Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Бібліятэкі Мінска 21 красавіка запрашаюць на «Бібліяноч»

Штогадовая міжнародная акцыя "Бібліяноч" пройдзе 21 красавіка ў Мінску. Захапляльныя праграмы з 19.00 да 23.00 падрыхтавалі сем сталічных бібліятэк. Уваход на імпрэзы вольны.

Захапляльныя праграмы з 19.00 да 23.00 падрыхтавалі сем сталічных бібліятэк. Так, навуковая бібліятэка БНТУ запрашае ў свет коміксаў і фантастыкі. Тут можна сустрэцца з такімі пісьменнікамі, як Вольга Грамыка, Людміла Рублеўская, Сяргей Слюсарэнка, а таксама ўзяць удзел у віктарынах, намаляваць гіганцкі агульны комікс.


У Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы мерапрыемствы прысвечаны медыцыне. Гасцей чакаюць інтэлектуальны батл "Узрыў мозгу", ядзерны квест, арт-тэрапеўтычнае святломузычнае шоу, дэгустацыя травяной гарбаты і азнаямленне з лячэннем п'яўкамі.


У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы можна прагуляцца па Камароўскім тракце, Літаратурным прадмесці, Музычным завулку, вуліцах Францыска Скарыны, Іерусалімскай і Сонечнай. У планах — нясумныя сустрэчы з вядомымі аўтарамі, бардамі і музыкантамі, антыгламурная літаратурная прэмія, загадкавы квэст "Скарбы пакаленняў", майстар-класы па беларускай і яўрэйскай кухні, рэтра-кінатэатр.

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі запрашае на "Ноч адкрыццяў". Для наведвальнікаў будуць працаваць незвычайныя лабараторыі і воркшопы. Разабрацца з унутраным светам дапаможа інтэрактыўная лекцыя эксперта-псіхолага. Культурная праграма ўключае песенную класіку легендарных "Песняроў", беларускія народныя танцы і эфектнае святлодыёднае шоу.

Упершыню ў акцыі ўдзельнічае бібліятэка філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Тэма вечара — "Блізкія людзі". Зарад пазітыву абяцае падарыць мінчанам студэнцкі канцэрт "Як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся!", а таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі "Сацыяльныя паслугі сям'і, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю", майстар-клас ад псіхолага, гульня "Падарожжа ва ўнутраную прастору".


Фундаментальная бібліятэка БДУ часова стане танцпляцоўкай для стыляг. Акрамя вечарынкі "Стыльны аранжавы гальштук" прадугледжаны паказ калекцый ад Fashion Style, Game-zone, фотаатэлье, зона сэлфі.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца 16 тэматычных пляцовак, разлічаных на розны ўзрост. Маленькім наведвальнікам прапануюць аквагрым, займальныя хімічныя вопыты, шоу мыльных бурбалак, майстар-класы юных мастакоў і інш. У праграме — мора музыкі, настольныя гульні, сустрэча з міжнародным гросмайстрам па шашках Андрэем Валюком, майстар-класы па make-up, відэаўрокі па садоўніцтве, назіранне за зорным небам у тэлескоп, лекцыя пра Сусвет, жартоўны астрапрагноз і інш.

Усяго "Бібліяноч—2017" налічвае амаль 150 мерапрыемстваў. Уваход на іх вольны.

БЕЛТА, zviazda.by

Каментаваць