Без гусараў: альтэрнатыўная «Славянка»

З 10 па 16 ліпеня ў Віцебску прайшоў XVIII фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Сёлета мерапрыемства было як ніколі маштабным: яно стала сустрэчай 5 тысяч артыстаў і 100 тысяч гледачоў. Гатэлі горада былі забітыя пад завязку, частку ўдзельнікаў сялілі ў Оршы. На вуліцах значна часцей, чым у мінулыя гады, можна было пачуць замежныя мовы. Удзел у свяце яднання ўсіх славян узялі прадстаўнікі 17 краінаў, сярод іх — «славяне»-бразільцы і «славяне»-в’етнамцы.



З 10 па 16 ліпеня ў Віцебску прайшоў XVIII фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Сёлета мерапрыемства было як ніколі маштабным: яно стала сустрэчай 5 тысяч артыстаў і 100 тысяч гледачоў. Гатэлі горада былі забітыя пад завязку, частку ўдзельнікаў сялілі ў Оршы. На вуліцах значна часцей, чым у мінулыя гады, можна было пачуць замежныя мовы. Удзел у свяце яднання ўсіх славян узялі прадстаўнікі 17 краінаў, сярод іх — «славяне»-бразільцы і «славяне»-в’етнамцы. Але святам мастацтва старая добрая «Славянка» стала далёка не для ўсіх.

Праз тыдзень пасля заканчэння дзейства Віцебск напоўнены аўрай правінцыйнага мястэчка, якое толькі што пакінулі гусары. У па-новабеларуску чыста падмеценых вуліцах і выдраеных фасадах адчуваецца эмацыйна-фізічная спустошанасць. Свята-Успенскі кафедральны сабор Віцебска — копію уніяцкага храму, шэдэўра архітэктуры XVIII стагоддзя, які зноў паўстае на стромым беразе Заходняй Дзвіны, накрылі купаламі, што адразу вярнула гораду вертыкальную дамінанту, а велічныя муры сабору, яшчэ не атынкаваныя і не пафарбаваныя ў штосьці па-новабеларуску ярка-вясёлкавае, надалі наваколлю нейкую, не пабаюся гэтага дыскрэдытаванага слова, славянскую гатычнасць. Але падчас шпацыраў па постфестывальным Віцебску не пакідае адчуванне: шыкоўныя барокавыя саборы, старажытныя вежы, якія цягам апошніх год тут рупліва ўзнаўлялі, — усяго толькі арыгінальны заднік летняга амфітэатру. Гэтая дзяўчына харошыцца, каб выйсці замуж. За гусара.

Зусім іншы дух пануе на супрацьлеглым, ніжэйшым баку Дзвіны, у былых габрэйскіх кварталах, якія прымыкаюць да віцебскага аўтавакзала. Тут нарадзіўся Шагал, тут працаваў Малевіч — і дух мастацтва, паспеўшы за савецкім часам амаль цалкам адсюль выветрыцца, пакрысе зноў запаўняе ціхія цагляныя вуліцы. Раз-пораз святло выхоплівае з паўзмроку сутоння парасоны ўтульных кавярань, а з гарышча неасветленых старых камяніцаў чуецца жывая музыка. У гэтым квартале адчуваецца патэнцыял такіх нефармальных раёнаў еўрапейскіх гарадоў, як Казімеж у Кракаве ці Нойштадт у Дрэздэне. Але не будзем прыспешваць падзеі… Надвячоркам тут і так хораша.

Гэтак жа, як густая, ярка ўбраная, асветленая правабярэжная частка Віцебску і сціплая ўцёмная, але густоўная і ўтульная левабярэжная яго частка, розняцца жыхары гораду і іх стаўленне да святочнага тыдня. На афіцыйным сайце фестывалю «Славянскі базар» жартуюць: год у Віцебску пачынаецца не ў студзені, а ў ліпені. П’яна-разгульна-запамарочны стан, вядомы кожнаму, хто хоць раз трапляў у Беларусі на Дзень хоць якога гораду, доўжыцца ў Віцебску ажно тыдзень. Для старэйшых гэты тыдзень — магчымасць атрымаць ад прафсаюза бясплатны квіток на канцэрт эстрады, для маладзейшых — шанец пабачыць на вуліцах зорак, знаёмых па экранах тэлевізара, і нагода для штодзённых дыскатэк, для гандляроў і мастакоў — спосаб добра зарабіць.

