Ці ёсць гномы ў Іране? Дні культуры Швецыі ў Беларусі: літаратура

13–15 мая пад эгідай Пасольства Каралеўства Швецыя і Шведскага інстытута, у рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі традыцыйныя шведска-беларускія літаратурныя чытанні. Літаратары дзвюх краін сустрэліся для выступу ў Мінску, каб потым выправіцца ў вандроўку па Палессі.

( На здымку: Дні паэзіі ў Пінску 15 мая. Паэт Андрэй Хадановіч, музыка Сяргей Пукст )



13–15 мая пад эгідай Пасольства Каралеўства Швецыя і Шведскага інстытута, у рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі традыцыйныя шведска-беларускія літаратурныя чытанні. Літаратары дзвюх краін сустрэліся для выступу ў Мінску, каб потым выправіцца ў вандроўку па Палессі.

( На здымку: Дні паэзіі ў Пінску 15 мая. Паэт Андрэй Хадановіч, музыка Сяргей Пукст )


Наведаўшы Слуцк, інтэрнацыянальная літаратурная брыгада прэзентавала свае творы ў Дзіцячай раённай бібліятэцы Салігорска і ў Палескім дзяржаўным універсітэце ў Пінску. Беларускую літаратуру ў межах чытанняў прадстаўлялі пісьменнікі Барыс Пятровіч і Анка Упала, філосаф і эсэіст Валянцін Акудовіч, паэты Марыя Мартысевіч, Віталь Рыжкоў, Дзмітры Плакс, Андрэй Хадановіч.

Што да шведскай каманды, то сёлета яна выглядала надзвычайна: яе разынкай стаў інтэрнацыяналізм шведскамоўных пісьменнікаў. Апроч сусветна вядомай паэткі, драматурга, прафесаркі літаратуразнаўства Агнеты Плэель, у яе ўвайшлі фінская шведка, перакладчыца фінскай і рускай літаратуры Яніна Арлоў, іранска-шведская пісьменніца Азар Махлуджан і польска-шведскі пісьменнік і журналіст Мацей Зарэмба. Падчас чытанняў ім дапамагалі: музычным суправаджэннем Сяргей Пукст і акторскім чытаннем — Алена Іваннікава.

Публіцыстычны акцэнт праграмы, прапанаванай аматарам мастацкай літаратуры, не мог не кідацца ў вочы, але менавіта ён прыцягнуў увагу карэспандэнта «НЧ». Іранка Азар і паляк Мацей пакінулі родныя краіны па палітычных прычынах. Тое, што яны прэзентуюць шведскаму (а цяпер і беларускаму) чытачу, — можна акрэсліць як «нон-фікшн» напрамак, які ўпэўнена набірае папулярнасць ва ўсім свеце. За такой прозай стаяць рэальныя, часта трагічныя падзеі, лёс чалавека, і таму яна мае не толькі эстэтычную, але і дакументальную каштоўнасць.

Апроч таго, гэтыя аўтары закранаюць іншую праблему: феномен пісьменнікаў з падвойнай ідэнтычнасцю, праблемы эмігрантаў у Заходняй Еўропе.

Такім чынам, прапануем вашай увазе творчыя візіткі двух самых незвычайных удзельнікаў шведска-беларускіх чытанняў.

«Ніхто не павінен паліць кнігі»

З усіх аўтараў шведска-беларускіх чытанняў Азар Махлу­джан найбольш паразумелася з паэтам-слэмерам Віталём Рыжковым:


…дабро робіцца злом пасьля
перамогі над злом
аўтаматычна; параза дабра
— перамога.
а праўда — гэта сумленьне,
сцягнутае вузлом
на шыі нямога.


«Гэта мой выпадак», — гаворыць яна, калі ёй перакладаюць гэтыя радкі з «Чорна-белага верша». «Я працавала ва Універсітэцкай бібліятэцы Тэгерана, і мы з калегамі, як і ўся творчая інтэлігенцыя, пратэставалі супраць шаха Махамеда. Нарэшце мы дамагліся свайго: у 1979 годзе шах быў зрынуты, а да ўлады прыйшоў Хамейні. І мы атрымалі новую дыктатуру, гэтым разам — рэлігійную».

