Брэсцкія падзямеллі

Увесну мы ўжо публікавалі артыкул пра брэсцкія падзямеллі. Існуе версія, што ёсць падземны Брэст (памяшканні, злучаныя сеткай тунэляў). Прапануем працяг тэмы.



Замураваны выхад за фундамент пад будынкам на Машэрава, 50


Найперш я праверыў версію пра ход пад былой жаночай турмой (будынак на Карла Маркса, 95). Пасля вайны там месціўся камбінат электратэхнічных вырабаў, былы дырэктар якога Валянцін Корнеў і засведчыў пра ход з падвала. Потым там быў апорны пункт міліцыі — адзін афіцэр у адстаўцы, які прасіў пра ананімнасць, распавёў, што яны хадзілі адтуль у бок «англійскай» турмы (пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя па англійскім праекце, сёння фабрыка спартовай вопраткі «Дынама — Програм»). Ён казаў таксама пра тое, што быў яшчэ адзін ход у бок Брэсцкай крэпасці. І яшчэ згадаў, што ў час начных дзяжурстваў яны бачылі… здань жанчыны ў вэлюме!

Выпадковы суразмоўца, экскаватаршчык Дзмітрый Пятровіч, распавёў, што ў 1990-х гадах каля цяперашняй Цеплаэлектрацэнтралі (гэта метрах у 300 у бок крэпасці) капаў траншэю і накапаў касцей, прастрэленых чарапоў. Можа, тут выносілі з турмы і прыкопвалі расстраляных, сказаў Дзмітрый Пятровіч.

У мяне звесткі крыху іншыя, і дата расстрэлаў ёсць дакладная, але гэта іншая тэма.

Некалькі чалавек сведчылі пра тое, што былі злучаныя пад зямлёй гістарычныя будынкі па праспекту Машэрава, 50, на Астроўскага, 12 і будынак на рагу вуліцы Будзённага, дзе сёння месціцца Брэсцкі раённы суд. У першых двух цяпер знаходзяцца службы МУС.

Адтэрмінаванне зносу будынкаў польскага часу на вуліцы Астроўскага і праспекце Машэрава, дзе раней, паводле некаторых крыніц, месціліся сілавыя ведамствы польскай дзяржавы, дало магчымасць вельмі павярхоўна, але абследаваць іх. У адным, на Астроўскага, 12, паводле словаў гаспадароў, «падвалаў ніколі не было», пад другім ёсць сутарэнні, і даволі ёмістыя. Нейкія выхады за фундамент там і сапраўды замураваныя (фота). Нагадаю, ёсць версія, што палякі, каб пазбегнуць узрушэнняў, вадзілі сябраў КПЗБ, уключна з Верай Харужай, з дэфензівы ў суд пад зямлёй.

Аднойчы супрацоўнік «Брестского Курьера» Сяргей Патапаў распавёў мне, як яго, 4-гадовага, за ручку вадзіў пад зямлю пасля вайны тата — школьны настаўнік хіміі, які сумяшчаў гэтую працу з інспектаваннем аб’ектаў грама­дзянскай абароны. «Мяне не было з кім пакінуць, дык мы заходзілі ў двары вуліцы Камсамольскай, насупраць універмага «Дзіцячы свет», і выходзілі аж перад праспектам Машэрава, дзе стаіць сёння помнік Клімуку. Гэта блізу кіламетра! Велізарныя склады там былі, на выпадак атамнай вайны. Вопратка хімабароны, прадукты і нават лёгкая стралковая зброя. Потым на загад Хрушчова ўсё прыбралі».



Прыбралі ўсё, але ж падземныя камунікацыі засталіся! І няхай яны не старажытныя, але паслужыць турызму, хаця б тым ці іншым адрэзкам, не сумняваюся, маглі б. «Ноч у савецкім атамным бамбасховішчы» — такі сабе экстрэмальны гатэльчык для аматараў адрэналіну. Або маршрут «Што было б, калі б не Карыбская развязка».