Другая — меншая частка — дэманстратыўна адхрышчваецца ад усяго, што адбываецца ў горадзе, які ператвараецца ў постсавецкую сталіцу папсы і безгустоўшчыны. Аднак не заўважаць «базару» ў гэтыя дні проста немагчыма. І таму нараджаецца трэцяе, кампраміснае стаўленне да фестывалю: калі зло немагчыма прадухіліць, трэба расслабіцца і атрымліваць асалоду.


  

Віталь Броўка: “Умоваў для культурнага росквіту няма.

 Віталь Броўка нарадзіўся ў Сянне, вучыўся ў Наваполацку і ўжо чатыры гады жыве ў Віцебску. Дырэктар рэкламна-канцэртнай агенцыі «Кастусь-media», займаецца моладзевымі праектамі, адзін з іх — гарадскі культурніцкі партал vitebsk4.me. Я гутару з ім пра яго адчуванне «славянаў» і «Славянкі».

— Як 18 год фестывалю змянілі Віцебск і яго жыхароў?


— Трэба прыгадаць, што сваімі каранямі «Славянка» сягае яшчэ ў «сімвал савецка-польскай дружбы» — фестываль польскай песні, які праходзіў у 1980-я гады ў Віцебску. На той час гэта была даволі прагрэсіўная з’ява, бо ў яшчэ савецкі, наменклатурны Віцебск прыязджалі маладыя творчыя калектывы з Польшчы, дзе ў той час была больш развітая культура: адчуваліся заходнія ноткі, уплыў року нават на саўкова-афіцыйную сцэну. Фестываль быў малады па ўзросце ўдзельнікаў, у тым ліку з беларускага боку. Нашыя актыўна тусаваліся з палякамі, і шмат якіх павеваў набіраліся менавіта ад іх. Мне здаецца, «польская песня» мела разнявольваючы ўплыў на віцьбічаў. Потым — у першыя гады незалежнасці — фестываль называўся «Славянскі кірмаш». Пазней здарылася крыза, а за Лукашэнкам, года з 1995-га, фестываль пачаў атрымліваць тую наменклатурна-папсовую сутнасць, якую мае зараз.

Апошнім часам прагрэсіўная публіка ставіцца да фестывалю даволі негатыўна. Напярэдадні фестывалю на інтэрнэт-форумах можна сустрэць запісы: «Бывайце, я з’язджаю за горад, бо не магу знаходзіцца ў гэтым гармідары. Хто са мной на шашлыкі? У Віцебску няма чаго лавіць». Тым больш, што ў мінулым годзе і сёлета панавала антытэрарыстычная істэрыя: калі ўвесь горад застаўлены міліцэйскімі пастамі з сабакамі, турнікетамі і металашукальнікамі, калі ў цэнтр не прапускаюць пешаходаў з бутэлькамі вады, паўстае процьма нязручнасцяў чыста побытавага характару.

— Ці былі вы ў горадзе сёлета падчас фестывалю, і калі былі, то якія мерапрыемствы наведалі?

— Кожны год падчас фестывалю я застаюся ў Віцебску. Мы з таварышамі імкнёмся зрабіць імпрэзы, на якіх цікава бавіць час людзям з альтэрнатыўнымі густамі, дзе яны, так бы мовіць, маюць магчымасць схавацца ад усяго, што адбываецца ў межах афіцыйнай праграмы фестывалю. Мы ладзім канцэрцікі ў закрытых клубах ці электронныя вечарынкі. Сёлета з 11 па 16 ліпеня супольна з аргкамітэтам вялікага ўкраінскага джазавага фэста Koktebel Jazz Festival у нас праходзіла «прэ-паці» гэтага фэста, якое адначасова было адборачным турам для беларускіх гуртоў. Гэта была супраца Алега Ціханава, дырэктара гурта «Osimira» і нашага культурніцкага парталу vitebsk4.me. У бітлз-клубе «Чердачок» выступалі «CHERRYVATA», «Testamentum Terrae», «Хуткі смоўж», «Open Space», «Серебряная свадьба», «Джамбибум», «Port Mone», віцебскі джаз-квартэт «Espresso», «Фляус и Кляйн» з Наваполацку…

— То бок, найлепшыя беларускія альтэрнатыўныя гурты…

— І яшчэ гурт «Mamanet» з Украіны. Кожны дзень «Славянкі» ўвечары можна было знайсці паратунак ад папсовай пагулянкі, прытулак сярод аднадумцаў, тых, хто любіць добрую музыку.

— Ці пазіцыянаваўся ваш праект як частка фестывальнай праграмы?

— Не, хаця інфармацыю пра яго можна было знайсці ў навінах пра «Славянскі базар». Гэта адбывалася паралельна. Мы вырашылі, што цікава будзе стварыць невялічкую прастору для вольнага мастацтва.