Бібліятэкары, перакананая Азар, — гэта не проста каталагізатары кніг. Яны павінны рупіцца пра пісьменства, свабоду слова, асвету, змагацца супраць цэнзуры. Новыя ўлады загадалі бібліятэкам знішчыць кнігі шаха Махамеда, працы Маркса і Леніна, а таксама ўсе падручнікі па дарвінізму. Прафсаюз бібліятэкараў, актывісткай якога была Азар, напісаў ліст пратэсту: што б ні было ў кнігах, ніхто не павінен іх паліць. Неўзабаве жанчыну прыйшлі арыштоўваць. Яна здолела схавацца ад уладаў, але калі хавацца стала небяспечна, яна вырашыла пакінуць Іран праз Турцыю, з кантрабандыстамі (такі спосаб перапраўкі людзей на Захад апісваў яшчэ Сяргей Пясецкі ў «Каханку Вялікай Мядзведзіцы»).

Поўная небяспекі выправа скончылася для Азар паспяхова — яна атрымала палітычны прытулак у Швецыі. А неўзабаве дазналася, што яе сваяк, які спрабаваў пакінуць радзіму тым жа шляхам, замерз падчас уцёкаў. «Я адчувала тое ж, што і былыя вязні канцлагераў. Чаму яны загінулі, а я — жыву?» Такім чынам яна вырашыла напісаць сваю першую кнігу — «Разарваныя карцінкі», дзе апісала ўсё перажытае падчас пераследу ў Іране і ўцёкаў, а таксама досвед быцця эмігрантам з трэцяга свету ў Еўропе. Пісала адразу па-шведску, з дапамогай сваёй выкладчыцы шведскай мовы.

На сёння Азар Махлуджан аўтарка чатырох кніг прозы. Таксама яна плённа перакладае літаратуру з мовы фарсі на шведскую.

«Гномы сапраўды існуюць»

«У Беларусі я пачуваюся, нібы вярнуўся дадому», — прызнаваўся Мацей Зарэмба. Сям’я яго бацькі да 1939 года жыла ў Белева, што каля Маладзечна. Яго дзядзька Эдвін некаторы час быў мэрам мястэчка. Яго дзед нарадзіўся ў Гомелі, працаваў кандуктарам на Транссібе. Таму для Мацея яго першы прыезд у Беларусь — гэта яшчэ і спроба сягнуць сваіх каранёў. «Я заходжу ў крамы і прыглядаюся да людзей: а раптам у кагосьці такія ж, як у мяне, рысы твару?»

Пасля высялення ў Польшчу Бяляўскія аселі ў Познані. Там і нарадзіўся Мацей, «яры антысаветчык», як ён сам сябе рэкамендуе. У дзяцінстве ён сабатаваў вывучэнне рускай мовы, якую прымушалі вучыць у школе, пра што цяпер нават шкадуе. Рашэнне выехаць на Захад у 1969 годзе было звязанае з непрыняццем камуністычнай ідэалогіі.

З 1989 года Мацей Зарэмба з’яўляецца супрацоўнікам аддзела культуры шведскай газеты «Dagens Nyheter». Яго артыкулы, прысвечаныя рознага кшталту парушэнням, выклікалі шырокі рэзананс у Швецыі і Польшчы.

«Я расказаў вам пра сваіх крэўных продкаў з Беларусі, але ёсць у мяне і яшчэ адзін продак адсюль — духоўны. Гэта ваш зямляк, польскі пісьменнік Рышард Капусцінскі», — гаворыць Мацей публіцы ў Пінску. Як і Капусцінскі, Зарэмба праславіўся сваімі літаратурнымі рэпартажамі.

-----------------------------------------------------------------------------------

Азар Махлуджан: З кнігі «Разарваныя выявы»

Як холадна! Усё цела зацякло. Нічога не адчуваю. Адзін з мужчынаў пад’язджае і кажа, што я сяджу на шыі каня і мушу пасунуцца назад, да чалавека, які сядзіць за мною. Але я не магу паварушыцца. Ногі як бярвёны. Здранцвелі. Я бяру нагу рукамі ды спрабую пасунуць яе назад. Праваднік кажа: трэба рухацца, каб не замерзнуць, трэба варушыць пальцамі ног, увесь час.

Азар Махлуджан нарадзілася ў Іране ў 1949 годзе. Бібліятэкар па адукацыі. У 1982 годзе атрымала палітычны прытулак у Швецыі


Урэшце мы пад’язджаем да пячоры, спешваемся. Адзін з мужчынаў пайшоў перад намі і пачаў раскладваць вогнішча. Нам трэба трохі сагрэцца. Праваднік, галоўны кантрабандыст, доўга глядзіць на мае боты. Я пачынаю хвалявацца. Чаму ў яго такі позірк? Ён што, здагадаўся, што я схавала там усе свае грошы? Можа, ён ведае, што пераважная большасць уцекачоў робяць менавіта так? Тады, магчыма, ён папросту хоча адабраць мае грошы. Перад уцёкамі мы чулі шмат гісторый пра тое, што здараецца з іншымі, хто збягае.

