Ці яно нам трэба: выданні, якія здзівілі

Хацелася б пазнаёміць чытача з выданнямі, з’яўленне якіх у публічнай прасторы выклікала апошнім часам рэзананс у беларускага чытача — ад лёгкага непаразумення да скрайняга абурэння.

Адвакатка калоній

Эва Томпсан. Песняры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм. — Мн.: Медысонт, 2009. — 382 с.

Хацелася б пазнаёміць чытача з выданнямі, з’яўленне якіх у публічнай прасторы выклікала апошнім часам рэзананс у беларускага чытача — ад лёгкага непаразумення да скрайняга абурэння.

Адвакатка калоній

Эва Томпсан. Песняры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм. — Мн.: Медысонт, 2009. — 382 с.

«Ці патрэбная нам Эва Томпсан?» — такое пытанне стаяла ў загалоўку першай беларускай рэцэнзіі на кнігу вядомай амерыканскай славісткі польскага паходжання. Яе самая знакамітая праца — манаграфія «Imperial Knowledge: Russian Literature and Colonialism» (2000), прысвечаная аналізу каланіяльнага складніка рускай літаратуры, выйшла напрыканцы 2009 года ў беларускім перакладзе Таццяны Нядбай. Як выявілася пазней, пытанне было сімптаматычным: нават аўтар гэтай даволі прыхільнай рэцэнзіі Ігар Гафараў не дэманстраваў захаплення ад навінкі навуковай думкі па-беларуску, а нібы спрабаваў апраўдаць яе з’яўленне ў вачах чытача.

 «Песняры імперыі» — даследаванне, якое прыкладае (пост)каланіяльныя штудыі да літаратуры, што з’яўлялася на тэрыторыі Расійскай імперыі, СССР, Расійскай Федэрацыі ў ХІХ–ХХ стагоддзі. Працуе такі метад вельмі лёгка. Калі, напрыклад, разглядаць пры яго дапамозе раман Альбера Камю «Чума», то перад намі зусім не шэдэўр літаратуры экзістэнцыялізму, а кніга, дзеянне якой адбываецца на тэрыторыі французскай калоніі Алжыр, дзе з чумой змагаюцца адно французы-каланізатары: карэннае насельніцтва пазбаўленае гонару і годнасці, яму наканавана быць толькі масоўкай (трупамі на дне чумной ямы) вялікай літаратуры. Гэтак інтэрпрэтаваў раман Камю Эдвард Саід у сваёй кнізе «Арыенталізм» (1978). Арыентуючыся на Саіда, Томпсан разглядае рускі літаратурны канон як гімн расійскай каланіяльнай славе.

Пад раздачу трапляюць самыя розныя, што да эпох і ідэалогій, пісьменнікі суседзяў: Пушкін і Лермантаў (каланізатары Каўказа), Талстой (фальсіфікатар падзей вайны 1812 года), Салжаніцын (каланізатар Узбекістана), Распуцін і Рыбакоў (каланізатары Сібіры) і некаторыя іншыя пісьменнікі і літаратуразнаўцы. Ёсць у кнізе і станоўчыя (неімперскія) персанажы, але іх значна меней.

Эва Томпсан (у дзявоцтве Маеўска) нарадзілася ў 1937 годзе ў Вільні ў польскай сям’і. У 1945 годзе сям’я была выслана Саветамі ў Гданьск, на былыя нямецкія землі — траўма такога гвалтоўнага перасялення яднае лёсы многіх палякаў. Асабісты момант польскай крыўды на Расію адчувальны ў кнізе, хоць аўтарка спрабуе не даваць волю пачуццям.

Канфлікт паміж творам і чытачом, на першы погляд, — у простай неадпаведнасці: праз русіфікаваныя адукацыю і выхаванне мы, беларусы, не здольныя ўспрыняць рускую літаратуру як нешта шкоднае, што выціскае з нашага кругагляду ўласную нацыянальную спадчыну. Але першыя водгукі на кнігу паказалі: цалкам усведамляючы праблему ўласнай русіфікаванасці, беларускія інтэлектуалы не могуць прайсці міма заўважнай некампетэнтнасці Томпсан у рускім літаратуразнаўстве. Адукаваны беларускі чытач, як ніхто з іншых крытычна настроеных да рускага імперыялізму еўрапейцаў, ведае ворага ў твар — дзякуючы гэтай самай русіфікацыі. Абвергнуць многія з тэзісаў Томпсан можа любы беларускі школьнік — нават без спецыяльнай гуманітарнай падрыхтоўкі. Дастаткова ўмення свабодна чытаць па-руску.

