«Без слоў» — выстава Тамары Шэлест

Існасць у тым, што Тамара ў сваім першым нараджэнні (як мастак-графік) удала ілюструе казкі. А казкі бываюць розныя, могуць быць і як «Шляхціц Завальня». Ці як казкі Э.Т.А.Гофмана.



С меня при цифре 37 в момент слетает хмель.

Вот и сейчас как холодом подуло:

Под эту цифру Пушкин подгадал себе дуэль

И Маяковский лег виском на дуло...

(Уладзімір Высоцкі)

Такі ўжо лёс у мастачак і іншых жанчын-артыстаў: немагчыма схаваць узрост. Не таму што выглядаюць кепска, у выпадку з Тамарай Шэлест усё як раз наадварот. Папросту даводзіцца ў выставачнай эксплікацыі даваць біяграфічныя звесткі. І, да таго ж, у такім узросце — творчай спеласці — думкі, выказаныя ў творах, ужо не схаваеш. Нават калі трэцяя персанальная выстава мастачкі, якая адкрылася ў Цэнтры сучаснага мастацтва на Някрасава, 3 ў аўторак 7 красавіка і назаваецца: «Без слоў».

Без слоў — а як тут не прыгадаць, што свае жывапісныя творы выставіла мастак-графік. У Беларускім саюзе мастакоў (а Тамара «асцепянілася» ў 2007 годзе) графікі жывапісаць зусім не баяцца — і ў іх атрымліваецца. Дарма што папярэдні старшыня Саюза мастакоў Уладзімір Савіч падаў удалы прыклад.

Не палохайцеся прыйсці на выставу Тамары Шэлест, прачытаўшы надта разумны тэкст анатацыі, які пачынаюць цытаты Чжуан-цзы і Станіслава Ежы Леца (другая з цытат: Ці павінна мастацтва быць зразумелым? Так, але толькі для тых, каму яно адрасавана).

Працы Тамары Шэлест

На самой справе існасць у тым, што Тамара ў сваім першым нараджэнні (як мастак-графік) удала ілюструе казкі. А казкі бываюць розныя, могуць быць і як «Шляхціц Завальня». Ці як казкі Э.Т.А.Гофмана. Таму адсылкі да старажытных філосафаў, якія таксама звыкла ўжывае Тамара ў сваіх слоўных канцэптуальных пабудовах, пераважна імкнуцца ляцець яшчэ далей да пачатку чалавечай культуры: да казкі і міфу.

Так і хочацца прыгадаць Новы Запавет, Першы ліст Паўла да Карынцян, 13, 13 : «Цяпер трываюць тры:  вера, надзея, міласць; гэтыя тры, але большая з іх міласць».

Гэта трэцяя (у Беларусі, была яшчэ адна ў Польшчы) персанальная выстава масчтачкі, поўная міласці да мастацтва. І ў кожнай яна даследуе дваістую прыроду.

Спачатку — дваістую прыроду матэрыялу (Цені мінулых дзён, 2009, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва), дзе яна, эксперыментуючы з жывапісам па ляўкасе, спалучала іх — матэрыял і тэхніку — з іншымі матэрыяламі і тэхнікамі, часам антаганістычнымі.

Потым, на яшчэ адной выставе, ужо паўперсанальнай — на дваіх, яна эксперыментавала з дваістасцю выказвання ці падачы: выстава «Парнасць выпадку» (2011, той самы музей) з Анастасіяй Дунец. Як наконт дваістаці успрыняцця? — задалася мастачка пытаннем. Цытуем анатацыю: «аўтары звярнулі ўвагу на фенамен паўторнасці адной падзеі, яе сувязі з яе двайніком».

Здаецца, зараз на выставе «Без слоў» мы назіраем працяг эксперыменту: даследуецца дваістасць вобраза, выказвання, думкі — і выказвання думкі (без слоў як спосаб).

Адным словам, не бойцеся прыйсці на выставу Тамары Шэлест на Някрасава, 3. Вы ўбачыце, як нараджаецца… калі не казка, то міф пра мастацтва.

Фота: Арт-дайджэст, Таццяна Маркіна

Каментаваць