Bycamp–2008: «Кожная сакратарка можа кіраваць інтэрнетам»

На наступным тыдні сайт газеты “Новы час пачынае працаваць у новай версіі. Цяпер рэсурс будзе больш адпавядаць патрабаванням сучаснага інтэрнэту і, спадзяемся, зойме пачэсны пасад між іншымі электроннымі СМІ Беларусі. Хочацца адзначыць гэту падзею тэматычным матэрыялам і прадставіць чытачу справаздачу пра мерапрыемства, сведкай якога журналістка “НЧ стала перад самымі калядна-навагоднімі вакацыямі. На базе Інстытута журналістыкі БДУ адбыўся першы беларускі баркэмп BYcamp–2008.

На наступным тыдні сайт газеты “Новы час пачынае працаваць у новай версіі. Цяпер рэсурс будзе больш адпавядаць патрабаванням сучаснага інтэрнэту і, спадзяемся, зойме пачэсны пасад між іншымі электроннымі СМІ Беларусі. Хочацца адзначыць гэту падзею тэматычным матэрыялам і прадставіць чытачу справаздачу пра мерапрыемства, сведкай якога журналістка “НЧ стала перад самымі калядна-навагоднімі вакацыямі. На базе Інстытута журналістыкі БДУ адбыўся першы беларускі баркэмп BYcamp–2008.

Калі б «новы журфак» ці, па-афіцыйнаму, Інстытут журналістыкі Белдзяржуніверсітэта не быў падобны да бліскучага «Тытаніка», і яго выкладчыкі мелі больш шанцаў выпадкова трапіць з палубы для першага класу ў гулкія трумы неабжытых аўдыторый, яны, безумоўна, сабраліся б у зале, дзе праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў «Байкэмпа» і хорам плакалі ад замілавання. Яшчэ б не плакаць прагрэсіўнаму беларускаму выкладчыку: сотні гаманкіх асобаў студэнцкага веку з палаючымі вачыма тоўпяцца каля раскладу і шумна выбіраюць, на якую пару пайсці! Больш за тое, палова з іх без прымусу падрыхтавала ўласную лекцыю! Карацей, моладзь усяляк праяўляе ініцыятыву ў навучанні і фактычна займаецца самаадукацыяй! Пануе атмасфера «Свята неслухаў» ці «Дня самакіравання» — мерапрыемства, якое час ад часу дазваляе беларускім вучням кіраўніцтва ліберальных навучальных установаў. Прыкладна такое ўражанне мог зрабіць «Байкэмп» на чалавека, непадрыхтаванага да таго, што ён пабачыць.

Баркэмп як фармат

Ён быў прыдуманы ў 2005 годзе ў ЗША, у — хто б сумняваўся — Крэмніевай даліне. Каб паўдзельнічаць у не-канферэнцыі, не трэба занурацца ў навуковыя крыніцы і праводзіць грунтоўныя доследы — варта проста сабраць «падножную» інфармацыю і аформіць яе ў кароткую прэзентацыю. А можна і ўвогуле прыйсці з пустымі рукамі. Проста таму, што тэмы баркэмпаў — найшоўшыя з’явы тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу, якія яшчэ не трапілі ў падручнікі. Сабраўшыся разам, людзі, зацікаўленыя ў нейкай вузкай тэме, у нефармальнай абстаноўцы абменьваюцца досведам, дзеляцца напрацоўкамі з калегамі. Крутыя спецыялісты прыроўненыя ў правах да пачаткоўцаў. Хоць нагодай для баркэмпаў зазвычай робяцца тэмы, блізкія да інтэрнэту, баркэмп можа стаць спосабам спасціжэння чаго заўгодна.

Тэматыка першага беларускага Байкэмпа была акрэсленая даволі шырока: «новыя медыя, блогінг, падкастынг, сацыяльныя сеткі, бяспека ў інтэрнэце і стартапы (кампаніі, што толькі пачынаюць бізнес)». Карацей, было ясна: BYcamp–2008 мае антураж «першага бліна комам» і яго асноўная задача — пашырыць цікавы фармат на беларускія землі і перазнаёміць людзей з супольнымі цікаўнасцямі. Ніхто і не спрабаваў хаваць: самымі галоўнымі падзеямі Байкэмпу сталіся вечарынкі, арганізаваныя ў канцы кожнага дня ў мінскіх клубах. Дапамога некаторых блогераў у правядзенні не-канферэнцыі выявілася ў тым, што яны сыгралі для кэмпераў сваю музыку.

