Чаму мы не ведаем беларускіх пісьменнікаў?

У кнігарне «Галіафы» 30 снежня ў 19 гадзінаў пройдзе прэзентацыя кнігі «Дзіцячы маніфест». Мы вырашылі пагутарыць з аўтарам кнігі — Кірылам Стаселька — і высветліць, якое месца ў беларускай літаратуры займаюць маладыя пісьменнікі.



— Што патрабуецца ад маладога пісьменніка, каб яго апублікавалі? Як, у прыватнасці, атрымалася, што выдавецтва прапанавала вам выпусціць кнігу?

— Калі казаць пра публікацыю, напрыклад, аповеду ў часопісе, то нічога складанага для маладога пісьменніка няма. Трэба проста звязацца з рэдакцыяй, у часопісе якой вы хацелі б бачыць свой тэкст, і даслаць ім яго на электронны адрас. Калі тэкст добры, яго апублікуюць. Можа прайсці, вядома, шмат часу — і паўгода, і нават год — але за гэты час вы паспееце атрымаць шмат карысных парадаў ад рэдактара.

Калі казаць пра кнігу, то мне ніхто нічога не прапаноўваў. Тут, як і ў любой справе, не варта чакаць і спадзявацца, што аднойчы хтосьці цябе заўважыць і нешта прапануе. Так можна прачакаць да старасці. Таму, калі ў мяне набралася дастаткова тэкстаў для зборніка, я вырашыў, што варта паспрабаваць прапанаваць іх аднаму з выдавецтваў. І, на маё здзіўленне, кнігу выдалі хутчэй, чым які-небудзь з маіх тэкстаў у часопісе.

— У Беларусі, калі казаць пра моўны аспект, шмат, калі не палова, рускамоўных пісьменнікаў. Чаму вы вырашылі пісаць па-беларуску?

— Не буду казаць пафасна аб нацыянальнай культуры, важнасці роднай мовы і г.д. Перш за ўсё, я сам размаўляю па-беларуску. Акрамя таго, думаю для пісьменніка важна ідэнтыфікаваць сваю прыналежнасць да той ці іншай культурнай прасторы.

Зараз, магчыма, гэта не так відавочна, але ў выпадку, калі ў Беларусі ўсе загавораць на сваёй мове, рускамоўны пісьменнік можа апынуцца ў становішчы бяздомнага. Для беларускай культуры ён не будзе сваім, бо піша на іншай мове, але і для расійскай культуры ён не будзе сваім, бо належыць іншай краіне ды існаваў, як і яго творы, у іншым кантэксце. Але магчыма, я і памыляюся, ды развіццё глабалізацыі здолее нівеліяваць такія моманты. Дарэчы, менавіта з-за глабалізацыі ў апошні час штогод знікае мноства моў, перш за ўсё слабых. Таму, калі беларуская не стане моцнай мовай хаця б большасці, рускамоўным пісьменнікам можна не баяцца долі культурна бяздомных. Але я веру, што беларуская ўсё ж адужэе.

— А як жа Святлана Алексіевіч?

— Ну, Алексіевіч адначасова і выключэнне, і пацвярджэнне правіла. Калі цяпер аўтарытэтныя расійскія СМІ пішуць «беларуская пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію», то з часам можа скласціся такая сітуацыя, як з Міцкевічам і іншымі, хто нарадзіўся ў адной краіне, жыў у іншай, а пісаў на мове трэцяй. Такія людзі — прывабны кавалачак. Але тут сітуацыя бяздомнасці ўзнікае з-за таго, што занадта многія хочуць іх забраць.

— Як вы лічыце, пісьменнік у Беларусі можа жыць выключна за кошт ганарараў ад сваіх твораў?

— Думаю, гэта ў прынцыпе магчыма толькі ў рэдкіх краінах і выпадках. Кнігі нашых пісьменнікаў выходзяць накладамі ў пяцьсот асобнікаў. Добра, калі тысяча. І толькі ў выключных выпадках наклад кнігі вылічаецца тысячамі. Нават, калі б кнігі з накладам пяцьсот або тысяча асобнікаў цалкам раскупляліся, палічыце, колькі каштуе кніга, колькі накручваюць прадаўцы і пасярэднікі, колькі атрымлівае выдавецтва, і вы ўбачыце, што пісьменніку, як і іншым удзельнікам працэсу, дастаюцца капейкі. Нават у Расіі, дзе насельніцтва значна большае, і чые кнігі таксама прадаюцца на постсавецкай прасторы, наклады вельмі маленькія, асабліва ў параўнанні з савецкімі.

— Шырокая аўдыторыя, кажучы пра нацыянальную літаратуру, як правіла, называе такіх пісьменнікаў, як Купала, Колас, Крапіва, Быкаў. Цяпер вось яшчэ і Някляева ведае больш людзей. Як Вы думаеце, чаму ў гэтым стандартным спісе практычна няма сучасных, у прыватнасці, маладых пісьменнікаў? Ці магчыма сёння ў нашай краіне стаць вядомым пісьменнікам?

— Калі казаць пра іншыя краіны, то лёгка можна назваць знакамітасцяў у розных сферах: пісьменнікаў, музыкаў, навукоўцаў, акцёраў, палітыкаў, бізнесменаў і інш. Але, нават жывучы ў Беларусі, на розум прыходзяць адзінкавыя выпадкі тых ці іншых айчынных знакамітасцяў і часцяком не самых годных асобаў, хоць і ёсць прафесіяналы, вядомыя ў вузкіх колах. Паспрабуйце, для эксперыменту, папрасіць мінака на вуліцы назваць хаця б пяць сучасных беларускіх бізнесменаў, акцёраў ці палітыкаў. Але справа не ў тым, што ў нас няма прэтэндэнтаў у знакамітасці. Вы, напэўна, заўважалі, што многія спецыялісты становяцца прызнанымі ў Беларусі пасля таго, як іх прызнаюць за мяжою. Думаю, справа ў тым, што ў нашай краіне ўсё яшчэ не здолелі сфарміравацца інстанцыі, здольныя “легітымізаваць” адмыслоўцаў, “эліту” ў сваёй справе.

Для пісьменніка такімі інстанцыямі могуць выступаць СМІ, літаратурныя прэміі, выдавецтвы, крытыкі і т.п. Калі казаць адкрыта, то ў Беларусі пакуль яшчэ няма па-сапраўднаму аўтарытэтных для многіх СМІ, літаратурных прэмій ды інш. У заходніх краінах, напрыклад Францыі ці ЗША, існуюць сотні літаратурных прэмій, праграмы на тэлебачанні і радыё. У параўнанні з імі, у Беларусі літаратурная інфраструктура проста адсутнічае. Таму прыходзіцца чакаць пакуль Нобелеўскі камітэт або іншая замежная інстытуцыя скажа нам: “Вось гэты беларускі пісьменнік рэальна круты”.

— А якая літаратура сёння папулярная сярод беларусаў?

— Магчыма агрубляю, але літаратурны твор — гэта прадукт, які прадаецца ў рынкавых умовах таксама, як напрыклад, кампутарныя гульні ці пыласос. І адпаведна, літаратурны рынак таксама патрабуе правядзення даследаванняў, каб, як мінімум даведацца, што часцей купляецца, кім і чаму. Але пакуль у нас паўнавартасна не праводзяцца падобныя даследаванні. Таму дакладна не адкажу, а фантазіяваць не хочацца.

Каментаваць