Было б сумна, калі б не «ОдноНо»

Лідар гурта «ОдноНо» Аляксей Мышкін не збіраецца нікога нічому вучыць. Аднак лічыць, што варта падымаць свядомасць людзей на больш высокі ўзровень, і сваёй музыкай намагаецца даць людзям «спасылкі». Супярэчлівы гурт даў канцэрт у Мінску.



Музыкі прэзентавалі свой новы альбом «Зёрна». Арганізаваў гэты канцэрт міжнародны цэнтр ёгі «Путь Человека».

Нягледзячы на тое, што гурт упершыню выступае ў Беларусі, сустрэлі яго вельмі цёпла і ветліва. Максімальная аддача музыцы назіралася не толькі з боку музыкаў, але і з боку публікі: людзі спявалі, танчылі і занялі практычна ўсю прастору бара «Bristle».

Даволі складана падабраць правільныя словы, каб апісаць, якую музыку выконвае гэты гурт. Яны не прытрымліваюцца аднаго стылю, бо, як кажа вакаліст «ОдноНо» Аляксей Мышкін, «па-дурному выкарыстоўваць толькі адну фарбу, калі ў цябе ёсць цэлая палітра». Іх тэксты шматгранныя і акцэнтуюць увагу на пытаннях існавання чалавека ў сучасным свеце.

Пасля канцэрта мы пагутарылі з Аляксеем Мышкіным. Ён быў здзіўлены ступенню ўдзелу публікі ў прадстаўленні і ахарактарызаваў яе як «вельмі шчырую і цёплую».

— Што азначае назва «ОдноНо»?

— Усё, здавалася б, добра, але ёсць адно «но». Усё складваецца добра, але ёсць адно «но». Тут вельмі шмат прыкладаў, якія можна прывесці. Гэта тое, што немінуча кожны сыдзе з гэтага свету. Гэта можна разглядаць як радасны факт, а можна — як сумны. У залежнасці ад таго, як вы глядзіце на гэты свет, на сваё жыццё. Можна разглядаць гэты факт проста як змену адзення, а можна — як асабістую трагедыю і канец усяго. І гэтак жа «ОдноНо». Гледзячы, як наладжана ваша свядомасць, вы можаце ўспрымаць гэту назву па-рознаму. Такая назва-перакрут.

— А што для вас — быць музыкам?

— Быць музыкам — гэта, у першую чаргу, аддаваць, а не браць. Быць сапраўдным музыкам — гэта падымаць свядомасць людзей на больш высокі ўзровень. Музыкі павінны далучаць людзей да больш высокай сферы быцця. Іх задача, мэта — даваць веды праз музыку, праз вершы.

— Як вы лічыце, музыка — гэты здабытак усіх?

— Безумоўна.

— Тады можна пачуць ваша меркаванне з нагоды таго, што некаторыя музычныя калектывы забараняюцца з боку дзяржаўных органаў?

— Гэта палітыка. Прычым некаторыя музыкі ўдзельнічаюць у гэтай гульні, што, мне здаецца, не трэба рабіць. Безумоўна, у музыкаў павінна быць вельмі выразная жыццёвая пазіцыя, але, я думаю, яна павінна быць шырэй нейкіх дзяржаўных канфліктаў. Музыка павінна аб’ядноўваць людзей, а не раз’ядноўваць. Музыка павінна казаць пра ўніверсальныя рэчы, якія тычацца наогул усіх, а не толькі, напрыклад, рускіх ці беларусаў, ці ўкраінцаў. Яна павінна быць па-за канфесіямі, па-за палітыкай. Калі грае музыка, людзі спяваюць, расслабляюцца, адпускаюць сітуацыю. Яна дае ім жыццё, сілы, натхненне. Як я стаўлюся да якіх-небудзь забаронаў? Адзін вельмі духоўны чалавек казаў, што палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а вечныя рэчы застаюцца. Музыка — вечная. Яе немагчыма забараніць, калі гэта сапраўднае мастацтва, якое злучае чалавека з Усявышнім. Таму, як бы ні імкнуліся нейкія службоўцы штосьці забараніць… гэта можа быць вонкава забаронена, але ніхто ж не прымусіць сэрцы маўчаць.

— У вас ёсць кампазіцыя «Свободный или Мертвый». Што вас падштурхнула яе напісаць і што вы жадалі данесці праз яе?

— У гэтай кампазіцыі гаворыцца пра тое, што калі мы не будзем весці глыбокае духоўнае жыццё, то станем хадзячымі мерцвякамі. У нас ёсць песня «Ходячий труп» — пра тых людзей, якія занятыя паўсядзённымі справамі, якія працуюць «на ўнітаз», цікавяцца толькі тым, каб паесці, паспаць, пазаймацца сэксам. Дык вось іх святыя людзі завуць хадзячымі трупамі. Яны мёртвыя, насамрэч. Таму што праўдзівая радасць, праўдзівае шчасце глыбока ў нас схавана. І калі мы не шукаем гэта шчасце, то становімся падобнымі на мерцвякоў, біялагічнымі робатамі, якія не бачаць сапраўднай мэты ў жыцці.

— Калі чалавек развіваецца, безумоўна, змяняюцца яго погляды на жыццё, светаадчуванне, а штосьці застаецца канстантай. А ёсць нейкія рэчы, якія за час вашай творчасці змяніліся? Вы штосьці выказалі ў песні, але цяпер думаеце па-іншаму?