Ён паказвае на мяне і нешта кажа сваім людзям. Адзін з іх выходзіць з пячоры і вяртаецца з парай тоўстых шкарпэтак, працягвае іх мне. Яны лічаць, што мае боты недастаткова цёплыя. Я кажу, што на мне шмат вопраткі, і гэтага досыць. Але праваднік настойвае, кажа, што мы, гарадскія, нічога не ведаем пра холад. Ён хоча, каб я пераабулася, кажа: «Ты не разумееш, але людзі гінуць у такую сцюжу. Я адказваю за вашае жыццё».

Я не ведаю, што рабіць, але хутка прымаю рашэнне. Я кажу, што хачу пагутарыць з ім сам-насам. Астатнія выходзяць вонкі. Я кажу яму, што мушу даверыць яму сакрэт, бо мне патрэбная дапамога. Я распавядаю пра схаваныя ў ботах грошы. Ён разумее, чаму я не хачу пераабувацца, усміхаецца прыязна і кажа, што не згубіць мае боты, пакладзе іх ва ўласную седлавую торбу.

Я аддаю яму боты, нацягваю тоўстыя шкарпэткі на тыя дзве пары, што ўжо маю на нагах, абуваюся ў мужчынскія чаравікі. Потым выходжу і саджуся на свайго каня, бачу, як ён кладзе боты ў седлавую торбу. Мае спадарожнікі пытаюцца ў мяне пра боты. У нашым сховішчы ў Тэгеране мы ўсю ноч перад ад’ездам працавалі, каб схаваць свае грошы ў абутку. Гадзінамі ўклейвалі тонкія паперкі ў падэшвы, так што знайсці іх магчыма было толькі разрэзаўшы нашыя чаравікі і боты.

Людзі, што ўцякаюць разам са мною, насядаюць на мяне, кажуць, што мне не трэба было гаварыць праўду кантрабандысту, я рызыкую ўсім, што ў мяне ёсць. Я мушу рэзка адказаць ім, абарваць. Я кажу, што дыскусія скончаная, я ведаю, што раблю. Але насамрэч я хвалююся — калі мае боты застануцца ў яго, я прапала. Што рабіць адзінокай жанчыне па той бок мяжы, калі ў яе няма грошай? Куды ісці? Можа, я ўсё ж здуравала, адкрыўшы свой сакрэт?..

Пераклаў са шведскай Дзмітры Плакс

------------------------------------------------------------------------------------


Мацей Зарэмба:  З эсэ «Чаму я стаў рэпарцёрам»

Найвялікшая гістарычная перамена нашага часу — распад Савецкага Саюза і канец халоднай вайны — была сюрпрызам для ўсяго свету, у роўнай ступені і для шпіёнскіх цэнтраў, і для рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі. І ўсё роўна гэта не было нейкім раптоўным землятрусам. Гэта быў вынік доўгага працэсу, які толькі час ад часу прымаў форму нечаканых падзеяў. Драматургія гэтага працэсу складалася з незаўважных пасоўванняў у грунтоўным выбары, пераменаў у тоне, гульні мімікі, словаўжывання. Маленькія, паўзучыя навіны, зробленыя не для газетных урэзак.

Мацей Зарэмба (Зарэмба-Бяляўскі),
журналіст і пісьменнік, нарадзіўся
ў 1951 годзе ў Познані, Польшча. Эміграваў
у Швецыю ў 1969 годзе


Заходнім СМІ было цяжка зачапіць гэтае «праграмнае забеспячэнне». У асноўным з нязвычкі тлумачыць сімвалы ды іншыя чалавечыя тонкасці. Нібыта нашы грамадствы сапраўды сталі такімі празрыстымі і літаральнымі, як нам абяцалі інжынеры. (…) Але па-за жалезнай заслонай камунікацыя ў значнай ступені па-ранейшаму складалася з намёкаў і грымасаў. Вялікія перамены ўжо пачыналіся, але вонкі яны былі бачныя толькі як маленькія знакі.

