Чакаем чарговую выставу ў гонар паўстання Каліноўскага

У сакавіку наступнага году ў сталічным Палацы мастацтва адбудзецца выстава творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў ў гонар 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў.



Выстава ў гонар паўстрання Каліноўскага ў Гродна. Фота www.svaboda.org


Пра гэта карэспандэнту «НЧ» паведаміў вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава. Паводле ягоных слоў, выстава будзе прымеркавана да 150-годдзя з дня пакарання смерцю нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, павешанага 22 сакавіка 1864 году ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі.

Купава адзначыў, што з нагоды юбілея паўстання, у межах праграмы Году Каліноўскага «Пагоня» ужо правяла шэсць выставаў, у тым ліку чатыры — у Мінску, пятую — у Гародні і шостую — у Варшаве. «Па гэтай тэме запланаваныя экспазіцыі твораў беларускіх мастакоў у Беластоку і Вільні. А выстава ў сакавіку 2014 году стане завяршаючай творчай акцыяй  Году Каліноўскага», — сказаў мастак.

Ён распавёў пра вынікі пленэру «Па слядах паўстання», які з 31 траўня па 5 чэрвеня правяла суполка «Пагоня» ў славутых мясцінах Слонімскага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, звязаных з гісторыяй паўстання. Мастакі працавалі каля Слоніма, Даманава, Мілавідаў, Каўпакоў, Грушаўкі, Пружанаў і  Ружанаў: пісалі эцюды, праводзілі фотасесіі, удзельнічалі ў мерапраемствах, прысвечаных юбілею паўстання.

Так, у Грушаўцы мастакі наведалі мясціны, звязаныя з жыццём  і дзейнасцю Тадэвуша Рэйтана. Гарачы патрыёт з высокімі пачуццямі гонару і годнасці ён з 1768 па 1772 гады ў складзе Барскай канфедэрацыі змагаўся супраць ганебнага расійскага пратэктарату над радзімай, а затым як дэпутат ад Наваградскага павету на сойме Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на ўсю безнадзейнасць сітуацыі адкрыта выступаў супраць страты незалежнасці Бацькаўшчыны і акупацыі яе расійскімі войскамі…   

Па выніках пленэра з удзелам Міолы Купавы, Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Георга Скрыпнічэнкі, Лявона Грышука і Святланы Радкевіч  запланаваныя выставы ў адным з населеных пунктаў па маршруце пленэру і ў сталічным Палацы мастацтва. Гэтыя творчыя акцыі таксама будуць праводзіцца ў межах праграмы Году Каліноўскага.

Каментаваць