Белсат, Сяржук Доўгушаў: хто прадставіў Беларусь на міжнародным фэсце ў Варшаве? (фота)

У Варшаве 9 чэрвеня прайшоў International Festival of Warsaw. Нашу краіну прадстаўляў стэнд Беларускага Дома ў Варшаве і тэлеканала "Белсат", а на сцэне — музыкі Сяржук Доўгушаў, Васіль Семашкевіч, Мікалай Юніцкі, этнахарэограф Сяргей Выскварка з Любані.

Імпрэза мае банальную назву International Festival of Warsaw. Небанальна тое, што яна піярылася як сямейны пікнік і мела даволі вялікую гульнёвую зону для дзяцей. 

 International Festival of Warsaw канцэпцыяй нагадвае гарадзенскі Фестываль нацыянальных культур: этнічныя супольнасці, што жывуць у Польшчы, прадстаўляюць краіны свайго паходжання. Але заклік арганізатараў прыходзіць сем'ямі надаў варшаўскаму фестывалю "чалавечы твар": замест ВДНГ, якую можна было б чакаць, атрымаўся шчыльны кантакт выступоўцаў і гледачоў, актыўная падтрымка "сваіх" артыстаў дыяспарамі.

У International Festival of Warsaw удзельнічала каля 20 краін. Некаторыя (нават Сірыя) былі прадстаўленныя на самым высокім узроўні, стэндамі ад амбасадаў, некаторыя — грамадскімі арганізацыямі ці прыватнымі крамамі этнічнага накірунку.


Як распавёў сустаршыня Беларускага дома ў Варшаве Уладзімір Кобец, арганізатары фестывалю спярша звярнуліся да амбасады Беларусі ў Польшчы. Аказалася, патрабуецца столькі ўзгадненняў з Мінскам, што амбасада вымушанная была адмовіцца. Тады запрасілі Беларускі Дом у Варшаве. Удзел у фестывалі — справа нятанная, толькі арэнда месца з намётам каштуе тысячу злотых (каля 500 беларускіх рублёў).

Беларусы вырашылі збіраць сродкі краўдфандынгам і атрымалася амаль удвая больш, хапіла яшчэ на тое, каб запрасіць з дэманстрацыяй танцавальнай традыцыі свайго краю Васіля Семашкевіча, Мікалая Юніцкага і Сяргея Выскварку з Любані. Гледачы ахвотна далучаліся да танцаў, пагулялі ў вясельную гульню з хусткай.

Сяржук Доўгушаў ужо амаль паўгода жыве ў Варшаве. На фестывалі ён выступіў са спевамі пад колавую ліру. Гуляючы па фестывальных пляцоўках, беларускія музыкі пагралі разам з нігерыйскімі бубначамі і выцягнулі ўкраінку паскакаць гапак.

На беларускі стэнд наведвальнікаў запрашала прадстаўніца тэлеканала "Белсат", раздаючы фірмовыя торбачкі.

На стэндзе можна было даведацца пра дзейнасць канала і Беларускага Дома ў Варшаве, набыць кнігі ад незалежных беларускіх выдавецтваў, пачаставацца дранікамі, чорным хлебам са смальцам, салёнымі гуркамі, лідскім квасам і нават самагонкай.

Яшчэ гасцей на стэнд заваблівалі гукі дуды Аляксея Бурносенкі. Шырока вядомы ў вузкіх колах шоўмэн і прадусар пераехаў з Мінска ў Варшаву, але працягвае папулярызаваць беларускую культуру.

Яшчэ, хоць гэта і не было абвешчана, Беларусь прадстаўляла танцоўшчыца belly dance Ала Ключанкова. Дзяўчына родам з Гомеля, тры гады таму пераехала ў Варшаву і стварыла ўласную танцавальную студыю Aliah, якая выступіла на галоўнай фестывальнай сцэне і яшчэ дала майстар-клас.


Агулам атмасфера варшаўскага фестывалю, як і ў Гародні, святочная, людзей менш, затое шмат інтэрнацыянальных пар з дзецьмі. Адчуваецца, што жыхары Варшавы прызвычаенныя да розных культур і ўспрымаюць іх хутчэй як частку штодзённага жыцця, чым як экзотыку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць