Генадзь Драздоў: Беларуская душа сёння параненая і ледзьве трымаецца ў плоці сваёй

На Крапівенскім полі пад Оршай, дзе 8 верасня 1514 года нашыя продкі бліскуча перамаглі войска Маскоўскай дзяржавы, трэба зрабіць велічны музей старажытнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.



Пра гэта ў інтэрвью "НЧ" заявіў старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, вядомы беларускі жывапісец Генадзь Драздоў з нагоды дэманстрацыі ў сталічным Палацы мастацтва выставы, прысвечанай юбілею бітвы пад Оршай. Дарэчы, гэтая экспазіцыя “Пагоні” і запрошаных мастакоў была падрыхтаваная менавіта Генадзем Драздовым, аднак пад час адкрыцця выставы, што адбылася 23 кастрычніка, кіраўніцтва творчага аб’яднання не дало слова яе арганізатару.

У сваёй прамове мастак хацеў звярнуць увагу на тое, што “Пагоня” грунтоўна рыхтавалася да выставы. Паводле ягоных словаў, літаральна за некалькі гадзінаў да адкрыцця з экспазіцыі знялі дзве працы Аляксея Марачкіна, а з інсталяцыі Галіны Горавай — два здымкі: чалавека ў зялёнай форме і вядомага беларускага мастака з бел-чырвона-белым сцягам на гары Мангуп-Кале ў Крыму.
 

“Перамога пад Оршай надзвычай важная для нашай Бацькаўшчыны, бо дазволіла ёй незалежна праіснаваць яшчэ больш за два з паловаю стагоддзі. І калі 500 гадоў таму нашыя продкі былі збіральнікамі Еўропы і баранілі ўсходнія мяжы ВКЛ ад агрэсіўнага ўсходнягя суседа, сёння гэтую місію пераняла Україна, за што ёй слава, пашана і шчырае пажаданне перамогі. І яна пераможа, бо з ёй праўда і Бог, паколькі ўкраінцы змагаюцца за сваю вольную зямлю. Так цікава адбылося, што супалі гэтыя дзве падзеі — 500-годдзе славутай перамогі нашых продкаў і вайна Расіі супраць Украіны. Гэта Божы знак пра тое, што перамагаць можна не колькасцю, а мужнасцю і таленавітай арганізацыяй вайсковай справы. Гэтым і іншым карысным гістарычным досьведам мы і сёння павінны кіравацца ў сучасным палітычным, грамадскім, эканамічным, вайсковым і культурным кантэкстах.

Нягледзячы на тое, што вайна забірае жыцці людзей ва Украіне, сітуацыя там больш спрыяльная, чым ў Беларусі. Таму, што украінцы абудзіліся і змагаюцца за вольнае жыццё на зямлі сваіх продкаў. А ў нас да гэтага далёка. Таму, што ўся інфармацыйная прастора Беларусі знаходзіцца пад уплывам расійскай псеўдакультуры. І калі зыходзіць з біблейскай каштоўнасці: не бойцеся тых, хто можа пашкодзіць плоці вашай, а бойцеся тых, хто можа пашкодзіць душы вашай, беларуская сітуацыя нашмат трагічней за ўкраінскую, бо беларуская душа сёння параненая і ледзьве трымаецца ў плоці сваёй”, — падрэсліў Генадзь Драздоў.

Затым ён узгадаў мастацкі пленэр, што адбыўся на Крапівенскім полі з 3 па 8 верасня з удзелам чатырох мастакоў, у тым ліку Алеся Пушкіна, Лявона Грышука і Рыгора Батальёнка. “Калі мы прыехалі на гэтай слаўнае поле, дык замест шматлюддзя,  вайскоўцаў, якія прысягаюць на вернасць Радзіме і моладзі, якая натхняецца подзвігамі сваіх продкаў, нас сустрэла распаханае поле і чорныя плямы гною. Вось так дзяржава шануе памяць пра сваё велічнае мінулае і яго герояў. Аднак пад час пленэра на полі не было і ніводнага лідара партый дэмакратычнай апазіцыі. Разам з тым, на гэтым гістарычным месцы адбыўся цуд, бо пачалі прамаўляць камяні, адухоўленыя талентам скульптараў —  з’явіліся барэльефы Канстанціна Астрожскага, Івана Сапегі і Юрыя Радзівіла.

"Пасля размовы з бардам Адрэем Мельнікавым у нас з’явілася думка пра тое, што на Крапівенскім полі павінен паўстаць велічны мемарыял гісторыі старажытнай Беларусі — у артэфактах, барэльефах і тэкстах на камянях. Пад тым Божым небам і ў тым святым асяродку гэты музей будзе надзвычай актуальны. Мы шмат працавалі на пленэры. З’явіліся новыя творы. У тым ліку і мой трыпціх, прысвечаны бітве на Крапівенскім полі. Прыйшло асэнсаванне, што на полі жыцця кожны з нас пакідае свае вечныя сляды-тэксты. На жаль, часцяком гэта сляды крывавыя. І паводле сваіх слядоў кожны будзе адказваць на Божым судзе”, — сказаў Генадзь Драздоў.

Ён павіншаваў мастакоў  “Пагоні” з 500-годдзем вялікай перамогі пад Оршай, выказаў шчырую падзяку тым творцам, якія ўклалі частку свайго жыцця ў цудоўныя творы жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, прадстаўленыя на выставе ў гонар юбілею славутай Аршанскай бітвы.

“Гэта сапраўды народныя мастакі, якія жывуць разам з сапраўднымі нацыянальнымі каштоўнасцямі не дзеля зямных узнагародаў і званняў, а дзеля будучыні Бацькаўшчыны”— падкрэсліў старшыня суполкі “Пагоня”.

Каментаваць