Час Льва Бакста

Сентэнцыю аб тым, што крызісныя часіны ў грамадстве спрыяюць творчым усплёскам і паскарэнню культурніцкіх ініцыятыў, ілюструе дзейнасць Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.



Леў Бакст. «Рыбак з курыльнай трубкай»


Не паспелі наведвальнікі «апрытомнець» ад эстэтычнага шоку, які перажылі пасля выставы друкаванай графікі Гоя ды Пікасо — майстроў, якіх згадваюць разам з Рэмбрандтам і Дзюрэрам, а творчасць раскрывае глыбіні духу іспанскага народа, як — новая імпрэза: «Час і творчасць Льва Бакста (1866–1924)»!

Выстава мастака-жывапісца, ілюстратара ды рэвалюцыянера ў галіне тэатральнай сцэнаграфіі, чый 150-гадовы юбілей адзначаецца сёлета рашэннем 38-й сесіі ЮНЕСКА. Падзея адметная яшчэ і таму, што, апрача надзвычайных мастацкіх здольнасцяў, Л. Бакст паходзіў з былых земляў Вялікага Княства — нарадзіўся ў беларускай Горадні.

Выстава з’яўляецца часткай міжнароднага праекта, які будзе працягнуты ў Віленскай карціннай галерэі, у мастацкім музеі «Рыжская біржа» і Новым Замку ў Горадні-Гродна, а яе суарганізатар — ста́лы дабрадзей культуры ААТ «Белгазпрамбанк».

Водар часу

Мастацкія гурманы, паланёныя духам паэтычнай атмасферы Арсена Таркоўскага, спазнаўшыя чаруюча-зіхоткія паўтоны і водсветы фарбаў мастацтва «срэбранага веку», патрапяць у нірвану.

У экспазіцыі — і каля 250 працаў сучаснікаў ды паплечнікаў Л. Бакста, як кажуць сёння — «топавыя» мастакі групоўкі «Свет мастацтва», заснавальнікам (1898) і ўдзельнікам якой быў Бакст, паводле выказвання Зінаіды Гіпіус — «художник умной души». Аляксандр Бенуа і Міхаіл Урубель, Аляксандр Галавін і Міхаіл Дабужынскі, Станіслаў Жукоўскі і Ісак Левітан… Усіх і не пералічыць.

Упершыню ў Беларусі можна пабачыць празрыста-музычныя акварэлі Максіміліяна Валошына, не экспанаваныя раней творы Канстанціна Багаеўскага і Кузьмы Пятрова-Водкіна, а таксама касмаганічна-таямнічыя творы мастака і кампазітара Мікалоюса-Кастукаса Чурлёніса.

Пачуцці беларусаў будуць усцешаныя работамі мала вядомага ўраджэнца Віцебска Рыгора Баброўскага (1873–1942). «Новым імем» стане і бліскучы мастак-партрэтыст Савелій Абрамавіч Сорын (1878–1953) з Полацка.

Немагчыма ўявіць, што наведвальнік выставы застанецца абыякавым да экспануемых (зноў жа — упершыню!) акварэляў — дакументальна-мастацкіх краявідаў Горадні часоў нараджэння юбіляра. Выкананыя яны ліцвінскім мастаком і кампазітарам, удзельнікам паўстання 1831 года Напалеонам Ордаю пасля яго вяртання з Парыжа.

Шлях

Колькі згадак пра радавод і станаўленне «рускага ці габрэйскага мастака з Беларусі», які вучыўся ў пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў ды ў студыях Ж.-Л. Жэрома, акадэміі Р. Жульена і ў А. Эдэльфельда ў Парыжы.

Нарадзіўся Лейба-Хаім Розенберг у 1866 годзе ў сям’і патомнага ганаровага грамадзяніна Горадні Ізраіля Самуіла Баруха Рабіновіча і Басі Розенберг. Бакст — псеўданім, утвораны ад дзявоцкага прозвішча бабулі — Бакстэр. (Паводле меркавання ізраільскіх анамастаў, псеўданім паходзіць ад назвы мястэчка Бакшты, дзе было іх «родавае гняздо»). Неўзабаве сям’я перабралася ў Санкт-Пецярбург, дзе па заканчэнні класічнай гімназіі з парады скульптара Марка Анатакольскага (1843–1902) будучы мастак стаў вольным слухачом Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