Філасофія баркэмпу

— Кожны яго ўдзельнік — адначасова арганізатар. У некалькіх памяшканнях адбываецца да 100 прэзентацый паралельна. Іх графік складаецца «ўсім мірам»: важна паспець упісаць на дошку сваю тэму, пакуль не набеглі іншыя аратары. Потым удзельнікі выпісваюць найцікавейшае і пачынаюць вандраваць з залы ў залу для спажывання новых ведаў. Хаця што я такое кажу? Хто ў наш час піша? Дошку дружна фатаграфуюць на мабільныя тэлефоны.

Падчас звычайных самітаў, «круглых сталоў» і іншых пленарных пасяджэнняў, таварыства «чотка» падзяляецца на «прэзідыум», «залю» ды «прэс-ложу». Падчас баркэмпу такія падзелы немагчымыя. «Мы праводзім прэс-канферэнцыю ў фармаце прэзентацыі — «слота». 20 хвілін мы расказваем, 10 хвілін вы задаяце пытанні, а потым нас адсюль высяляе наступная група», — заяўляе журналістам Ната Ісаевіч: яна тут нехта накшталт «народнага прэс-сакратара». Падчас адной з прэзентацый абмяркоўваецца тое, як хутка баркэмп-рух пашырыўся ва Усходняй Еўропе і Азіі. У 2007–2008 гадах інтэрнэтчыкі СНД сустракаліся ў Бішкеку, Рызе і двойчы ў Кіеве. Вялікія і малыя баркэмпы праводзіліся ў лесе, піянерлетніках... «А вось падчас медыякэмпа ў Клайпедзе ў 400 метрах ад стаянкі было мора, а на стаянцы — «вай-фай»… Усё, пра што можна марыць! — летуценна згадвае актывіст Байкэмпу Ігар Кандыба — Хто яшчэ з прысутных быў там?» Дзяўчына, якая бярэ тэлеінтэрв’ю ў прадстаўніка кампаніі «Opera», кідае камеру і пачынае скокаць і махаць рукамі: «Я! Я там была!» Вось і я, зарэгістраваўшыся як шараговы ўдзельнік, абсалютна выпадкова даведалася шмат карыснага: напрыклад, цяпер я ўдвая хутчэй працую з браўзерам «Opera», які ўжо пяць год як усталяваны на маім кампутары.

Паводле падлікаў рэгістрацыйнай каманды, удзел у «Байкэмпе» ўзялі 202 чалавекі, якія прадставілі больш за 30 прэзентацый. Хаця смела можна памножыць гэтую лічбу ўдвая: абмеркаванні самых цікавых тэм працягваліся ў калідорах, а пасля і ў інтэрнэце.

Афіцыйна

Ніякай не-канферэнцыі ў Мінску не было: «Байкэмп» праходзіў «па дакументах» як самая звычайная канферэнцыя. І толькі на другі яго дзень рабілася зразумелым, што ў слове «баркэмп» могуць значыць першыя тры літары: праца малых груп адбывалася адначасова ў некалькіх мінскіх кавярнях. У кавярні «Шакаладніца» абмяркоўвалі перспектывы онлайн-журналістыкі. Група адразу падзялілася на тых, хто чагосьці не ведаў, і тых, хто меў вялікую ахвоту чамусьці навучыць. «Я спрабую раскруціць рэсурс для маладых бацькоў, але пакуль не выходзіць», — прызнаецца паненка. — «А як ён называецца?» — «Майлайф.бай» — «Ну канешне ж! Якая ж гэта назва для дзіцячага сайту? Варта павучыцца ў канкурэнтаў. Напрыклад, «Дзеткі.орг»!». «Я хачу стварыць свой партал навінаў, але ў мяне няма грошай на дызайн», — дзеліцца бядой наступны кэмпер. — «Чаго прасцей!» — яму дыктуюць адрас, дзе абсалютна бясплатна можна ўзяць макет сайту і адразу вучаць рэдагаваць яго. «Сёння кожная сакратарка можа за дзень стварыць сайт кампаніі і навучыцца адміністраванню»… Праца ў малых групах плаўна перацякае ў выніковую вечарынку.

Вынік

BYcamp–2008 — безліч станоўчых эмоцый у тых удзельнікаў, якія настройваліся на пазітыў, і мора блог-аналітыкі з боку тых, хто завітаў пашукаць недахопы. Зрэшты, як слушна сказаў адзін з арганізатараў, «немагчыма стварыць баркэмпу кепскую рэпутацыю: гэта значыць, што ты — сам такі, бо канферэнцыя такая, якой яе робіш ты».

Галоўнае, насуперак скептыкам, энтузіясты беларускага вэбу давялі: баркэмпы магчымыя ў Беларусі. Чакаецца працяг вэб-банкету. А яшчэ ёсць задума правесці ў 2009 «мовакэпм», прысвечаны моўнай сітуацыі ў Беларусі.

Каментаваць