Беларускія навукоўцы прапанавалі стварыць на Слонімшчыне археалагічны музей пад адкрытым небам

У Слоніме адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны і шляхі яе практычнага выкарыстання, прысвечаная 760-годдзю першых згадак пра Слонім у Іпацьеўскім летапісе.



У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, краязнаўцы і гісторыкі з Мінска, Гродна, Слоніма і Санкт-Пецярбурга. Беларускія навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці Вадзім Лакіза, Валянцін Голубеў, Эдвард Зайкоўскі, прапанавалі на гарадзішчы ў вёсцы Збочна стварыць рэспубліканскі археалагічны музей пад адкрытым небам. Справа ў тым, што ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна добра захавалася гарадзішча пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. Захавалася яно з амаль круглай  у плане пляцоўкай дыяметрам каля 60 метраў і двума валамі і ровам між імі. Вось тут і прапанавалі навукоўцы стварыць археалагічны музей.

Падчас канферэнцыі ішла сур’ёзная размова аб праблемах гарадскога самакіравання ў Слоніме ў XVI-XVII стагоддзях, пра гербы шляхты Слонімскага павета ў XVI-XVIII стагоддзях, пра спадчыну Пуслоўскіх, пра дахрысціянскія культавыя помнікі Слонімскага раёна, пра дакументы па гісторыі Слонімшчыны з кнігі Метрыкі ВКЛ і іншыя. Навукоўцы і гісторыкі вялі дыскусійныя пытанні з гісторыі Слоніма і Слонімшчыны ў старажытнарускі перыяд, па гандлёвых шляхах і дарожных інжынерных пабудовах на тэрыторыі Слонімскага павета паводле люстрацыі 1766 года, па лёсе кнігазбораў і старых дакументаў Слонімшчыны.

Усе ўдзельнікі канферэнцыі ў гэты дзень азнаёміліся з цікавай выставай “Гісторыя ў асобах, якую арганізавалі супрацоўнікі Слонімскага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага.

Каментаваць