Дзіву даешся творчаму спрыту і прагнасці да жыцця бяскрыўднага і ўсмешлівага «Лёвіка». За зманлівай знешнасцю нязграбнага «батаніка» хавалася натура моцная і ўпартая, прагная да ведаў і новых досведаў. Ён наведвае «Пецярбургскую майстэрню гульняў і навучальных дапаможнікаў» пісьменніка А. Канаева, ілюструе кніжкі для дзяцей, піша партрэты, выконвае замовы царскай сям’і, займаецца маляваннем з «венцаноснымі» нашчадкамі. Дае ўрокі акварэлі барону Бенкендорфу. Супрацоўнічае з дзясяткам часопісаў. Выкладае (разам з Мсціславам Дабужынскім) у школе Званцавай, з якой «стартаваў» зямляк Марк Шагал…

Бакст не забываўся і на станковы жывапіс, ладзіў выставы, за што ў 1906 годзе атрымаў Ордэн Ганаровага Легіёна. Спрабаваў сілы ў тэатры: рабіў сцэнаграфію для прыватнай антрэпрызы Іды Рубінштэйн, а потым для тэатра Веры Камісаржэўскай.

Леў Бакст. "Вячэра"

Экспазіцыя юбіляра

Яна пачынаецца з найвыразнейшага мастацкага акцэнту — акварэлі «Рыбак з курыльнай трубкай» (1890) (твор набыты Белгазпрамбанкам у калекцыю на брытанскім аўкцыёне). Усе без выключэння працы майстра вельмі цікавыя і адметныя, але найперш уражвае «дыямент» другой залы — «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя». Гэта адзін з нешматлікіх маляўнічых твораў у экспазіцыі (большасць жывапісных прац майстра захоўваецца ў ЗША і Санкт-Пецярбургу). Карціна была створана, калі мастак адпачываў ад парыжскага «балетнага» трыумфу. Бліскучая, нязмушана-лёгкая кампазіцыя (з намёкам на дзіцячае «няўмельства»), зробленая ў рэалістычнай манеры, запамінаецца выключным спалучэннем колераў, якія трапна перадаюць адчуванне спякотна-бесклапотнага дня на італійскім узбярэжжы.

Леў Бакст. «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя» (1909)

 

З амаль сарака твораў юбіляра (выкананых у розных жанрах і тэхніках, ад жывапісу і графікі да тэатральных эскізаў) сем — уласнасць калекцыі Белгазпрамбанка. Некалькі літаграфій належаць Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі.

Жыццё ў тэатры

Сапраўдным апафеозам мастака стала яго супраца з балетнымі антрэпрызамі Сяргея Дзягілева. Арганічна глядзяцца ў экспазіцыі (рарытэты!) тэатральныя афішы Жана Както — паэта, драматурга, мастака і кінарэжысёра, аўтара першага «сюррэалістычнага спектакля» (сябра Сяргея Дзягілева). Менавіта «Рускія сезоны» трывала замацавалі моду і попыт на «экспартнага» майстра, які запачаткаваў традыцыю публічнага паказу тэатральных прац на выставах. Прыгожыя эскізы касцюмаў, накіды і распрацоўкі тэатральных дэкарацый таксама прадстаўленыя ў экспазіцыі.

Эскізы і сцэнаграфія Л. Бакста выстаўляліся ў Луўры, а жывапісныя палотны каштавалі даражэй за Маціса ды Пікасо. Парыжскія да́мы замаўлялі яму ўзоры вытанчаных строяў. Паводле распрацаваных ім эскізаў выраблялася тканіна ў Еўропе і Амерыцы. (У экспазіцыі дэманструюцца сцэнічныя хітоны і тунікі, выкананыя паводле эскізаў мастака, якія падкрэсліваюць характары дзеючых асобаў.) Касцюмы стылёва пераймалі «новае мастацтва» ў яго «фларэальнай» ці дэкаратыўна-арнаментальнай адметнасці, эталонна спалучалі эротыку і густ і былі народжаныя ў заможных Францыі ды Бельгіі. Мастацкія пошукі і знаходкі Л. Бакст прыстасоўваў да практычных патрэбаў (распрацоўваў дызайн не толькі верхняй вопраткі, але і аксесуараў (капялюшыкаў, абутку), думаў наконт уласнай лініі парфумы. Мастацтвазнаўца Алена Тэркель, абапіраючыся на ўспаміны мастака-себарыта, адзначае, што новае і прыгожае адзенне надавала яму выключны настрой.

