Беларускае кіно выходзіць з падполля

Пакуль дзяржаўнае беларускае кіно знаходзіцца ў коме, па-за межамі кінастудыі атабарыліся мастакі, не абцяжараныя бюракратыяй. Колькасць самастойных твораў ужо настолькі значная, а якасць настолькі паважная, што незалежніцкае беларускае кіно стала атабарылася на фестывалях і атрымлівае ўзнагароды.



Спачатку гэтыя фільмы з’яўляліся на варшаўскім фестывалі «Бульбамуві». Пяты фэст «Бульбамуві» праходзіў у кастрычніку адначасова ў Варшаве і Мінску — і сталічныя гледачы маглі пабачыць асобныя стужкі. На фестывалі «Лістапад» цэлы блок, прысвечаны беларускаму кіно, — і гэта пераважна фільмы маладых творцаў.

Карціна «Адной крыві» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава ўжо атрымала прыз у Вене за лепшы ігравы кароткаметражны фільм і ўзнагароду «Залатая бульба». Фільм распавядае пра двух братоў, адзін з якіх змагаецца з сістэмай, а другі — канфарміст, які дакарае свайго брата. Але абставіны трагічна змяняюцца.

Сюжэт пра двух братоў па розныя бакі барыкады ўжо эксплуатавала стужка «Мы, браты». Але карціна Сямёнава-Алейнікава — гэта якасны мастацкі твор з празрыстым сюжэтам і дакладнымі характарамі.

Рэжысёр закончыў Беларускую Акадэмію мастацтваў як акцёр, у 2013 годзе паступіў ва ВГІК на кінарэжысуру і кінадраматургію. Карціну ён здымаў у Мінску, на свае, заробленыя падчас працы, грошы. Нягле­дзячы на бюджэт, кароткая стужка выглядае як поўнаметражны фільм вялікай кінастудыі — з разгонам дэманстрацый, сутыкненнямі, кактэйлямі Молатава і паліцэйскай машынай у агні. (У фільме дзейнічае не міліцыя, а паліцыя).

Энергічны, без кроплі лішняга тлушчу фільм далёкі і ад «застабільнае» прапаганды і ад гвалтоўнай паэтыкі барыкадаў. Гэта свой — і ўніверсальны — беларускі позірк, які і ў Вене быў прачытаны як уласны.

Адразу некалькі фільмаў маладога рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага трапіла ў конкурс. Поўнаметражная стужка «Беларускі псіхапат» распавядае пра фатографа-псіхапата, які запрашае да сябе дзяўчынку з сяброўкамі, каб згубіць цноту. У фільме «Амэрыкан бой» хлопец, які настальгуе па радзіме, вяртаецца ў Мінск — але тут усё змянілася. Карціна «Паэзія» — лірычная скайп-гісторыя пра юнака і дзяўчыну, які закахаліся — і рассталіся, але ўсё адно яшчэ разам ва ўласных вершах.

21-гадовы Лаўрэцкі пачынае шлях у кінематографе, але што здзіўляе — гэта здольнасць рэжысёра, няхай недасканалаю яшчэ тэхнікай, — схапіць імгненне, намаляваць час, адлюстраваць няўлоўныя змены.

Паказальны моўныя моманты «Амерыкан боя» — гэта беларуская, руская, англійская мова. Фільм «Паэзія» цалкам зроблены на англійскай мове, пры гэтым вершы напісаў сам Лаўрэцкі.

Лаўрэцкі ўдала карыстаецца сучаснымі інтэрнэт-сродкамі. «Паэзія» — гэта, увогуле, сецевы фільм. Акцёраў рэжысёр знайшоў у павуцінні на форумах, амерыканскія сябры знялі свае кватэры — і метро ў Нью-Ёрку — і гэтыя кадры ўвайшлі ў фільм. Для скайп-гутарак (прыдуманых і разыграных як дакументальны факт) — таксама не трэба было «беларусьфільмаўскай» камеры.

Сяргей Каласоўскі — вучань Варшаўскай кінашколы — прадстаўлены на фэсце дакументальнай і ігравой стужкай. Правакацыйная дакументальная карціна «Шэпты і крыкі Тані Б.» (назва гулліва адсылае да фільму Бергмана) — паказвае ласкавую маці, якая днём са сваім сынам, а ўначы — на скандальных клубных забавах. У сваю чаргу ігравы фільм «Пугач» — пра небяспечныя гульні дзяцей.

Мінчанка Дар’я Юркевіч вучыцца ў Парыжскай кінашколе. Яе дакументальная «Пасха Хрыстова» (прыз «Залатая бульба») — медытатаўна-лаканічная замалёўка пра веру, з усіх бакоў аточаную абыякавым горадам і штодзённымі клопатамі.

Падпольным чынам здымаў сваю чарговую стужку і Андрэй Курэйчык. Ягоны «ГараШ» — камедыя пра беларуса, які з Амерыкі вяртаецца ў Шабаны. У галоўнай ролі зняўся лідар гурта «Нейрадзюбель» Аляксандр Кулінковіч.

У Беларусі рыхтуецца ўказ, які паставіць незалежную кінавытворчасць па-за законам. Нягледзячы на гэта, самастойнае беларускае кіно з’явілася і дэманструе сваю жыццяздольнасць, што забаронамі не скасаваць.

Каментаваць