцыю «BelFilm». Мэтай арганізацыі абвяшчалася «знаёміць грамадства з цікавым і нестандартным кіно, адкрываць новыя імёны, засноўваць асяродкі аматараў дакументалістыкі, арганізоўваць дыскусіі паміж творцамі і гледачамі». Мастакі з іншых краінаў далі згоду на дэманстрацыю сваіх твораў.

Рэжысёр і журналіст Алег Дашкевіч аб'ездзіў Беларусь — і паказваў сучасныя дакументальныя стужкі, што набылі шырокі розгалас у свеце. «Гэта было складана — кажа ён. — Чыноўнікам і хацелася паставіць галачку за культурнае мерапрыемства, і было боязна.» Там, дзе страх адступіў, гледачы пабачылі фільм пра ваеннага фатографа Робэрта Кінга, карціны пра Ганну Паліткоўскую і забароненых бірманскіх камедыянтаў, і стужку «Нестыхійнае бедства ў Сычуані» амерыканскага класіка Джона Алпэрта, які рабіў гутаркі з Фідэлем Кастра й Садамам Хусэйнам.

 Цяпер Дашкевіч заявіў пра новы этап. На мінскай сустрэчы з журналістамі і рэжысёрамі ён прадставіў сайт, які мусіць лучыць беларускіх заўзятараў дакументалістыкі ў віртуальнай прасторы. На сайце ёсць навіны, мерапрыемствы, кантактныя тэлефоны -- і спасылкі на відэаматэрыялы. Адмысловая рубрыка «Не фармат» -- аўтарскія гутаркі з творцамі. Першым дэбютаваў у ёй Юры Хашчавацкі.

На адкрыцці сайту Хашчавацкі параўнаў адукацыйныя праекты «Белфільму» з пабудовай шпакоўняў, дзе гадуецца беларуская кінакультура. «Дакументалісты захоўваюць час для заўтрашніх творцаў, для гісторыі», — дадаў ён. Рэжысёр Віктар Аслюк, адзіны ў Беларусі еўрапейскі кінаакадэмік, сказаў, што дакументальнае кіно -- не самае масавае відовішча, і суполка — добрая з'ява. Ягоная стужка «Рабінзоны Манцісаары» маецца ў архіве «Белфільму», роўна як і фільм Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба».

Беларускія дакументалісты з рэгіёнаў ўжо пачалі дасылаць у «Белфільм» свае працы. «Ёсць цікавая стужка з Берасця з неверагоднай колькасцю рэдкіх архіўных кадраў», — пахваліўся Дашкевіч.

Віртуальная адрэса «Белфільму» —  http://belfilm.org

Каментаваць