Калі паглядзець на падзеі такім чынам, дык, напрыклад, тое, што здарылася ў Вроцлаве 6 лістапада 1987 года, павінна было з’явіцца ў рапартах тэлеграфных агенцтваў. У гэты дзень на цэнтральную плошчу выйшлі студэнты, каб цалкам у адпаведнасці з пратаколам адзначыць памятны дзень рускай рэвалюцыі праз дэманстрацыю сваёй любові да Леніна і веры ў Савецкі Саюз. «Чырвоная армія — твой сябар дзяцінства!» — скандзіравалі маладзёны, нявінна ўсміхаліся і махалі чырвонымі сцягамі. І адразу — да поўнага захаплення і задавальнення гледачоў — былі арыштаваныя паліцыяй, якая не сумнявалася, што тут справа нячыстая. Магчыма, упершыню ў гісторыі Імперыі дэспатызм сам пацвердзіў, што ўжо ніхто больш не верыць у лозунгі (…).

Мая ўлюбёная гісторыя таксама адбылася ў той час, і аўтарам падзеі была тая самая хэпенінг-група з Вроцлава. Яны называлі сябе «Аранжавая альтэрнатыва», збіраліся пад лозунгам «Гномы сапраўды існуюць!» і сістэматычна бянтэжылі вартавых парадку мірнымі жартамі і розыгрышамі. Ніжэй — запіс, зроблены ў 1987-м годзе. Штаб паліцэйскіх сілаў па барацьбе з беспарадкамі камунікуе з групай спецыяльнага прызначэння на месцы падзей:

— Хто там такія?

— Гномы.

— Якія гномы?

— Звычайныя гномы.

— Вы што там, звар’яцелі?

— Не. Тут гномы на вуліцы, мы іх бярэм.

— Слухай, вы што там напіліся?

— Не, мы не пілі.

— Але бачыце гномаў на вуліцы?

— Так, ну, гэта студэнты, апранутыя гномамі.

— А, студэнты (з палёгкай у голасе)... і што яны робяць, гномы гэтыя?

— Спяваюць.

— Што спяваюць? (Зноў занепакоены голас.)

— «Мы — гномы», — вось што.

— Ну, тады можаце іх браць.

Гномаў было дзесяць тысяч. Ці я памыляюся, калі бачу хуткі скон Імперыі ў другім адказе камандзіра паліцэйскай спецгрупы: «Звычайныя гномы»?

Мы — тыя, хто пісаў у гэты час пра тое няроўнае супрацьстаянне, — лічылі колькасць страйкаў у Польшчы і савецкіх дывізіяў за яе мяжою. Пераважная большасць з нас не мела ані фантазіі, ані слыху, каб пачуць інтанацыю, ці зразумець ролю гномаў у гісторыі. Але жыхары Вроцлава мелі і тое, і другое, і яны пасля падзення Берлінскай сцяны паставілі помнік гному на парадным праменадзе свайго гораду. Паедзьце і паглядзіце самі.

Ці ёсць гномы ў Іране? Як іх завуць? Магчыма, гэта такая ж важная інфармацыя, як і звесткі пра ядзерную праграму. Калі здранцвелы парадак растрэскваецца, гэта адбываецца перш за ўсё сярод маленькіх людзей, якія карыстаюцца маленькімі словамі, што не знаходзяць месца ў газетнай урэзцы.

Пераклаў са шведскай Дзмітры Плакс

--------------------------------------------------------------------------

Новыя шведскія кнігі па-беларуску

Плён Дзён культуры Швецыі — гэта папулярныя ва ўсім свеце кнігі, якія пачалі выходзіць сёлета ў Беларусі. На мінулым тыдні ў рамках шведскіх мерапрыемстваў адбыліся прэзентацыі дзіцячай літаратуры:

Юя і Томас Вісландэр «Малы і Мядзведзік» (РВУ «Літаратура і Мастацтва», пераклад Надзеі Кандрусевіч) — адна з самых любімых шведамі дзіцячых кніг.

Тувэ Янсан «Маленькія тролі і вялікая паводка» (выдавец Зміцер Колас, пераклад Насты Лабады) — першая кніга з вялікай серыі кніг пра знакамітых мумі-троляў, выдадзеная з ілюстрацыямі аўтаркі.

Апроч таго, шукайце ў кнігарнях шыкоўную кнігу «Папулярная музыка з Вітулы» Мікаэля Ніемі (выдавецтва «Логвінаў», пераклад Вольгі Цвіркі) — сусветна папулярны шведскі раман, аўтар якога быў удзельнікам шведска-беларускіх чытанняў у мінулым годзе.

Яшчэ адна шведска-беларуская кніжная падзея наперадзе.

1 чэрвеня а 16:00 нас чакае прэзентацыя манаграфіі «У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны ХVІІ ст.» Андрэя Катлярчука. Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116), у галерэі «Лабірынт» (трэці паверх).

 

Каментаваць