Пад заслону

Разнастайная, паслядоўная і цэласная па форме экспазіцыя тэхнічна, эстэтычна і матэрыяльна самадастатковая. Але не стала лішнім і суправаджэнне яе грунтоўным каталогам, аўдыёэкскурсіяй, якую распрацавала кампанія «ScienceSoft». Эксклюзіўныя таксама і інфармацыйныя дадаткі для мабільных прыстасаванняў (на платформах iOS, Android, Windows Mobile). Калі ж да ўсяго гэтага дадаць працяглую рэкламную кампанію ў СМІ і віртуальнай прасторы ды адмыслова наладжаную працу кінаклуба з дэманстрацыяй мастацкіх стужак пра эпоху мадэрну ды інтэлектуальную кульмінацыю мерапрыемства — прэзентацыю кнігі «Лев Бакст: Жизнь пером Жар-птицы», якую напісаў апякун выставы (аўтар ідэі і канцэпцыі) Уладзімір Шчасны, дык «аб лепшым можна толькі марыць…»

Развітваючыся з гасціннымі і нават люднымі заламі музея, усведамляеш: выстава атрымалася! Зніклі невялічкія калейкі ў музей (!) па серадах, аціхла актыўная рэкламная кампанія, юбілей мінуў… Усё прайшло «адпаведна задуманай і дакладна выверанай канцэпцыі». Пакідаючы залы музея, разам з удзячнасцю арганізатарам у душы застаюцца роспач і здзіў­ленне. Бо мастацтва большае за гульню вобразаў і фарбаў, яно самадастатковае. Пакутнае і ўсцешнае, загадкавае і дасціпнае, яно большае за тэатр, і нават большае за жыццё самога мастака…

Некалькі «несвоечасовых» думак

У скрутныя часы ўсеагульнага крызісу актуалізуюцца праблемы беларускай культуры, яе далейшага гартавання: мовы, нацыянальнай ідэі, выяўленчага мастацтва ды маральных (хрысціянскіх) каштоўнасцяў — падмурка, на якім грунтуецца ферментная рошчына менталітэту грамадства, «светагляду народа», ад стану якога не менш, чым ад эканомікі і «дабрабыту» залежыць будучыня краіны. Нездарма 2016 год абвешчаны «Годам культуры».

Высілкі музеяў па «збіральна-асветнай» працы паспяховыя не напоўніцу. Значная частка мастацкай спадчыны (тая, што вызначае нашу этнічную ідэнтычнасць) не толькі мала знаёмая шырокаму гледачу, але і большасці спецыялістаў. Дзяржава (Мінкульт) пры ўсім сваім жаданні не ў стане адкрыць «неспазнаны кантынент» гісторыі, культуры і мастацкай спадчыны, які мае агульнае найменне — «Віленская школа».

Не надта запатрабаваная для сучаснай Літвы і не прыдатная для Рэчы Паспалітай пасля ўсталявання ўласнай дзяржаўнасці тэма беларускай прысутнасці ў межах «Віленскай школы» не толькі «паліткарэктная», але і актуальная, бо гістарычна адлюстроўвае мастацкую прысутнасць беларусаў у агульнаеўрапейскай прасторы.

Фактычна «рэпрэсаваная яшчэ ў 40-я гады», школа прадстаўленая шэрагам творцаў «заходнебеларускай» плыні: Міхась Сеўрук (1905–1979), Пётра Паўлючук (1900–1990), Аляксандр Лазіцкі (1903–1990), Пятро Жынгель (1898–1983), Язэп Горыд (1896–1939), Леў Дабржынскі (1907–1937), Кузьма Чурыла (1908–1951), Валянцін Рамановіч (1907–1944), Зміцер Крачкоўскі (1910–1983) і іншыя. Творчасць іх, невядомых на Радзіме, ацэнена ў сумежных краінах: Літве, Чэхіі, Польшчы, Расіі.

На жаль, не лепшая сітуацыя і са спадчынай «ліцвінскіх мастакоў» ХІХ стагоддзя, якіх вярнуў у духоўна-мастацкі і інтэлектуальны ўжытак яшчэ св. памяці Леанід Дробаў (1926–2002)…

Беларусь чакаюць новыя адкрыцці, і сярод іх — мастацкі праект «Шляхецкія Сядзібы». Першыя крокі ўжо зробленыя. Белгазпрамбанкам набытыя некаторыя творы да будучых выстаў: «Партрэт Тамаша Зана» Валенція Ваньковіча, «Краявід. Вілія» і «Пуня і азярод» Фердынанда Рушчыца, «Адліга. Белавежская пушча, 1935 г.» Станіслава Жукоўскага.

…Некалі Леў Талстой, пабачыўшы выяву славутага Рэрыхаўскага дыплома «Ганец», параіў мастаку, «каб даплыць, заўжды браць вышэй» і ў ма́рах, і ў мэтах, і ў мастацкіх патрабаваннях, і ў маральных апірышчах. Падобным «маральным апірышчам» нам уяўляецца прызабытае, «рэпрэсаванае» заходнебеларускае мастацтва — гуманістычная спадчына «Віленскай школы».

Каментаваць