Buben Naruszewicz Baisan выпусцілі «швецкі» аналагавы альбом

Выйшаў другі альбом Buben Naruszewicz Baisan — Enighet Ensamhet. Ён цалкам запісаны на аналагавым абсталяванні, прычым ў адзін дубль, ці, як кажуць у дэльце Сажа, — «у лінію». Лонгплэй традыцыйна складаецца з твораў на беларускай і англійскай мовах.
Упершыню разам з вершамі Байсана гучыць і spoken-word, філасоўскі тэкст Стася Раманчука, які раней выйшаў асобным сінглам. Запісаная жывая сэсія пераносіць слухача ў атмасферу камерных «лайваў» калектыва.

Паслухаць можна на Soundcloud або Itunes.

—  Пасля альбома Bulbahuana склалася парадаксальная сітуацыя, калі ёсць павольны разважлівы запіс і канцэрты: шалёны драйв словаў і музыкі. Гэтым разам мы імправізавалі ўсе разам, як на жывых выступах: можна пачуць паўзы, момант смакавання віскі ці размовы паміж удзельнікамі. Швецкая мадэль светаадчування Лагом добра апісвае наc: максімальная свабода для кожнага з павагай да межаў іншага. Мы падзяліліся са слухачом сваім светам і таму назвай ёсць два цэнтральныя тэрміны гэтай філасофіі: Enighet i Ensamhet, — каментуюць стваральнікі.

У планах гурта —  выданне адмысловай англамоўнай кампіляцыі для сусветнага слухача, запісу канцэрта-прэзентацыі Bulbahuana ў праекце Біт-кафэ і відэаверсіі аднаго з канцэртаў. У траўні выйдзе міні-альбом Улада Бубена з украінскай паэткай Angie Siveria, Байсана можна будзе паслухаць ужывую ў Кіеве, Гомелі і Чарнігаве (19, 20, 27, 28), Нарушэвіча – 20 траўня ў музеі Багдановіча.

Бліжэйшы выступ Buben Naruszewicz Baisan — 28-га красавіка на фестывалі «Прывіды Тахелеса».


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць