Беларуская ідэалогія: у пошуках ісціны

Калі мы чуем слова «ідэалогія», перад нашымі вачыма адразу ўсплываюць афіцыйныя падручнікі, выкананыя ў чырвона-зялёнай стылістыцы, нудныя лекцыі ў школах і ўніверсітэтах ды «правільныя» перадачы на дзяржаўным тэлебачанні. Аднак за ўвесь апошні час, пакуль афіцыйныя дзяржаўныя структуры працуюць над вырашэннем пытання беларускай ідэалогіі, наша грамадства так і не наблізілася да разумення таго, якім па сутнасці павінен быць ідэалагічны складнік нашага жыцця.



Адной з першых спроб альтэрнатыўнага погляду на праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі з’яўляецца новы зборнік навуковых артыкулаў, выдадзены пад рэдакцыяй Анатоля Тараса «Проблемы современной белорусской идеологии. Материалы научно-практической конференции (Минск, 3 ноября 2012)».

У прадмове рэдактара падкрэсліваецца, што яго аўтары «прадстаўляюць або грамадскія арганізацыі, або саміх сябе. Аніякіх стасункаў з дзяржаўнымі структурамі ў іх няма». Гэта азначае, што ў зборніку мы бачым у нейкім сэнсе новы і досыць грунтоўны погляд на дадзеную праблематыку.

Кніга складаецца з дзвюх частак. У першай прадстаўлены даклады, напісаныя на рускай мове, у другой — на беларускай. Усяго ў зборніку 20 навуковых артыкулаў. Аўтары даследавання звярнуліся да разгляду розных аспектаў праблемы фармавання сучаснай беларускай ідэалогіі. Напрыклад, сацыёлаг Аляксей Пікулік апісвае рэальнае становішча, у якім знаходзіцца сённяшняе беларускае грамадства. Аўтар падкрэслівае, што «асаблівасць беларускай дзяржаўнай ідэалогіі палягае ў тым, што яна з’яўляецца праектам зверху, які праз апараты дзяржавы (як рэпрэсіўныя, так і ідэалагічныя) транслюецца ўдзячнаму насельніцтву», пры гэтым, на думку аўтара, «Беларусь не эксплуатуе нацыяналістычны дыскурс, які б падкрэсліваў унікальнасць краіны. Заменай нацыяналізму служыць ксенафабічнасць ідэалагічнага праекта, яднаючая нацыю ў барацьбе з агульным злом».

Асобны блок матэрыялаў прысвечаны аналізу перспектыў развіцця беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Так, у сваім артыкуле Анатоль Тарас заклікае выкарыстаць у якасці асноўнага ідэалагічнага пастулата «прыгожы нацыянальны гістарычны міф», заснаваны на адмаўленні генетычнага адзінства ўсходніх славян, падкрэсліванні беларускасці Вялікага Княства Літоўскага, дыстанцаванні ад Расіі». Пры гэтым аўтар выступае за штучную самаізаляцыю Беларусі ад глабалізацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў Еўропе. На яго думку, «агульнаеўрапейскі праект» з’яўляецца шляхам да катастрофы. Як бачым, такое меркаванне збліжае погляды Тараса з пастулатамі беларускіх улад, якія крытычна ставяцца да інтэграцыі ў еўрапейскую прастору. На мой асабісты пункт гледжання, краіна, якая знаходзіцца на перакрыжаванні геапалітычных шляхоў і інтарэсаў Расіі і Еўразвязу, не зможа «варыцца ва ўласным соку» і рана ці позна актыўна ўключыцца ў сусветны глабалізацыйны працэс. І да гэтага нам, беларусам, трэба быць добра падрыхтаванымі. Сённяшняя сітуацыя даказвае, што які б характар самаізаляцыя ні мела: прасавецкі (як зараз) ці нацыяналістычны (як прапаноўвае Тарас) — гэта памылковы шлях.

Неабходнасць пабудовы беларускай нацыянальнай ідэалогіі з нацыяналістычных пазіцый спрабуе абгрунтаваць і палітолаг Алег Краўцоў. Даследчык адзначае неабходнасць змены характарыстыкі беларускай нацыі як сялянскай на сялянска-шляхецкую. Здзіўляе прапанова А. Краўцова аб забароне атрымання беларускага грамадзянства асобамі небеларускага паходжання. Мне падаецца, што такое капіраванне няўдалага прыбалтыйскага досведу ў гэтым пытанні прывядзе толькі да раз’яднання беларускага грамадства і да адмоўных для нацыянальнай справы наступстваў.

Больш пазітыўнае ўражанне выклікае прапанова гісторыка Алега Трусава аб неабходнасці зрабіць стаўку на беларускую мову — як галоўны фактар нацыянальнай ідэалогіі. Аўтар, у прыватнасці, выказваецца за адкрыццё Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта з выкладаннем усіх прадметаў менавіта па-беларуску і за прыняцце новага закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», па якім кожны беларускі дзяржаўны чыноўнік павінен аднолькава добра валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Гэта прывяло б да таго, што справаводства ў Беларусі паступова пачало б пераводзіцца менавіта на нацыянальную мову.

Асобны блок публікацый зборніка прысвечаны аналізу гістарычных аспектаў развіцця беларускай нацыянальнай ідэалогіі.

У фармаце рэцэнзіі немагчыма ахарактарызаваць усе артыкулы, якія змешчаны ў дадзеным зборніку. Галоўным плюсам выдання з’яўляецца тое, што яно правакуе дыскусію па пытанні фарміравання сучаснай беларускай ідэалогіі. І да гэтай дыскусіі павінны далучыцца ўсе не абыякавыя да лёсу Беларусі людзі.


 

Каментаваць