Bulbamovie-2016 стартуе ў Мінску

21 кастрычніка ў сталічным арт-кінатэатры «Тытан» пачнецца Шосты фестываль новага беларускага кіно «Bulbamovie», які з мінулага году адначасова праходзіць у Беларусь і ў Польшчы (першыя чатыры фестывалі адбываліся менавіта ў нашай заходняй суседцы). Сёлета на суд журы і гледачоў будуць прадстаўлены 23 стужкі (яшчэ адна забаронена, але пра гэта пазней).

Эмблема фестываля

Эмблема фестываля


Па словах праграмнага дырэктара фестываля, вядомага культуролага Максіма Жбанкова, журы гэтага года традыцыйна ўключае як польскіх, гэтак і беларускіх адмыслоўцаў. Гэта польскі кінакрытык і блогер Пётр Чаркаўскі, беларуская кінарэжысёрка Вольга Дашук, кінарэжысёр і медыя-актывіст Паўлюк Канавальчык, культуролаг і сацыёлаг Лідзія Міхеева, а таксама трыумфатар Bulbamovie-2015 кінарэжысёр, актор і сцэнарыст Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў.


Сёлета ўзнагароды будуць уручаны ў трох намінацыях: мастацкае кіно, дакументальнае кіно і анімацыя. Максім Жбанкоў адзначыў, што ў кожный намінацыі будзе вызначаны толькі пераможца – ніякіх другіх ці трэціх прэміяў. Прадусар фестывалю Леанід Каліценя дадаў, што будзе таксама ўручаны яшчэ і прыз за лепшы гук, а таксама адбудзецца адкрытае галасаванне за прыз глядацкіх сімпатыяў.

Максім Жбанкоў паведаміў, што сёлетні фестываль набраў значна больш заявак параўнальна з леташнім.

Так, на Bulbamovie-2016 паступілі 64 заяўкі (у мінулым годзе 47). З іх арганізатарамі былі абраны да ўдзелу 24 стужкі конкурснае праграмы — 12 мастацкіх, 5 дакументальных і яшчэ 7 анімацыйных фільмаў.

Але пасля таго, як са зместам твораў азнаёмілася Рэспубліканская камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці, была забаронена для паказу на вялікім экране стужка «Яечня па-беларуску» рэжысёркі Валерыі Целяшэўскай. Па словах арганізатараў фестывалю, гэтае рашэнне, мякка кажучы, дзіўнае. Тым не менш, той хто жадае, зможа знайсці гэтую стужку ў крыніцах, якія не падуладныя згаданай вышэй камісіі.


Як сказаў прадусар Леанід Каліценя, які сочыць за фестывалем апошнія чатыры гады, сёлетняя праграма яго проста здзівіла. «У бягучым годзе вельмі шмат фестываляў і імпрэзаў, але штосьці можна было ўжо адсочваць ад сярэдзіны года. Але той выбух мультыплікацыйнае праграмы, які адбыўся сёлета, сведчыць пра тое, што ўсе высілкі, якія былі патрачаны на арганізацыю цяперашняга фестывалю, не былі дарэмныя», — заінтрыгаваў выступоўца.


Арыгінальна, дарэчы, выглядае прыз фестываля, аўтарам якога з’яўляецца мастак Руслан Вашкевіч. Статуэтка нагадвае цёрку з чалавечай рукой наверсе ў форме пераможнага жэста. «Дзякуй арганізатарам фестывалю, што прапанавалі мне папрацаваць над праектам узнагароды. Было цікава выйсці на новае поле — пагуляць з ідэяй бульба-кіно і падтрымаць сімпатычную задумку. Самае цікавае робіцца заўжды насуперак пропісам і канонам, як і гэты фестываль», — адзначыў творца.  

Сам фестываль працягнецца два дні — 21 і 22 кастрычніка. Але, як паведамілі арганізатары, адміністрацыя «Тытану» зрабіла прыемны падарунак арганізатарам. У нядзелю, 23 кастрычніка, на экране кінатэатра можна будзе ўбачыць анімацыйную праграму і самыя лепшыя стужкі фестываля. Гэта адмыслова для тых, хто не паспее пабачыць фільмы ў першыя два дні праграмы. Апроч таго, як і пасля мінулагодняга фестывалю, фільмы «паедуць» па рэгіёнах Беларусі, так што ўбачыць іх змогуць не толькі сталічныя аматары незвычайнага і вельмі цікавага беларускага кіно ў кароткім фармаце.


Каментаваць