Беларускамоўная ялінка для дзетак у Гомелі (шмат фота)

Святочная ялінка з карагодамі, батлейкай ды аўтэнтычнымі беларускімі спевамі адбылася ў філіяле Веткаўскага музея ў горадзе над Сожам.

 



Памяшканне Веткаўскага музея ледзве змясціла ўсіх ахвотных — больш за 70 маленькіх і дарослых наведнікаў згуртаваліся разам, каб пачуць роднае слова перад Новым годам. Паводле традыцыі, вечар распачаўся з батлейкі. П’еса пра цара Ірада ўдала межавалася з народныя інтэрмедыямі, у якіх суседнічалі Антон з казой, цыган з цыганкай, габрэй ды іншыя персанажы.

Дзяўчаты ў традыцыйных строях з гомельскай “Талакі” праспявалі шэраг калядных песень і распачалі вадзіць карагоды вакол ялінкі. На радасць дзетак да гэтай вясёлай справы далучылася і бадзёрая каза, што не дала засумаваць ніводнаму дзіцяці.

Напрыканцы імпрэзы перад прысутнымі выступіў гурт “Ягорава гара”, які выканаў на народных інструментах шэраг сваіх кампазіцый.

Даведка:

У Гомелі на ўвесь паўмільённы горад існуе толькі адна сярэдняя школа з беларускай мовай навучання — гімназія № 36 імя І. Мележа. У дзіцячых садках горада магчымасць выхоўваць дзіцяці па-беларуску ёсць толькі ў адной групе.

Юля Сівец, удзельніца святочнай праграмы:

— Хацелася б, каб такія мерапрыемствы працягваліся і былі не толькі на Каляды. Мы бачым, што да такога кшталту падзеяў ёсць цікавасць з боку бацькоў і дзетак, якіх сёння прыйшло вельмі шмат. Яны важныя для тых сем’яў, што цэняць беларускую мову, і нават для тых, што не размаўляюць па-беларуску, але не хочуць, каб іх дзеці забываліся на роднае слова.

Зараз у нас паўсюль гучыць руская мова — на святах, на афішах, на афіцыйных пераднавагодніх праграмах. Але важна, каб дзеці з маленства бачылі, што ёсць беларуская мова, і не здзіўляліся потым у школе “а што гэта ў нас за замежная мова — беларуская?”, бо такія сітуацыі на сённяшні дзень, на жаль, ужо не рэдкасць.

Віялета Ларычава, наведніца:

— Мы ўжо другі год запар прыходзім на гэтую падзею ў філіял Веткаўскага музея і з пэўнасцю можам сказаць, што гэта — лепшая ялінка ва ўсім Гомелі з тых, што мы наведалі! Гэта самае душэўнае свята, тут можна сустрэць сяброў ды знаёмых, паглядзець на сапраўдную і аўтэнтычную беларускую культуру. Мы будзем хадзіць сюды штогод, хай толькі ладзяць падобныя беларускамоўныя мерапрыемствы для дзетак і надалей!

 Фота: Марына Драбышэўская

Каментаваць