Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч прэзентаваў "Чарвяка" у Магілёве

Прэзентацыя адбылася 25 кастрычніка ў грамадскім цэнтры "Кола".



Зборнік турэмных апавяданняў "Чарвяк" — першая кніга Дашкевіча. "Гэтая кніга можа зацікавіць чытача тымі турэмнымі рэаліямі, якія ў ёй адлюстраваны", — адзначыў аўтар. Многія, дадаў ён, не могуць сабе ўявіць, што ў беларускіх турмах арыштаваным забараняецца карыстацца лыжкамі. 
 
 
Па словах Дашкевіча, да напісання кнігі яго падштурхнула перш за ўсё перажыванне за людзей, якіх ён там сустракаў. "Таму ўсе гісторыі, пра якія вядзецца гаворка, рэальныя. Гэта значыць на 95% — гэта апісанне падзей, якія мелі месца, і 5% — на тое, каб усё гэта скампанаваць. Мастацкай выдумкі там не больш за пару адсоткаў", — сказаў былы палітвязень . 
 
 
Ён адзначыў, што пры напісанні кнігі для яго было важна не толькі перадаць убачанае, але і максімальна выкарыстоўваць час у зняволенні. "Хацелася, каб час не быў змарнаваны ў турме, не былі выкінутыя гады, каб нейкі досвед быў перададзены", — сказаў палітык. 
 
 
З 2006 года яго тройчы прыгаворвалі да пазбаўлення волі. За час зняволення — а гэта ў агульнай суме пяць гадоў — ён пабываў у 12 папраўчых установах Беларусі. На думку Дашкевіча, беларуская пенітэнцыярная сістэма не толькі не дапамагае чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця, але, наадварот, робіць з яго яшчэ большага злачынца. 
 
 
Кніга "​​Чарвяк" была выдадзена ў 2013 годзе ў Вільні накладам тысяча асобнікаў. 
 
 
Апошні раз Дашкевіч быў асуджаны ў сакавіку 2011 года, яго прызналі вінаватым ў збіцьці двух грамадзян. Паколькі Дашкевіч сваю віну катэгарычна адмаўляў, а затрыманне яго адбылося за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, праваабаронцы расцанілі гэта як прэвентыўную меру па "зачыстцы" грамадства. Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі, пасля да гэтага тэрміну дадалі яшчэ год — нібыта за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Дашкевіч вызваліўся ў канцы жніўня 2013 года, але за ім усталявалі прэвентыўны нагляд, які неаднаразова працягваўся. 10 верасня гэтага года прэвентыўны нагляд з Дашкевіча быў зняты.
 
 
Інфармацыя БелаПАН

Каментаваць