Не сакрэт, што пісьменнік Сяргей Смірноў, дзякуючы якому паставілі Мемарыял «Брэсцкая крэпасць», пісаў пра сетку падземных камунікацый пад ёй.

Абсалютна нечакана сам знайшоў дакументальнае пацверджанне гэтаму. Паўгода праляжала яно непрачытаным: было ў электронным выглядзе. На патрабаванне пракуратуры, якая праводзіла расследаванне нядбайнасці ў карыстанні інжынернымі камунікацыямі ў Брэсцкай крэпасці, галоўны спецыяліст аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Ала Кондак засведчыла: «Вядома, што з Брэсцкай крэпасці ў горад і да кожнага аб’екта фартыфікацыі вядуць падземныя хады. Ёсць яны і на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці…» Далей спадарыня Кондак піша, што схемаў і планаў ні ў Міністэрстве культуры, ні ў горадзе няма — яны ў Маскоўскім ваенна-гістарычным архіве.

Арка ўваходу ў падзямелле на востраве былой фартыфікацыі па вул. Фартэчная


Узгадалася і брэсцкая вуліца Фартэчная і арка ўваходу пад зямлю на востраве, акружаным вадою. Дырэктар аграбіястанцыі, якая месціцца на тэрыторыі былой фартыфікацыі, сказаў, што колькі гадоў таму засыпаў уваход у тунэль, «бо дзеці там шасталі, небяспечна было».

Цяпер час сфармуляваць выснову і заклік-задачу для патрыётаў Брэста і Беларусі. Чаму Беларусі? Бо калі ў нас атрымаецца, дык можа стаць на парадак дня і асваенне Полацкіх лёхаў, пра якія пісаў Уладзімір Арлоў, а там, глядзіш, пойдзе следам Гродна, капітулюе Слонім.

Падземныя ходы ў Брэсце, дзе мелі свабодны выхад, былі замураваныя, — дзеля сакрэтнасці або хаця б дзеля таго, каб не сыходзілі ў незварот дзеці. Месцамі (прыкладам, ёсць сведчанні пра раён каля аўтастаянак пад новым мостам з вуліцы Леніна цераз чыгунку, бліжэй да гарадскога парка, або пра патэрны ля Тэрэспальскай брамы Брэсцкай крэпасці) яны абваліліся або былі часткова засыпаныя і на сёння пункцірныя, што робіць іх цяжкадаступнымі і небяспечнымі.

Заклік да чытача

Калі вы жывяце ў Кіеве, дапамажыце выйсці на след дакументаў па рэканструкцыі Брэсцкага чыгуначнага вакзала, меркавана, у 1952 (1950?) гадах. Яны могуць быць у адным з праектных інстытутаў, які быў раней Саюзнага падпарадкавання. Пасля вайны з сутарэнняў была адкачаная вада, якую налілі туды немцы, каб выцесніць міліцыянтаў і чырвонаармейцаў, якія аказвалі супраціў, і ў палавіну вышыні быў засыпаны пясок і друз. Мяркуецца, што вакзал быў злучаны пад зямлёй з крэпасцю і з цэнтральнай часткай горада. Гэта магло быць неяк абазначана на схемах дзеля карысці будаўнікоў.

Калі вы жывяце ў Маскве, праверце наяўнасць у Маскоўскім ваенна-гістарычным архіве згаданых спадарыняй Алай Кондак дакументаў; па магчымасці зрабіце копію з патрэбнымі чарцяжамі і схемай хаця б аднаго падземнага злучэння дзвюх фартыфікацый. Загадзя ўдзячныя за вынік.

Калі вы нейкім чынам можаце наведаць польскія аналагі Брэсцкай крэпасці — Дэмбін і Модлін, праверце іх на падземнасць і дашліце вынік на Народны праект на адрас рэдакцыі «Новага часу».

Каментаваць