— Што з падзеяў «Славянскага базару», на ваш погляд, варта таго, каб бачыць гэта на ўласныя вочы, а не на экране тэлевізара? А чаго, магчыма, там і не пабачыш?

— Заўсёды ёсць цікавыя выспачкі ў «Горадзе майстроў», хоць з кожным годам іх усё складаней заўважыць сярод агульнага кітайскага шырспажыву. Сёлета там адбываўся фэст старажытнай культуры, які ладзілі прадстаўнікі клубу сярэднявечнай рэканструкцыі «Паўночная вежа». Гэта была падзея, што выбівалася з астатняга лубочнага мастацтва, якое дэманструецца пад выглядам народнага падчас «Славянскага базару».

— Пасля таго, як за Амстэрдамам замацавалася слава сталіцы марыхуаны і свабоднага кахання, туды з усяго свету сталі перасяляцца людзі, схільныя да адпаведнага стылю жыцця. Парыж традыцыйна вабіць рамантычныя парачкі ды моднікаў, Прага — аматараў піва. Ці можна сказаць, што насельніцтва Віцебска папаўняецца за кошт аматараў папсы?

— Я б не сказаў. Разгул папсы ў нас адчуваецца мацней, чым у астатняй Беларусі, адно раз на год. Віцебск традыцыйна лічыцца горадам мастакоў, іх сапраўды ў горадзе шмат, у кожнага месціча ёсць знаёмы мастак, ці не кожны бываў у майстэрні мастака, кожны віцьбіч ведае, што тут працавалі Шагал, Пэн і іншыя. Віцебск мае перспектыву стаць сапраўднай культурнай сталіцай Беларусі, хоць на дадзены момант гэта далёка не так. На жаль, найгучнейшую падзеяю ў віцебскай культурнай прасторы назваць культурай даволі цяжка. Умоваў для культурнага росквіту няма. Але ёсць перспектывы, ёсць таленавітая моладзь.

— Што б вы змянілі ў канцэпцыі «Славянскага базару», калі б былі яго арганізатарам?

— Любое масавае, маштабнае мерапрыемства непазбежна будзе мець папсовае напаўненне. Але сучасны кічавы фармат — віна зусім не арганізатараў. Я меў магчымасць параўнаць сёлетнюю праграму, прапанаваную дырэкцыяй фестывалю, і праграму, якую адцэнзуравалі і зацвердзілі ў Мінкульце — гэта дзве розныя праграмы: першая была прагрэсіўнейшай. Я лічу, любы вялікі фестываль павінен быць дэмакратычным, улічваць эстэтычныя запатрабаванні самых розных гледачоў. Ідэал — фестываль фестываляў, кірмаш самых розных культурных фарматаў.
 


  

Вячаслаў Шадронаў: “Базар — праект у першую чаргу палітычны



Вячаслаў Шадронаў (нарадзіўся ва Ульянаўску, жыве ў Маскве) сёмы год асвятляе падзеі “Славянскага базару ў расійскай прэсе, канцэнтруючы сваю ўвагу найперш на кіна- і тэатральнай крытыцы. Пасля падзеяў сёлетняга фестывалю, ён абвясціў у сваім блогу, што ў “Віцебск ён больш ні нагой. У гутарцы з ім я спрабую высветліць, што адбавіла ад знакамітага фестывалю нават яго самых адданых заўсёднікаў.

— Вашы ўражанні ад апошняга фестывалю? Чаму вы рэгулярна ездзілі на “Славянскі базар у Віцебск і чаму больш не паедзеце?

— Уражанні дваістыя. З аднаго боку, фестываль зорны і ў плане поп-канцэртаў, і ў плане тэатральнай праграмы, у той жа час мае месца шмат адкрыццяў, звязаных з імёнамі незацёртымі, свежымі. З іншага — знешняя абстаноўка (бясконцыя праверкі на вуліцах, побытавыя ўмовы, якія з года ў год усё не паляпшаюцца) проста прыгнятаюць. Шчыра кажучы, калі кожныя 50 метраў цябе спыняюць дзеля вобшуку, ні пра якое свята гаворкі быць не можа. Пасля ўсіх гэтых выпрабаванняў у мяне няма ніякай ахвоты прыязджаць у Віцебск яшчэ раз, хоць я не прапусціў ніводнага фестывалю з 2002 года.

— Якія мерапрыемствы “Славянскага базару вы асабіста наведалі і што вас у іх прывабіла?

— Наведваў даволі шмат — практычна ўсе сольныя канцэрты эстрадных зорак, амаль усю тэатральную праграму, музычныя акадэмічныя канцэрты. Канешне, ізраільскую праграму “Песні сяброў, якую не прапускаю ніколі.

У поп-канцэртах расійскіх артыстаў прывабіла тое, што многія з іх або ўвогуле не даюць сольныя выступы ў Маскве (напрыклад, Ратару і Лявонцьеў), або выступаюць гады ў рады, і мы тут проста не паспяваем да іх прыйсці, а ў Віцебску — сам Бог казаў (так, апошнюю праграму Меладзэ я пачуў толькі на “Славянскім базары).

Але значна болей прывабілі акадэмічныя канцэрты ў абласной філармоніі і касцёле святой Барбары. Гэта магчымасць пазнаёміцца з артыстамі, якіх у Маскве ўвогуле не пачуеш.

— У беларускіх СМІ “Славянскі базар пазіцыянуецца як свята адзінства ўсіх славян. Ці адчувалі вы адзінства з беларусамі (украінцамі, палякамі і г.д.), калі знаходзіліся ў Віцебску?

— Акурат паміж беларусамі, украінцамі і палякамі ніякага дадатковага “адзінства, апроч таго, якое і так назіраецца ў межах праграмы “Славянскага базару, не праяўляецца — хутчэй наадварот, кідаецца ў вочы, напрыклад, тое, што прадстаўнікі Расіі і Беларусі на адкрыцці гавораць па-руску, а прадстаўнік Украіны — па-ўкраінску і часткова па-беларуску. Палякам, а таксама чэхам, сербам і г.д. падобнае мерапрыемства сёння, відаць, увогуле нецікавае. Адзінства прасочваецца зусім у іншых, неславянскіх кірунках. У мінулыя гады вельмі магутна ў Віцебску была прадстаўленая Літва, сёлета асабліва моцна і вельмі разнастайна — Латвія: музыка папулярная і акадэмічная, тэатр, выяўленчае мастацтва, фатаграфія. Да таго ж Даўгаўпілс — горад на той жа рацэ, што і Віцебск, толькі называецца яна там іначай, — вось вам і адзінства культурнае, геаграфічнае, гістарычнае. Але гэта блізкасць Беларусі да Прыбалтыкі ці Еўропы, а не да Расіі. Магчыма, гэты эфект у планы арганізатараў не ўваходзіў, але ён мяне парадаваў.

— Як і ў які бок змяніўся фестываль за час, калі вы з ім знаёмыя?


— Фестывальны Віцебск змяніўся ў тым плане, што амфітэатр з 2002 года, калі я прыехаў упершыню, стаў крытым, а арт-кавярня набыла сцены (што ёй, праўда, не пайшло на карысць — раней з адкрытым балконам было неяк “рамантычней). Іншых радыкальных зменаў я не заўважыў. Яшчэ больш жорсткімі сталі парадкі так званай “бяспекі, звязанай не столькі з рэальнымі захадамі бяспекі, колькі з жаданнем лішняга разу прынізіць простых грамадзян, паказаць ім руку “гаспадара.

— Ці было на апошнім “Славянскім базары нешта, для чаго варта было ехаць у Віцебск, што не трапіла на экраны тэлевізараў, і што гэтыя самыя экраны не змаглі б перадаць?

— У Расіі “Славянскі базар практычна не транслюецца, сёлета хаця б пайшоў у эфір конкурс маладых выканаўцаў, у мінулым годзе былі толькі тэледзённікі фестывалю, да таго ж не ў найлепшы час. Таму фестывальную праграму я не мог бы пабачыць ніяк іначай, як на свае вочы. Напрыклад, спектакль Рыжскага тэатра “Одесса, город колдовской я дакладна нідзе больш не паглядзеў бы — спектакль, зрэшты, даволі слабы, але ў плане знаёмства з рускамоўнымі тэатрамі Латвіі паказальны.

— Калі б вы ўваходзілі ў склад дырэкцыі “Славянскага базару, якія змены ў праграму, канцэпцыю фестывалю вы б прыўнеслі?

— Што тычыцца конкурсу маладых выканаўцаў — як слушна адзначыла старшыня журы–2009 Лайма Вайкуле, трэба нешта рабіць з іміджам удзельнікаў, з падборам музычнага матэрыялу — усё-ткі на двары ХХІ стагоддзе, а не савецкія 1980-я. Калі пра фестываль у цэлым — можна было б падняць узровень праграм, асабліва кіно і тэатральных. Але трэба разумець, што “Базар — праект у першую чаргу палітычны, а ўжо ў другую — культурны, таму наўрад ці змены ў канцэпцыі пойдуць яму на карысць, хутчэй ужо паставяць пад сумнеў сэнс яго існавання.

 

Каментаваць