— Так, безумоўна. Ізноў жа, песня «Свободный или Мертвый» вельмі рэвалюцыйная на першы погляд, хоць я казаў менавіта пра ўнутранае развіццё. Мне здаецца, што не патрэбныя рэвалюцыі вонкавыя, патрэбна рэвалюцыя ўнутраная. Раней у мяне было іншае меркаванне. Мне здавалася, што хтосьці штосьці робіць не так, але цяпер я зразумеў, што, у першую чаргу, хто робіць не так — гэта я. Негатыўныя рэчы, якія адбываюцца ў свеце, — яны, найперш, у маім сэрцы. І да таго часу, як я не змяню гэтыя рэчы ў сабе, мне няма чаго лезці і кагосьці вучыць, палітыкай займацца і г.д. Трэба спачатку з сабой разабрацца, ачысціць сваё сэрца. Гэта тое, што змянілася. Раней я быў больш радыкальным, мог крытыкаваць нейкія палітычныя рэчы. Цяпер мне здаецца, што ў гэтым свеце ніколі не будзе ўсё ідэальна. Ён так створаны. Сюды прыходзяць жывыя істоты, якія жадаюць панаваць, быць багатымі, атрымліваць асалоду ад славай, пашанай і г.д. Ён ужо па сваёй задуме такі. Спачатку трэба разабрацца з сабой. Калі ты разбярэшся са сваімі прусакамі, то не будзеш размножваць гэтых прусакоў. А наадварот, будзеш несці нейкую светлую хвалю, і ты сам будзеш змяняць сэрцы людзей. Паглядзіце, як на працягу стагоддзяў святыя людзі (Серафім Сароўскі, Сергій Раданежскі, Ісус Хрыстос, прарок Мухамед) змянялі сэрцы людзей. Наколькі яны былі чыстымі і моцнымі. Але каб разабрацца са сваімі слабасцямі, недахопамі, якасцямі, могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі.

— Вы адчуваеце, што вы змяняеце чыёсьці жыццё сваімі словамі?

— Я адчуваю, што я змяняюся сам, займаючыся гэтым. Я не такі ўзнёслы чалавек, каб кагосьці змяняць. Калі я ледзь-ледзь камусьці дапамагу, штосьці падкажу, калі хтосьці па маёй радзе прачытае кнігу пра якога-небудзь святога чалавека, які цалкам аддаў сябе служэнню Богу і людзям, і калі іх сэрца зменіцца дзякуючы маёй радзе, гэта будзе выдатна. Я сам не магу нічога змяняць, але я магу даць людзям «спасылкі».

— Ці ёсць якое-небудзь пытанне, якое вы часцей за ўсё задаеце сабе?

— Чаму ў мяне дагэтуль так шмат бруду ў сэрцы? Гэта пытанне я часта задаю сабе. Проста калі вы пачынаеце займацца духоўнай практыкай, вы бачыце свой унутраны бруд. Калі вы пачынаеце чысціць возера экскаватарам, вы раптам разумееце, што за мяккімі хвалямі возера гэтулькі смецця назапасілася. Зверху яго не відаць, а вось калі вы залезеце гэтым каўшом на дно... Таму я заўсёды прашу ва Усявышняга ачысціць маё сэрца і даць мне магчымасць быць сапраўды шчырым да людзей, да тых сітуацый, у якія я трапляю. Я пытаю сябе ўвесь час: «Чаму ты зноў хлусіш?»

— Вы згадвалі сёння пра Андрэя Запарожца (былы вакаліст гурта "5nizza", зараз вакаліст гурта "SunSay"). Вы плануеце з кім-небудзь яшчэ шчыльнае супрацоўніцтва?

— У новым альбоме вельмі шмат розных музыкаў, але ўжо міжнароднага ўзроўню. Можа, у Расіі яны невядомыя, але гэта цудоўныя музыкі. Я ніколі не працаваў з музыкамі такога ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі. Мы ездзілі ў Індыю, запісваліся ў Турцыі, нават у Казахстане пабывалі, запісвалі спявачку з Вялікабрытаніі. З усёй Расіі мы запісвалі этнічна розных музыкаў. Мы вельмі любім калабарэйшэны. Мне вельмі цікава працаваць з людзьмі, якія ўяўляюць старажытныя музычныя традыцыі, якія займаюцца музыкай з пакалення ў пакаленне. Таму наш апошні альбом — гэта спроба датыкнуцца да найстаражытных музычных традыцый свету.

— Чым вы займаецеся ў вольны ад канцэртаў час?

— Я не адпачываю. Я спрабую пераключацца са справы на справу. Я вучуся спяваць, мы здымаем кліпы для «ОдноНо», я выступаю сурэжысёрам практычна ва ўсіх кліпах. Мне падабаецца працаваць з малюнкам, з відэа, з тэлебачаннем, з кіно. Мы знялі фільм «Ясность», у якім я быў рэжысёрам. Я езджу па святых месцах свету. Гэта насычанае жыццё. Я не стамляюся ад яго.

— Можа, ёсць такая рэч, на якую чалавек павінен звяртаць увагу ў першую чаргу?

— У ідэале, пажадана, каб кожную секунду свайго жыцця чалавек памятаў пра тое, што ён вечны, ён ніколі не памрэ, ён вечная душа, якая першапачаткова поўная ведаў, асалоды, радасці і шчасця. І што сэнс чалавечага жыцця — зразумець гэта і перастаць ставіць часавыя мэты. Чалавек не павінен забываць, што шчасце — унутры яго самога.

Каментаваць