Гісторык Алесь Пашкевіч, падкрэсліўшы сваю пазіцыю «простага чытача», не паленаваўся перагледзець аповесць Распуціна «Пажар» і раман Салжаніцына «Ракавы корпус» і, што называецца, злавіць даследчыцу за руку ў кепскім веданні кніг, якія яна крытыкуе. Не маўчаць і прыхільнікі гістарычнай (а не толькі літаратурнай) праўды: «Беларусу прыкра будзе чытаць частку, прысвечаную падзеям 1939 года. За ўз’яднаннем Беларусі і Украіны Томпсан бачыць толькі працяг расійскай імперскай палітыкі ў дачыненні да Польшчы. Чакаць менш перадузятага погляду не выпадала — аўтарка ў сваіх інтэрв’ю правым польскім выданням аднойчы абвясціла, што «польскі нацыяналізм — незвычайна лагодны». Прызнанне адных каланізатараў лепшымі за іншых слаба кладзецца ў пракрустаў ложак заходняга навуковага мыслення», — піша Сяргей Богдан у рэцэнзіі для «Нашай нівы».

Цікава, што ў суседняй Украіне, дзе выдавецтва «Основи» выдала ўкраінскі пераклад кнігі яшчэ ў 2006 годзе, дагэтуль не аціхлі захопленыя водгукі крытыкаў і пісьменнікаў. Кнігу называюць чаканай, патрэбнай, а на ўсе яе яўныя хібы рэцэнзенты заплюшчваюць вочы. Розніца паміж успрыняццем кнігі ва Украіне і Беларусі ўражвае і прымушае задумацца… Толькі вось пра што? Пра градус пасіянарнасці абодвух народаў? Пра ступень іх русіфікацыі? Ці ўсё-ткі пра скрайнюю неабходнасць украінцам і беларусам метаду, прапанаванага аўтаркай? Стваральнік інтэрнэт-паслугі «Кнігі — поштай» Алесь Яўдаха мяркуе: «Можна доўга пералічваць рэальныя недахопы працы Томпсан, але гэта першая кніга (з вядомых мне), якая асвятляе гэту праблему [каланіялізму рускай літаратуры —Е.В.]. (…) Цяпер я маю выбар — чытаць Томпсан ці не чытаць Томпсан. Я схіляюся да чытання».

Бесхрыбетнае чытво

«Filet» зіма 2009–2010.

Пад самы Новы год стэнды для дармовай раздачы ў розных «кропках культуры» пацешылі мінскую публіку новым густоўным выданнем: першы нумар часопіса «Filet» яго стваральнікі вырашылі распаўсюджваць бясплатна, як пробную ластаўку. Часопіс, што арыентуецца на найлепшыя заходнія выданні ў галіне «канцэптуальнага глянцу», плануюць выдаваць 4 разы на год на рускай і беларускай мовах. З ладным дамешкам англіцызмаў, дадаюць першыя чытачы. Культаглядальнік «Нашай нівы» ЛК мяркуе, што часопіс імкнецца заняць нішу паміж «Студэнцкай думкай» і альманахам «pARTisan».

Эксперты ад мультымедыя-часопіса «34» ахрысцілі новае стварэнне «бесхрыбетным»: ёсць цудоўнае мяса — візуальная частка, але касцей — цікавых і, галоўнае, арыгінальных, а не запазычаных за мяжой, тэкстаў, на якіх зазвычай трымаецца саліднае выданне, — кот наплакаў. Была прыдзірлівай да часопіса і гаспадыня кнігарні пры галерэі «Ў» Аляксандра Дынько, якая прагназуе хуткую самаліквідацыю праекта: «Filet», прынамсі калі ён будзе прытрымлівацца той сарамлівай стратэгіі, якую абраў для пілотнага нумару, пойдзе даўно пракладзеным трактарам «Беларус» шляхам усіх нашых глянцавых выданняў».

У той жа час нумар прыйшоўся даспадобы мэтавай аўдыторыі часопіса — «актыўныя, цікаўныя людзі з мінімальным узроўнем падрыхтаванасці» (так апісвае свайго сярэдняга чытача галоўны рэдактар «Filet» Валеры Краснагір). Пра гэта можна меркаваць па захопленай рэакцыі журналісткі Асі Паплаўскай, якая рэкламуе часопіс у сваім прыватным блогу.

Асабіста мне імпануе тое, што ў стартавым нумары «Filet» можна пачытаць вершы Арцёма Кавалеўскага і Вольгі Гапеевай — мала які айчынны глянец цешыць нас сучаснай літаратурай. Да таго ж, безумоўна варта паглядзець на выдатныя ілюстрацыі трох Вольгаў: Хахловай, Даніловіч і Пратасавай. Кожная іх праца — шэдэўр фотамастацтва.

Каментаваць