Беларуская “Рада” у суперфінале «Салюта талентаў»

9 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу пройдзе IV Суперфінал Міжнароднага праекта «Салют талентаў». Удзельнічаць у гэтым конкурсе маюць права толькі Лаўрэаты першай ступені папярэдніх тураў. Прадстаўляць Беларусь будуць дзіцячы фолк гурт "Рада" і салісты ансамбля Вера Соломонік і Патрыцыя Свіціна.



Гурт "Рада"


Мастацкі кіраўнік гурта “Рада” Ірэна Катвіцкая распавяла:

— Спаборніцтва гэта вельмі складанае і цяжкае, асабліва ў нашых намінацыях — «Вакальны ансамбль», сола «Народны вакал» і дуэт «Народны вакал». Праграма рыхтавалася некалькі месяцаў, будуць выкананы новыя кампазіцыі на аснове фальклорных беларускіх песень «Русалкі», «Чырвоная вішня» у маёй аранжыроўцы і «Страла» з рэпертуару групы "Палац". Гэтай кампазіцыяй Алег Хаменка падтрымаў наш калектыў.

У працэсе працы беражліва захаваны ўсе дыялектныя асаблівасці напеваў з Гарадзенскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. А яшчэ, фаны нашай творчасці зрабілі класны падарунак — да кожнага конкурснага нумара падрыхтавалі сцэнічныя відэа-кліпы. Гэта дакументальныя здымкі абраду «Пахаванне стралы» з этнаграфічнай экспедыцыі на Веткаўшчыну, дзе пабывалі маленькія спевакі, а таксама відэа-замалёўкі з вандроўкі да музея пад адкрытым небам «Месца спыненага часу» Уладзіміра Падгола, дзе ансамбль "Рада" шалеў ад радасці на старажытных каменных жорнах.

Гэта не першы сур'ёзны конкурс на нашым творчым шляху, бо і «Рада», і Вера і Патрыцыя з'яўляюцца лаўрэатамі рэгіянальных і міжнародных конкурсаў Беларусі, Балгарыі, Польшчы і рэзідэнтамі найбуйнейшага фольк фестывалю Беларусі «Камяніца». Аднак, спаборнічаць з загадзя самымі моцнымі выканаўцамі мы будзем ўпершыню.

Але я ўпэўнена ў гэтых дзецях. Яны на маіх вачах з зусім малявак ператвараюцца ў сапраўдных этна спевакоў, прафесійных музыкаў, якія здольныя на любых канцэртных пляцоўках паказаць усю прыгажосць беларускай Мовы і песеннай Традыцыі. Яны перамогуць!».

Каментаваць