Чарговы трыумф «Ляпісаў»

У перапоўненай віленскай Сіменс-арэне прайшоў чарговы канцэрт ужо цяпер легендарнага беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкі». На імпрэзу 30 лістапада прыехалі тысячы беларусаў.



На разагрэве ў «Ляпісаў» выступіў таксама вядомы наш гурт «Драм экстэзі». Віртуозныя бубначы ад першай хвіліны завялі публіку. таму Міхалку і кампаніі давялося выходзіць да ўжо добра распаленай і гатовай да ўсяго аўдыторыі.

Міхалок пасля нараджэння сына выглядае шыкоўна-хударлявы і мускулісты адначасова, пазітыўны і агрэсіўны. І крыху мацюкалісты, што, дарэчы, як падаецца асабіста мне, у сённяшніх варунках не зусім пасуе гэтаму выканаўцу, які ўжо пераўтварыўся з «грушаўскага» хулігана ў філосафа.

Хоць канцэрт рэкламаваўся як прэзентацыя беларускамоўнага альбома «Грай», «Ляпісы» выканалі і шэраг рускамоўных кампазіцыяў, якія таксама адпавядаюць духу часу. Але сцэны арэны ледзьве не абрынуліся, калі гучалі кампазіцыі «Беларусь фрыдам» і ўласна «Грай» — гэта пра «быкоў» у шаломах, якія «топчуць рушнікі ў гліне».

Цудоўны відэашэраг, якасны гук, бел-чырвона-белыя сцягі, за якія ніхто не хапае і не шпурляе ў аўтазакі. Шалёная энергетыка Міхалка з Булатнікавым і выбітныя светлавыя эфекты. Усё, як кажуць, што трэба.

Вось толькі вельмі шкада, што ўсё гэта адбываласа не на «Мінск-арэне». Самі разумееце, чаму.

Каментаваць